ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Дарожная азбука
14 урокаў у фармаце спікдэйтынгу: у бібліятэцы адзначылі Еўрапейскі дзень моў

10 самых нечаканых артыкулаў першага Статута ВКЛ

10 самых нечаканых артыкулаў першага Статута ВКЛ
Іншыя навіны

Статуты Вялікага Княства Літоўскага сталі ўзорам для заканадаўстваў многіх краін Еўропы. Гэта значны помнік нашай культуры, які сведчыць пра багатую гісторыю земляў сучаснай Беларусі. З нагоды 490-годдзя прыняцця першага Статута ВКЛ (1529) прапануем вытрымкі з 10 самых нечаканых для нашага часу артыкулаў першага зводу законаў.

1.        Як павінен быць пакараны той, хто падрабляў б вялікакняскія лісты або пячаткі (арт. 1.5)

“Калі б хто-небудзь падрабляў нашы лісты або пячаткі або заведама карыстаўся падробленымі, такі махляр павінен быць спалены на вогнішчы”.

Падробка дзяржаўных дакументаў – сур'ёзнае парушэнне закона і ў нашы дні. Што здзіўляе, дык гэта форма суровай меры пакарання, якую прапаноўваў ўрад Вялікага Княства Літоўскага ў XVI стагоддзі, – спаленне на вогнішчы. Напэўна, жадаючых ісці на падобнае парушэнне пасля ўступлення Статута ў сілу было менш.

2.        Калі б хто каго абразіў, назваўшы яго незаконнанароджаным (арт. 3.12)

“Калі б хто каму сказаў: «Ты пазашлюбны сын», – але гэтага б не даказаў, то загадваем, што той павінен гэты паклёп адвесці перад судом такімі словамі: «Што я казаў пра цябе, быццам ты пазашлюбны сын, я пра цябе казаў, як сабака»”.

Вядома, для феадальнай дзяржавы пытанне сям'і і саслоўя стаяла востра, бо статус непасрэдна ўплываў на магчымасць валодаць землямі і ўдзельнічаць у палітычным жыцці дзяржавы. Верагодна, таму ў адным з раздзелаў ёсць такі артыкул. А ў якасці пакарання за паклёп належала публічна прызнацца і параўнаць сабе з сабакам.

VoennoeDeloTitleNew.png

3.        Вялікі князь дазваляе ўсiм свабодна выязджаць з Вялікага княства для навучання рыцарскай справе ва ўсякія землі, акрамя зямель непрыяцельскіх (арт. 3.8)

Мяркуючы па гэтым артыкуле, ужо ў той час дапушчалася нешта накшталт прафесійных “стажыровак”. Дастаткова было на час ад'езду пакінуць некага сабе на замену ў маёнтку: “Аднак у адсутнасць тых, хто выехаў, як і з імі, наша служба з іх маёнткаў не павiнна прыпыняцца”. Галоўнае, не навучацца рыцарскай справе ў землях непрыяцельскіх. Праўда, якія гэта землі – у законе не пазначана.

4.        Аб дзяўчынах, якія будуць выдадзены замуж у чужыя землі (арт. 4.9)

Прадуманасці Статута можна дзівіцца доўга. У раздзеле, прысвечаным атрыманню спадчыны жанчынамі і выдавання дзяўчат замуж, быў артыкул пра тое, што адбываецца з маёмасцю дачок, якіх выдавалі замуж у чужыя зямлі. Княства моцна трымалася за свае тэрыторыі, і ў такіх аспектах таксама. Закон пастанаўляў: спадчынная маёмасць нявесты пераходзіла братам ці сёстрам, якія павінны былі ў адказ выплаціць адпаведную кошту суму. Атрыманыя грошы ішлі на пасаг дзяўчыне. “А калі б у яе не было братоў ці сясцёр, а толькі стрыечныя браты па бацьку ці якія-небудзь іншыя сваякі, тады гэтыя сваякі або стрыечныя браты таксама павінны ёй заплаціць за маёнткі, колькі гэтыя яе маёнткі будуць каштаваць, і ў тую зямлю, куды яна пайшла, даць гэтую суму ў пасаг, як іншым дзяўчатам даюць пасаг ў Вялікім Княстве Літоўскім”.

