Гэтае ўнікальнае выданне аб'яднала пад адной вокладкай 700 артыкулаў 22-х аўтараў, звесткі з легендаў, паданняў, павер'яў і навуковых даследаванняў.
Слоўнік прадстаўляе беларускую міфалогію як адну з архаічных у індаеўрапейскім свеце. Дзякуючы сваёй "закансерваванасці", яна захавала для сучаснікаў прыкметныя элементы духоўнай спадчыны. Беларуская міфалогія па разнастайнасці надзвычайных істот і персанажаў не саступае і старажытна-грэчаскай. У артыкулах можна адшукаць не толькі партрэты-апісанні найстаражытнейшых бостваў нашых продкаў, якія персаніфіцыравалі сабой прыроду: Дажбога, Сварога, Стрыбога, Перуна, Вялеса, Мокашы і інш., але і святых, на якіх пазней былі перанесены функцыі колішніх багоў, легендарныя або міфічныя гістарычныя постаці, персанажы песень і паданняў, вобразы іншаземцаў, дэманічных істот, персанажаў, звязаных з нячыстай сілай, сакральных жывёл і птушак, якія сімвалізавалі тыя ці іншыя боствы, і чароўны свет, у якім жылі нашыя продкі.. Напрыклад, са слоўніка можна дазнацца, чаму лічылася, што падчас навальніцы трэба выганяць чорнага ката з хаты, чаму пры першым купанні дзіцяці трэба класці ў ночвы 9 вугольчыкаў, і шмат чаго іншага.
Праца над слоўнікам пачалася ў 1998 годзе. Сярод аўтараў -- такія вядомыя даследчыкі міфалогіі, як археолагі Эдвард Зайкоўскі і Людміла Дучыц, гісторыкі Андрэй Прохараў і Ігар Вуглік, фалькларысты Лія Салавей, Уладзімір Васілевіч і Таццяна Валодзіна, філосафы Уладзімір Конан і Сяргей Санько, а таксама людзі розных прафесій, энтузіясты сваёй справы. У іх ліку даследчыкі з Нацыянальнай акадэміі навук, вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, Польшчы. Вокладка і літары-застаўкі аформлены мастаком Тодарам Кашкурэвічам. Складальнік і каардынатар гэтай кнігі - журналіст і публіцыст Ірына Клімковіч. Кніга ўбачыла свет у выдавецтве "Беларусь".
На сустрэчы можна будзе задаць пытанні аўтарам слоўніка, паслухаць выступленні сябраў творчага калектыва і фальклорнага гурту "Эсса".