Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Прымеркаваная да Міжнароднага дня сляпых выстава пад назвай “Мы бачым свет пачуццямі” праходзіць з 13 лістапада па 6 снежня ў зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента (пам. 164).
Гэты Дзень быў заснаваны ў 1948 годзе з мэтай прыцягнення ўвагі да праблем людзей з інваліднасцю па зроку і адзначаецца 13 лістапада, у дзень, калі нарадзіўся Валянцін Гаюі – адзін з першых тыфлапедагогаў, які заснаваў у 1784 годзе на асабістыя сродкі першую ў свеце школу для сляпых дзяцей, аўтар рэльефна-лінейнага шрыфта і выдавец першых кніг для сляпых.
Большая частка нашага свету створана для відушчых, таму сляпым людзям даводзіцца сутыкацца з многімі цяжкасцямі пры самастойным перамяшчэнні, атрыманні інфармацыі і адукацыі, працаўладкаванні. Магчыма, таму многія з іх адрозніваюцца выключнай дапытлівасцю і мэтанакіраванасцю, ідуць па шляху пераадолення, дасягаючы вялікіх вышынь і падаючы дзіўны прыклад стойкасці і аптымізму.
Дакументы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, знаёмяць з біяграфіямі і творчасцю не толькі вядомых, але і звычайных сляпых людзей, якія жывуць сярод нас, раскрываюць багацце іх унутранага свету. Наведвальнікі выставы змогуць параўнаць звычайныя кнігі з прызначанымі для невідушчых і слабавідушчых чытачоў, выдадзенымі ў спецыяльных фарматах: узбуйненым, тактыльным, рэльефна-кропкавым і гукавым. Даведаюцца пра гісторыю і ролю грамадскіх арганізацый, спецыяльных устаноў адукацыі, бібліятэк і спорту ў жыцці інвалідаў па зроку, што дапамагае значна пашырыць існуючыя ўяўленні пра людзей, пазбаўленых зроку, але зоркіх розумам і сэрцам.
Час працы выставы адпавядае часу працы чытальнай залы міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 10.
Матэрыял пададзены аддзелам бібліятэчнага абслугоўвання.