Нацыянальная бібліятэка Беларусі стала адным з аб'ектаў, якія ўзгадваюцца ў кнізе "Тайныя цуды свету”, паведамляе амерыканская газета Redlands Daily Facts.
Кніга, якая мае дадатковую інтрыгуючую назву “360 неверагодных месцаў, пра існаванне якіх вы ніколі не падазравалі”, была выпушчана ў мінулым годзе вядомым выдавецтвам Lonely Planet. Яна запрашае чытачоў здзейсніць падарожжа па цікавых мясцінах свету і даследаваць незвычайныя аб'екты, якія заўзяты падарожнік не знойдзе ў звыклых даведніках.
У выданні паведамляецца, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі можа прыцягнуць увагу архітэктараў і знатакоў бібліятэк – незвычайнае збудаванне вышынёй 72 м захоўвае некалькі мільёнаў дакументаў, а ў начны час ператвараецца ў гіганцкі брыльянт, які зіхаціць і пераліваецца.