З 12 лютага па 14 сакавіка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць юбілейная выстаўка “Збіральнік таямніц мінуўшчыны”, прысвечаная 60-годдзю з дня нараджэння беларускага фалькларыста і літаратуразнаўца Аляксея Ненадаўца.
Далёка не кожная еўрапейская краіна захавала да сённяшняга часу ў жывым побыце столькі легенд і паданняў, звычаяў і абрадаў, прымавак, прыказак і песень, як Беларусь. Праверанае і выпрабаванае часам, адшліфаванае ў сэрцах і ў вуснах тысяч безыменных майстроў, беларускае народнае слова з’яўляецца невычэрпнай крыніцай ведаў і натхнення для многіх пакаленняў.
Выстаўку адкрываюць манаграфіі Аляксея Ненадаўца, большая частка якіх прысвечана даследаванням міфалогіі роднага краю. Навуковыя інтарэсы аўтара, апісаныя ў кнігах “Пакланіцеся дубу”, “Святло таямнічага вогнішча”, “Чорт у легендах і паданнях беларусаў”, “Чароўныя змеі”, “Замак ведзьмы”, “Міфалогія маіх продкаў”, “Нарысы беларускай міфалогіі” і іншых, ахопліваюць пытанні пакланенення старажытных беларусаў раслінам, жывёлам, камяням, язычніцкім багам і духам. Асобна разглядаецца тэма знахарства і варажбы ў народнай культуры: “Сілаю слова. Чорная і белая магія”, “Праклятыя словам”, “Сіла праклённага слова”.
Яшчэ адно поле даследаванняў вучонага – узаемасувязь літаратуры з народнай творчасцю і міфалогіяй (на прыкладзе твораў У. Караткевіча і Я. Коласа). Асабліва зацікавіць наведвальнікаў манаграфія “Уладзімір Караткевіч: прырода, фальклор і творца”.
Выстаўка знаёміць і з выданнямі даследчыка па гісторыі і краязнаўству – “Тэадор Нарбут: зачараваны старажытнай Літвой”, “Летапіс горада на Бярэзіне”, “Бабруйская крэпасць”.
У сваіх працах Аляксей Ненадавец спасылаецца на асабіста запісаныя фактычныя матэрыялы, архіўныя і літаратурна-мастацкія крыніцы, што робіць іх яшчэ больш каштоўнымі.
У экспазіцыі таксама прадстаўлены кнігі, складальнікам якіх з’яўляецца А. Ненадавец вучоны: зборнікі назваў населеных пунктаў рэгіёнаў Беларусі паводле легендаў і паданняў “Брэстчына”, “Міншчына”, “Гродзеншчына”, “Віцебшчына”, “Гомельшчына”, “Магілёўшчына”, кніга “Азёры Беларусі ў легендах і паданнях” і іншыя.
Завяршаюць экспазіцыю шматлікія публікацыі юбіляра ў зборніках і часопісах.
Выстаўка налічвае больш за 60 дакументаў.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.