У мерапрыемстве прымалі ўдзел дырэктар НББ Матульскі Р.С., намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Гедройц В.К., намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лапцёнак І.Н., Пасол Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь Петка Ганчаў і іншыя афіцыйныя асобы.
Антон Дончаў нарадзіўся 14 верасня 1930 г. у горадзе Бургасе ў сям’і служачых. Скончыў гімназію ў Вяліка Тырнаве, затым юрыдычны факультэт Сафійскага універсітэта імя Клімента Охрыдскага (1953). Працаваў у Вяліка Тырнаве сакратаром Акалійнага камітэта дэмакратычнай моладзі, у Міністэрстве культуры. Далей - рэдактарам у выдавецтве "Народна младеж" (1961-1963) і ў балгарскай кінематаграфіі.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 50-я гады мінулага стагоддзя ў вялікатырнаўскім літаратурным гуртку. Друкаваў апавяданні, нарысы, рэпартажы ва ўсіх папулярных і масавых балгарскіх выданнях - "Отечествен фронт", "Літературен фронт" і інш. Асноўнае месца ў творчасці А. Дончава займаюць гістарычныя раманы. Адзін з іх у перакладзе на беларускую мову - "Час памежны" ("Време разделно"), які вытрымаў у Балгарыі каля дзесяці выданняў, прапанаваны цяпер і беларускім чытачам.