ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Жыць як у казцы: з надыходзячым 2019 годам!
Перавагі для партнёраў ВЧЗ пры публікацыі артыкулаў у часопісах адкрытага доступу

Каляды – час, калі беларус становіцца пасрэднікам паміж Богам і людзьмі

Каляды – час, калі беларус становіцца пасрэднікам паміж Богам і людзьмі
Іншыя навіны

Каму можна было грашыць на Каляды і як замольвалі грахі на Вадохрышча? Чаму беларускае калядаванне не горш за еўрапейскі карнавал? Колькі страў падавалі на святочны стол? Якія калядныя вобразы прымяралі на сябе нашы продкі? Таямніцы любімага на Беларусі свята – у інтэрв'ю з вядомым фалькларыстам і лідарам этна-трыа “Троіца” Іванам Кірчуком.

Іван Іванавіч больш за 30 гадоў даследуе культурныя традыцыі і абрады беларусаў. Спецыяльна для інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі мы папрасілі яго расказаць пра калядныя традыцыі нашых продкаў.

У дні паста граліся толькі воўчыя вяселлі

Мы прывыклі асацыяваць Каляду з пакупкамі, падарункамі, вобразам Казы і Мядзведзя. А ў нашых продкаў існавала пэўная сістэма падрыхтоўкі да святаў. Калі казаць пра калядны перыяд, то папярэднічаў яму Піліпаўскі пост, які доўжыўся сем тыдняў. Людзі ў гэты час не гулялі вяселлі, таму што было забаронена. Лічылася, што ў такія дні гуляюць толькі воўчыя вяселлі.

kirchuk_1.jpg

У гэтым ёсць доля праўды – чалавек завяршаў сельскагаспадарчую працу да канца года, збіраў ураджай, раскладваў па паліцах і, вядома ж, меў права адпачыць. Адпачынак быў духоўны. Жанчыны збіраліся на вячоркі. Тэлевізара раней не было, камп’ютара таксама, таму людзі бавілі час за працай. Мужчыны займаліся сваёй справай, жанчыны ўсе разам ткалі посцілкі, ручнікі, дапамагалі дзяўчатам рабіць вясельныя паясы.

kirchuk_2.jpg

Ці можна было ў пост спяваць

Зараз цяжка ўявіць, як было раней, але ёсць такое паняцце як “паставыя песні”. Гэта значыць, у гэты час беларусам забараняліся забавы, вяселлі, але дазваляліся паставыя, святыя і духоўныя песні. Яны незвычайнага зместу: напрыклад, як душу вялі міма раю тры анёлы або “Плакаўся Адам, Перад Багам стаячыя, Што мы на той свет пойдзем, Нічога з сабой ня возьмем”. Ёсць балады з іншым зместам або, напрыклад, павучальныя гісторыі пра ненароджаных дзетак. Слухаючы такія песні, думаю, маленькія дзяўчынкі разумелі, што калі творца, ці Бог, дае табе дзіця, то яго трэба захаваць. Дзецям на Беларусі радаваліся, таму што род павялічваўся, як грыбніца, разрастаўся.

kirchuk_3.jpg

Да святаў прыходзілі не загружаныя ежай і таксінамі

Перыяд паста быў звязаны не толькі з працай – жанчыны ткалі посцілкі-ручнікі, а мужчыны плялі лапці, напрыклад. Людзі супакойваліся, спынялі гэты бег, які быў падчас сельскагаспадарчых работ. Да таго ж вечары станавіліся цёмнымі, і ўжо нікуды не пойдзеш, таму збіраліся ў нейкай хаце ці кожны ў сябе, гарэла лучына. Вядома, гучалі быліны, балады, духоўныя вершы. Любая тэматыка, звязаная з нейкім духоўным жыццём.

Тое, што сучасныя маладыя людзі шукаюць – медытацыя, розныя трэнінгі ў іншых краінах, існавала і ў Беларусі, проста змянілася наша жыццё. Калі пост быў не толькі ў ежы, але і ў думках, у спыненні працы, тады ён меў вялікае значэнне. Таму людзі рыхтаваліся да яго, вытрымлівалі пост.

kirchuk_4.jpg

Мы зараз жывём у такім рытме, што цяжка ўявіць нейкую адмову ад ежы ці іншыя абмежаванні. Таму я б зыходзіў з наступнага: перад тым як перайсці да свята, амаль заўсёды беларусы павінны былі прайсці нейкія ачышчальныя працэдуры, звязаныя з пастамі або ўстрыманнем. Тады чалавек прыходзіць гатовым да свята, па-іншаму яго ўспрымае. Не загружаны інфармацыяй, не загружаны ежай або таксінамі-ядамі, а як бы іншы, чысты целам і душой.