5.        Княгінь, пань удоў і дзяўчын не павінны ні за каго сілай выдаваць, а толькі з іх згоды (арт. 4.15)

“Таксама абяцаем і пастанаўляем па нашай вялікакняскай міласці і шчодрасці, што мы самі і нашчадкі нашы за княгінямі, панями ўдовамі, князёўнамі, паненкамі і дзяўчынамі захаваем іх вольнасці і сілай без іх згоды ні за каго іх не павінны выдаваць. Але кожная з іх па радзе сваіх сяброў можа свабодна выйсці за таго, за каго хоча”.

Здавалася б, у Статуце прапісаныя правілы XVI стагоддзя, а правы жанчын былі не толькі улічаны, але і замацаваны ў законе. Гаворка, вядома, ідзе пра прадстаўніц вышэйшых саслоўяў. Дзяржава прызнавала, што шлюбу без згоды самой нявесты не павінна быць.

6.        Як павінен быць пакараны той, хто ўдарыў бацьку і маці (арт. 4.13)

“Таксама пастанаўляем: калі б сын ударыў бацьку ці абразіў, або як-небудзь уціскаў і прыніжаў, то бацька можа такога сына пазбавіць усёй яго спадчыны. <...> Такім жа чынам паступае і маці; калі б сын або дачка абразілі маці, тады яна таксама можа пазбавіць іх спадчыны на частку свайго маёнтка”.

У сучасным крымінальным кодэксе не сустрэнеш падобнага артыкула, але для грамадства XVI стагоддзя сямейная іерархія, безумоўна, была важнай. Таму ў Статуце можна сустрэць закон аб правіннасці ў дачыненні да бацькоў. У пакаранне можна было біць рублём – чалавека, які абразіў свайго бацьку або маці, афіцыйна маглі пазбавіць спадчыны.

UgPravoTitle.png

7.        Калі б хто ў судзе штурхнуў або ўдарыў іншага (арт. 6.17)

“Калі ж хто-небудзь перад судом агаліў бы шаблю ці меч, то, хоць бы нікога і не параніў, яму адсякаюць руку. А калі б параніў каго-небудзь перад судом, той падлягае смяротнаму пакаранню”.

Павага да суда – сур'ёзны пункт. Нашэнне халоднай зброі для таго часу было нормай, але варта было каму-небудзь выйсці з сябе і дастаць шаблю ў судзе, адказнасць за гэта наступала нежартоўная. Як мінімум, паўтарыць такое ўжо фізічна не атрымалася б.

8.        Аб сварцы ў вячэрні час (арт. 7.23)

“Таксама калі б падчас якой-небудзь сваркі ўвечары хто-небудзь патушыў свечку і нехта з тых, хто прысутнічаў пры той сварцы, быў паранены, але не ведаў, хто яго параніў, і прыцягнуў бы да суду таго, хто патушыў свечку, кажучы: «Я быў паранены ў той сварцы, але па тваёй віне не ведаю, кім», – і прадставіў бы на тое доказ, а калі б не меў доказу і адважыўся б прысягнуць, тады той, хто патушыў свечку, абавязаны заплаціць яму за раны”.

Ускоснай прычынай для артыкула ў раздзеле пра пабоі стала... асвятленне. Электрычнасць з'явіцца толькі праз некалькі стагоддзяў, і рэальнасць XVI стагоддзя прадугледжвала незвычайны для нашых дзён закон. Калі ў вячэрні час адбывалася сварка і нехта тушыў свечку, то адказнасць за ўсе раны, што здарыліся ў цемры, нёс чалавек, які патушыў святло. І толькі пасля выплаты ўрону за раны адказны мог сам шукаць вінаватага ў здарэнні.

