16 красавіка ў галерэі “Панарама” адбылося адкрыццё фотавыставы “Жывыя камяні Антарктыды”, прымеркаванай да 70-годдзя Беларускага геаграфічнага таварыства.
Фотавыстава складаецца са здымкаў, зробленых падчас беларускіх антарктычных экспедыцый. Аўтар фотаздымкаў – Юрый Рыгоравіч Гігіняк – вядучы навуковы супрацоўнік, дацэнт, кандыдат біялагічных навук Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах”.
Першыя біялагічныя даследаванні Антарктыды беларускімі спецыялістамі былі выкананы падчас 16-й Савецкай антарктычнай экспедыцыі ў 1970–1972 гг. Больш за 50 гадоў даследаваннем Антарктыды займаецца гідрабіёлаг, эколаг, вадалаз III класа Юрый Гігіняк. Ён – нязменны кіраўнік біялагічных работ па даследаванні Антарктыкі беларускімі вучонымі, наведаў мацярык пяць разоў. На дадзены момант асноўным месцам правядзення даследаванняў у Антарктыдзе з’яўляецца аазіс Пагоркі Тал (Зямля Эндэрбі). Будаўніцтва беларускай станцыі “Гара Вячэрняя” ў прыбярэжнай частцы мацерыка хутка скончыцца.
У экспазіцыі – фотаўражанні даследчыка Юрыя Гігіняка: умовы жыцця навукоўцаў, таямніцы і хараство ледзянога кантынента, заснежаныя пейзажы, сонечныя пікі, заходы над айсбергам, доўгая палярная ноч і антарктычны месяц, ледзяныя горы і пячоры ў глыбіні айсбергаў. Аўтар здымкаў захаваў цяжкасці і пацешныя імгненні з жыцця насельнікаў Паўднёвага полюса – пінгвінаў і цюленяў.
Асаблівая ўвага нададзена такім незвычайным насельнікам Антарктыды, як “жывыя” камяні – дзіўныя па форме і магчымых асацыяцыях каменныя скульптуры, створаныя прыродай.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Высоцкая, старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў, вядучы навуковы супрацоўнік, дацэнт, кандыдат біялагічных навук Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах”, аўтар фатаграфій Юрый Гігіняк.
“Жывыя камяні Антарктыды” – выстава пра Паўднёвы мацерык, які бударажыць уяўленне, яго дзіўных насельнікаў, даследчыкаў, асаблівасці іх жыцця, унікальныя і дзіўныя антарктычныя ландшафты і іх застылую ў камені гісторыю…
Выстава будзе працаваць да 21 мая 2024 г.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы агляднай пляцоўкі.
Наведванне экспазіцыі складае кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.