Колькі страў падавалі на святочны стол

Я заўсёды ўспамінаю сваю бабулю, яна пражыла ў Лідзе да 96 гадоў. Яна кожны год, колькі магла, чакала першую зорачку. Мы таксама разглядалі на небе, ці ёсць гэтая зорачка. Бабуля не накладвала на сябе, як каталічка, цяжкі пост, але цэлы дзень не ела. Мы таксама, падрастаючы, рабілі, як бабуля, стараліся да вячэрняга стала нічога не есці. У нас, як у каталікоў, і наогул у многіх рэгіёнах Беларусі першае за сталом – гэта посная куцця.

Па-старому з 24 на 25 снежня была посная куцця, таму рыхтавалі 12 страў. У розных рэгіёнах магло быць па-рознаму, але лічыцца, што 12 апосталаў, таму столькі страў – такое тлумачэнне было ў бабулі.

Цікава, што вясковая традыцыя не дазваляла гэтыя стравы купляць. Ты павінен быў іх сам прыгатаваць, са сваіх прадуктаў.

Калядоўшчыкі выступалі пасрэднікамі паміж Богам і людзьмі

Лічыцца, што продкі аказваліся вельмі блізка да нас у вобразе калядоўшчыкаў. Быццам такі чалавек, пераапрануты, – ён паміж вамі і Богам, паміж сусветамі, а за гэтым ужо – Бог. І далей, як ты бачыш: гэта мог быць сонца-бог, таму што Каляды – гэта нараджэнне маладога сонца, якое набірае сваю сілу да Купалля. Шанаванне сонца як знака цяпла, як бажаства неабавязкова хрысціянская традыцыя, бо Ярыла быў язычніцкім богам. Хрысціянству дзве тысячы гадоў, але мы не ведаем, дзе пачынаецца і заканчваецца язычніцтва.

kirchuk_5.jpg

Таму мне здаецца, што беларускі фальклор – гэта сінтэз старажытных адгалоскаў язычніцкай культуры і хрысціянства, якія спляліся разам. Толькі цяпер дадалося шмат новага: усё ідзе наперад, мы гарадскія жыхары, хоць у нейкіх вёсках некаторыя традыцыі да гэтага часу існуюць і іх падтрымліваюць на месцах.

А вось само Каляднае пераапрананне бывае розным. На Палессі маглі Тура вадзіць, Быка, Карову і Смерць. Бываюць смешныя моманты, калі калядоўшчыкі ледзь не жывога сабачку водзяць побач, як робяць у Рэчыцкім раёне. Каза, Мядзведзь і сапраўдны сабачка, але, можа, гэта адзінкавы запіс у маёй практыцы. Розныя гульні, звязаныя з Яшчарам, – гэта таксама адгалоскі паганства.

Колькі ўсяго куццей у беларусаў, або Як праходзіў беларускі калядны карнавал

На першую, посную куццю ставілі 12 страў, бабуля таксама засцілала салому ці сена пад абрус, на ўсіх дзялілася аблатка, куцця. Гэта было даволі-такі велічнае сямейнае свята. Мы стараліся, дзе б ні знаходзіліся, вярнуцца ў гэты час дадому. Такая была традыцыя ў сям'і. І яна захавалася ў шматлікіх рэгіёнах Беларусі. Усе спяшаюцца за стол з бацькамі, бабулямі і дзядулямі.

А далей усё было ўжо звязана з Новым годам, гэта шчодрая куцця. Пачыналі хадзіць калядныя гурты, насіць Віфлеемскую зорачку як сімвал таго месца, дзе нарадзіўся Хрыстос. І тут, вядома, у нас карнавал не горш за еўрапейскі, таму што колькасць пераапранутых была вялікая. Пачынаючы з таго, што хадзілі ў вобразе Дзеда з Бабай у нейкіх вывернутых кажухах. Гэта больш нагадвала, быццам продкі прыйшлі да цябе глядзець, што ты сёння на стале маеш, наколькі багаты. Цэлы год ты мог трошкі галадаць, але ўжо на Каляды ты павінен быў накрыць стол так шчодра, каб ён трашчаў ад ежы.

Таму і шчодра адорвалі калядоўшчыкаў. Тут сярод персанажаў і Мядзведзь, і Каза, і Конь, Цыганы, Доктар. На Палессі Воўк палохае дзяцей, Смерць, Чорт. Увогуле, карнавал яшчэ той. Дэталі залежалі ад рэгіёна, мясцовых новаўвядзенняў.

kirchuk_6.jpg

Народ глядзіць тэлевізар, бачыць, што можна маску Казы зрабіць. Дарэчы, у старыя часы маскі ніхто не рабіў, таму што гэта быў грэх. І пераапранацца грэх, і варажыць таксама. Таму людзі, якія займаліся гэтым, павінны былі на Вадохрышча акунуцца ў палонку, каб змыць свае грахі. Вадохрышча адносіцца да трэцяй куцці, воднай.