9.        Кошт звярам (арт. 9.2)

“Калі б хтосьці незаконна паляваў у чужых уладаннях, усталёўваем цану дзікім звярам: за зубра дванаццаць рублёў грошаў, за лася шэсць рублёў грошаў, за аленя ці за лань па тры рублі грошаў, за мядзведзя тры рублі грошаў, за каня або кабылу тры рубля грошаў, за дзіка і свінню рубель грошаў, за сарну паўкопы грошаў, за рысь рубель грошаў”.

Замах на чужое лічыцца злачынствам у любы час. Тычылася гэта і палявання не на сваіх землях. Статут 1529 года абвяшчаў: гаспадару тэрыторый, на якіх незаконна палявалі, выплачвалі вызначаны законам штраф і на карысць дзяржавы таксама кампенсаваліся названыя ў артыкуле сумы – за кожную забітую жывёлу. Што здзіўляе, дык гэта дакладна прапісаныя ў Статуце штрафы за канкрэтныя віды звяроў.

Аднак калі паляўнічага лавілі над забітай жывёлай на чужой тэрыторыі, то гэта каштавала яму жыцця. Дарэчы, артыкул улічваў і той факт, што гнаны звер мог перабегчы на ​​суседскія землі. Тады ўжо можна было пераследваць яго і на чужой тэрыторыі.

PamPravaTitul.jpg

10.    Калі б хто-небудзь падчас голаду прагнаў сваю чэлядзь (арт. 11.11)

“Таксама пастанаўляем: калі б хто-небудзь падчас голаду прагнаў з двара сваю нявольную чэлядзь, не жадаючы яе ўтрымліваць, а чалядзіны падчас голаду пракармілісь бы самі, то яны ўжо не павінны быць нявольнікамі, а становяцца свабоднымі”.

Жыццё ніжэйшага саслоўя феадальнага грамадства таксама рэгулявалася Статутам. Практычна ніякіх праў у чалядзінцаў не было, але адзін артыкул паказваў, як нявольнікі станавіліся вольнымі. Калі падчас голаду хто-небудзь праганяў сваіх чалядзінаў, тым досыць было зафіксаваць гэты факт у мясцовых уладаў. Тады яны “ужо вечна павінны быць свабоднымі”.

Дарэчы, на партале Нацыянальнай бібліятэкі можна пазнаёміцца ​​з праектам “Языком власным права списанные маем…”, прысвечаным Статуту Вялікага Княства Літоўскага ў рэдакцыі 1588 года. Віртуальная кніжная выстаўка налічвае больш за 250 дакументаў – кніг, брашур, перыядычных выданняў, аўтарэфератаў дысертацый на рускай, беларускай і замежных мовах.

Крыніца інфармацыі:

Статут Великого Княжества Литовского 1529 года / Академия наук Белорусской ССР, Отдел правовых наук. – Минск : Издательство Академии наук БССР, 1960. – 253 с.

Аўтар публікацыі і перакладу на беларускую мову: Яна Паляшчук.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

30 Май 2020

1928 год. У часопiсе “Узвышша” з’яўляецца новая паэтычная публiкацыя. Над адным з вершаў стаiць прысвячэнне “Р.М.”, а гучыць верш зусiм не ў духу эпохi: гэта любоўная лiрыка…

Навіны бібліятэк

Беларускі бэстселер 1920-х: аповесць Міхася Зарэцкага “Голы звер”

28 Май 2020

Міхась Зарэцкі, паводле ягоных уласных успамінаў,распачаў свае літаратурныя спробы пасля яркага ўражання ад незвычайнага сну. Надалей, атрымліваючы ўсё болей і болей жыццёвага ды пісьменніцкага досведу, ён адтачыў сваё майстэрства на кароткай прозе. І аповесць “Голы звер” (1926) стала як бы лагічным працягам творчага і асобаснага сталення пісьменніка.

Блог прафесійнага чытача

111