ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
“Лепшыя кнігі Беларусі”: выстава па выніках LХI Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”
“Гісторыя беларускай нацыянальнай бібліяграфіі. 1921–2021”

“Ён уздымаў старонкі даўніны”

“Ён уздымаў старонкі даўніны”
Іншыя Навіны

Такімі словамі вядомы паэт і журналіст С.C. Панізнік ахарактарызаваў дзейнасць Баляслава Рычардавіча Брэжгі (1887–1957), беларускага і латышскага вучонага-гісторыка, археолага, археографа, палеографа, філолага, аднаго з пачынальнікаў архіўнай справы ў Беларусі, 135 гадоў з дня нараджэння якога спаўняецца 31 сакавіка (12 красавіка).

Нарадзіўся будучы вучоны пад Рэжыцай (Рэзекне) Віцебскай губерні. Бацькі здолелі даць свайму сыну магчымасць атрымаць пачатковую адукацыю: ён скончыў Рэжыцкае гарадское трохкласнае вучылішча (1904), затым некаторы час даваў прыватныя ўрокі. У 1908 г. юнак паступіў на вайсковую службу, якую адбываў у Віцебску. Дзякуючы бліскучым здольнасцям Баляслаў у 1910 г. экстэрнам скончыў віцебскую Аляксандраўскую гімназію, а ў 1911 г. паступіў у Маскоўскі археалагічны інстытут (па іншых звестках – на Віцебскае аддзяленне інстытута).

Brezha-1.jpg

Першая сусветная вайна перапыніла вучобу. Пасля заканчэння ваеннага вучылішча малады чалавек трапіў на фронт, дзе быў цяжка паранены і прызнаны непрыгодным да страявой службы.

Brezha-2.jpg

Пасля выздараўлення служыў у Вільні, Віцебску, Петраградзе. Увесь час яго не пакідалі думкі, каб заняцца любімай гісторыяй. Наведваў мясцовыя архівы, знаёміўся з дакументамі – сведкамі мінулага латгальскіх рэгіёнаў Віцебскай губерні. У 1915 г. з’явілася ў друку першая праца Брэжгі “Инициалы и орнамент в актовых книгах Витебского архива древних актов XVI–XVIII веков”.

Brezha-3.jpg

Пасля дэмабілізацыі ў 1916 г. ён у якасці вольнага слухача скончыў Археалагічны інстытут і ў наступныя гады падрыхтаваў да абароны тры дысертацыі на саісканне званняў: вучонага-археографа (архівіста) (“Архивы Полоцко-Витебского края в их прошлом и настоящем”, 1916), археолага (“Материалы для археологической карты Витебской губернии”, 1917), мастацтвазнаўца (“Ян Матейко как представитель польской исторической живописи”, 1918). За кожнае з даследаванняў маладому навукоўцу было прысвоена вучонае званне з прысуджэннем залатога медаля.

У 1918 г. (па іншых звестках – 1920) Баляслаў Рычардавіч быў прызначаны загадчыкам Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, потым з’яўляўся ўпаўнаважаным Галоўнага ўпраўлення архіўнай справы РСФСР па Віцебскай губерні, загадчыкам Віцебскага губернскага архіва. Быў адным са стваральнікаў і актыўных членаў Віцебскага акруговага краязнаўчага таварыства.

Пасля пераезду на пастаяннае месца жыхарства ў Латвію Б.Р. Брэжга на працягу 1925–1937 гг. выкладаў на курсах Рускага ўніверсітэта, працаваў у яго навуковым інстытуце, ва ўпраўленні па ахове старажытных помнікаў. Вучоны ўдзельнічаў у археалагічных экспедыцыях, аб’ездзіў усю Латгалію. Падчас паездак вывучаў павятовыя архівы, бібліятэкі і архівы манастыроў і касцёлаў. На пачатку 1930-х гг. на аснове сабранага матэрыялу падрыхтаваў вялікае даследаванне “Lespaysansde Latgalieen 1772–1861” (“Латгальскія сяляне ў 1772–1861 гадах”), за якое быў удастоены звання доктара гістарычных навук Брусельскага ўніверсітэта.

У ваенны час Б.Р. Брэжга служыў рэдактарам у прыватным кніжным выдавецтве ў Даўгаўпілсе. Пасля вайны працаваў у Цэнтральным архіве Латвійскай ССР, прафесарам кафедры славянскай філалогіі Латвійскага ўніверсітэта, у Інстытуце гісторыі і матэрыяльнай культуры Акадэміі навук Латвіі. Галоўным аб’ектам для вучонага па-ранейшаму заставалася Латгалія, латгальскае сялянства. Ён вывучаў родныя яму мясціны комплексна і ўсебакова. Да найбольш значных навуковых прац адносяцца “Очерки по истории крестьянских движений в Латгалии, 1577–1907 годы”, зборнік архіўных дакументаў “Latgolas inventari un generalmērišonas zemu aproksti, 1695–1784” (“Латгальскія інвентары і генеральныя межаваннні, 1695–1784”), “Latgolas pagōtne” (“Латгальская даўніна”) і інш. Вучоны падрыхтаваў гістарычныя нарысы пра самыя буйныя гарады Латгаліі – Рэзекне, Даўгаўпілс, Лудза, Краслаў. Свае працы ён пісаў на латышскай, латгальскай, беларускай, польскай, рускай, нямецкай, французскай мовах.

Brezha-4.jpg

Дзейнасць Б.Р. Брэжгі мела вялікае значэнне для Беларусі. Ён шмат зрабіў для выяўлення і асвятлення забытых фактаў яе гісторыі. Сярод звыш 120 друкаваных прац каля 30 прысвечаны гісторыі Віцебска і Полацка: “Ochrona zabytków przedhistorycznych w Witebszczyźnie i w Inflantach polskich” (“Ахова помнікаў старажытнасці на Віцебшчыне і Інфлянтах польскіх”), “Muzea Wiitebskie” (“Віцебскія музеі”), “Замкі Віцебшчыны”, “Судьбы иезуитских и гимназических библиотек в Полоцке и Витебске”, “Адносіны палачан і латышоў у VIII–XVIII вв.”, “Некоторые вопросы постановки архивного дела в Беларуси”, “Архівы і архіўная справа ў Віцебшчыне” і інш.

Brezha-5-6.jpg

Па меркаванні С. Панізніка, “Беларусь мела для Б. Брэжгі вялікую прыцягальную сілу. Павагу і любоў вучонага да беларускага народа, яго працу ў раскрыцці многіх цікавых старонак нашай гісторыі цяжка пераацаніць…”.

Звесткі пра жыццё і дзейнасць Б.Р. Брэжгі, яго публікацыі можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнай базе аўтарытэтных/нарматыўных запісаў, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”: прапануем праграму дзіцячага МЕГАсвята

1 Чэр 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Шчасце бачыць

1 Чэр 2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Мастацкія выстаўкі

Бібліятэкарам