Посная, потым шчодрая на Новы год і водная – і вось закрываюцца Каляды.

Ці можна было варажыць на Каляды?

На працягу Каляд трохі дазвалялася варажыць, таму што ёсць даволі бяскрыўдныя рэчы. Дзесьці дзяўчаты выбягалі на вуліцу, набіралі ў падол трэсачак, лічылі – цотная ці няцотная колькасць. Цотная – выйдзеш замуж сёлета, няцотная – не выйдзеш.

Выбягалі на дарогу, слухалі, як сабака брэша: “Калі хрыплы брэх сабакі, то муж будзе стары. Звонкі – муж будзе малады”.

Ці ёсць варыянты, дзе адну нагу дзяўчына не разувала і так клалася спаць. Каб прыйшоў мілы ў сне, хто ёй зніме боцік, за таго і замуж пойдзе. І гэтак далей. Гэтая варажба была даволі бяскрыўдная.

kirchuk_7.jpg

Каляды – гэта нараджэнне маладога сонца

Некаторыя традыцыі існавалі, мабыць, не сотні гадоў, а значна даўжэй, таму што калядныя вечары лічацца святымі. У гэты час ідзе барацьба дабра і зла, цемры і святла, бо ўжо пачынае прыбываць дзень. А на Купалле наадварот – змяншацца. Таму калядоўшчыкі распальвалі вогнішчы, узнімалі нейкія колы, бочкі высока ў неба, для таго каб сонейка прыбывала. І літаральна гэтак жа на Купалле кацілі запаленае кола з гары, бо дзень ужо пачаў змяншацца.

Падрабязней даведацца пра калядныя традыцыі беларусаў, святкаванне Нараджэння Хрыстова і Новага года можна з кніг, альбомаў, аўдыя- і відэаматэрыялаў, сабраных у фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Прапануем вашай увазе некаторыя з выданняў:

  • Большая книга Рождества, составленная Наталией Будур и Иваном Панкеевым : сборник / худож.: Т. Хрычева, А. Акишин. – М. : ОЛМА-пресс, 2000. – 858 с.
  • Гурский, А. И. Святкаванне каляд на Беларусі / А. И. Гурский. – Минск : Універсітэцкае, 1998. – 95 с.
  • Зімовыя святы : дапам. для настаўнікаў і выхавальнікаў / аўт.-уклад.: А. Аляхновіч, А. Лозка. – Мінск : Беларусь, 1999. – 159 с. – (Бібліятэчка народных святаў і прысвяткаў).
  • Коровина, Е. А. Легенды, символы и традиции Рождества и Нового года : [правда и вымысел, приключения, любовь и магия … : иллюстрировано старинными открытками] / Е. А. Коровина. – М. : Центрполиграф, 2014. – 414 с.
  • Лозка, А. Ю. Феномен Новага года ў беларускім фальклоры / А. Ю. Лозка ; Беларус. дзярж. пед. ун-т. – Минск : БДПУ, 2004. – 163 с.
  • Празднуем старый Новый год / авт.-сост. Л. С. Конева. – М. : АСТ ; Минск : Харвест, 2006. – 95 с.
  • Сальникова, А. А. История елочной игрушки, или Как наряжали советскую елку / А. А. Сальникова. – М. : Новое литератур. обозрение, 2012. – 236 с. – (Культура повседневности).
  • Терешкович, Т. А. Зимние праздники : Традиции. Обряды. Украшения. Кухня / Т. А. Терешкович. – Минск : ООО «Хэлтон», 2000. – 254 с.
Інтэрв'ю з Іванам Кірчуком прайшло ў створанай ім пры Інстытуце беларускай культуры этналабараторыі.

Гутарыла Яна Паляшчук, рэдактар ​​аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Прэзентацыя электроннага выдання "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…"

14 Лют 2020

19 лютага ладзіцца прэзентацыя электроннага выдання “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…”, прысвечанага 180-годдзю з дня нараджэння Францішка Багушэвіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Духоўная асвета праз дзейнасць бібліятэк: да 500-годдзя з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра

14 Лют 2020

12 лютага ў ГУ “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска” адбыўся круглы стол “Духоўная асвета праз дзейнасць бібліятэк: да 500-годдзя з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Рэсурсы ВЧЗ у лічбавай трансфармацыі адукацыі

14 Лют 2020

13 лютага рэсурсы віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі былі прадстаўлены на VII Адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам “Дарожная карта лічбавай трансфармацыі адукацыі”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111