З 6 па 16 мая 2005 г. у аддзеле беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праводзіцца выстаўка, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускага перакладчыка і паэта Юркі Гаўрука.
Экспазіцыю складаюць асобныя выданні, зборнікі перакладаў, літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ.
Творчая спадчына Юркі Гаўрука даволі разнастайная: яе складаюць арыгінальныя вершы, паэмы, апавяданні, нарысы, рэцэнзіі. Але мастацкія пераклады Ю. Гаўрука з'яўляюцца самым значным яго ўкладам у беларускую літаратуру.
У 1928 г. Ю. Гаўрук выдаў зборнік паэтычных перакладаў "Кветкі з чужых палёў" (выданне "Маладняка"), які па сутнасці стаў першай у беларускай літаратуры невялікай анталогіяй замежнай паэзіі. У зборнік увайшлі творы Дж. Байрана, Ф. Шылера, Ш. Бадлера, У. Уітмена, П. Шэлі, П. Верлена, В. Гётэ, А. Міцкевіча і іншых заходнееўрапейскіх і амерыканскіх паэтаў.
Майстэрства Гаўрука-перакладчыка цудоўна адлюстравана ў творах, перакладзеных на беларускую мову: трагедыі У. Шэкспіра "Атэла", "Кароль Лір", "Антоній і Клеапатра", п'есы О. Голдсміта "Ноч памылак", І. Дварэцкага "Выбух", А. Сафронава "Мільён за ўсмешку", раманы А. Стыля "Любіць будзем заўтра", Э. Хемінгуэя "І ўзыходзіць сонца", К.С. Прычард "Дачка Урагану", зборнік А. Маруа "Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы", асобныя творы А. Пушкіна, Г. Гейнэ, Л. Украінкі, У. Сасюры, П. Варанько.
У перакладзе Ю. Гаўрука пастаўлены на беларускай сцэне п'есы "Улада цемры" Л. Талстога, "Багна" А. Астроўскага, "Уніжаныя і зняважаныя" паводле Ф. Дастаеўскага, "Доктар філасофіі" Б. Нушыча, "Гамлет" і "Сон у летнюю ноч" У. Шэкспіра, "Дзядзька Ваня" А. Чэхава і іншыя.
На рускую мову Ю. Гаўрук пераклаў творы К. Чорнага "Люба Лук'янская", "Пошукі будучыні" і раман П. Пестрака "Серадзібор".
Пяру Ю. Гаўрука належаць і арыгінальныя творы: зборнік краязнаўчых нарысаў "Вясковыя рыскі" (1926) і вершы, што ўвайшлі ў паэтычны зборнік "Іскры з крэмню" (1969).