З 21 лютага па 1 сакавіка 2005 г. у аддзеле беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі адбудзецца выстаўка, прысвечаная юбілею беларускай пісьменніцы Таісы Мікалаеўны Бондар.
Экспазіцыю складуць кнігі паэзіі і прозы, шматлікія публікацыі твораў у зборніках і часопісах, пераклады аўтара, матэрыялы аб жыцці і творчасці пісьменніцы. Таіса Бондар належыць да творцаў, якія ўпэўнена працуюць у розных жанрах.
Найперш яна зарэкамендавала сябе як цікавы паэт. Свой творчы шлях пачала ў 1970 г. з вершаў, змешчаных у газеце "Літаратура і мастацтва". У 1974 г. убачыў свет першы зборнік паэзіі Т. Бондар "Захапленне". У далейшым яна выдала зборнікі "Акно ў восень" (1977), "...І голас набыла душа" (1980), "Святочны снег" (1981), "Чырвоны месяц года" (1985), "Спадчыны боль" (1987), "Адна" (1989), "Хачу назваць цябе каханым" (1991), "Час душы, мой час вячэрні..." (1995).
Паспяхова і плённа працуе Таіса Мікалаеўна і як празаік. Яна аўтар кніг апавяданняў "Сінія яблыкі" (1984), аповесцей "Час, калі нас любілі" (1988), аповесцей і апавяданняў "Паветраны замак на дваіх" (1990), раманаў "Спакуса" (1989), "Ахвяры" (1994). Таксама былі выдадзены кнігі, "Бог зусім побач. Старонкі дзённіка" (2000), "Імем Айца і Сына" і раман-містэрыя "Павуцінне" (2004).
Пісьменніца не абмяжоўваецца толькі літаратурнай дзейнасцю. Яна выступае ў друку з літаратурна-крытычнымі і мастацтвазнаўчымі артыкуламі. Таіса Мікалаеўна яшчэ і таленавіты перакладчык. Перакладае з малдаўскай, румынскай, англійскай моў.
"…Таіса Бондар - чалавек складаны, з багатым унутраным жыццём. Гэта мужная, магутная асоба. Колькі трэба было мець душэўнай сілы, каб напісаць такі смелы, адкрыты і бязлітасны твор, як "Ахвяры"! У рамане паказаны жорсткая барацьба, немыя страсці, і трэба быць сапраўды чыстым і смелым чалавекам, каб напісаць падобнае. А яе паэзія... Пругкая, вірлівая - так і хочацца сказаць: вулканічная! - яна напоўнена энергіяй і дабрынёю. Чытаючы яе вершы, адчуваеш, як гэта энергія, не месцячыся ў радках, выплёхваецца са старонак, як цесна ёй у прасторы. Думаю, гэта ад перапоўненасці сэрца…" Арлен КАШКУРЭВІЧ