Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Прыгодніцкая літаратура – гэта мужныя героі, яркія і імклівыя падзеі, напружаныя, дынамічныя сюжэты, у якіх нечаканыя павароты дзеяння не даюць адарвацца ад чытання да апошняй старонкі. Жанр прыгодніцкай літаратуры ўключае ў сябе такія традыцыйныя формы, як дэтэктыў, авантурныя аповесці, раманы падарожжаў, сатырычныя памфлеты, навукова-фантастычныя творы.
Дадзеная выстава пазнаёміць чытачоў з лепшымі творамі беларускай прыгодніцкай літаратуры. На ёй экспануюцца раманы, аповесці і апавяданні, якія ўбачылі свет пачынаючы з 20-х гадоў ХХ ст. да сучаснасці. Гэта і вострасюжэтныя творы, якія апавядаюць пра даўно мінулыя часы, і творы пра падзеі, што сталі гісторыяй адносна нядаўна, напрыклад, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, творы пра касмічныя падарожжы і незнаёмыя цывілізацыі, творы пра раскрыццё складаных злачынстваў і таленавітых дэтэктываў.
Экспазіцыю адкрывае раздзел “Зараджэнне жанру ў нацыянальнай літаратуры”. Тут прадстаўлены творы Янкі Маўра, якому па праве належыць званне першаадкрывальніка прыгодніцкага жанру на Беларусі. У шэрагу прадстаўленых матэрыялаў пачэснае месца займае дзіцячы часопіс “Беларускі піянер”, на старонках якога ў 1926 г. была апублікавана першая прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра “Чалавек ідзе”.
Цэнтральнае месца адведзена папулярнай кніжнай серыі “Бібліятэка прыгод і фантастыкі”, якая была заснавана выдавецтвам “Юнацтва” ў 1982 г. і адрасавана падлеткам. Серыя лёгка пазнаецца па лагатыпе на карэньчыку кнігі ў выглядзе стылізаваных літар “ПФ” (прыгоды, фантастыка), а таксама па адмыслова аздобленых вокладках.
Да адметнасцей выставы варта аднесці першае выданне шырока вядомай аповесці Міхася Лынькова “Міколка-паравоз” (1937) пра жыццё і прыгоды хлопчыка Міколкі, сына чыгуначніка; раман Леаніда Дайнекі “След ваўкалака” з аўтографам аўтара, адрасаваным аддзелу беларускай літаратуры Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна ў 1988 г.; гістарычны раман Алеся Наварыча “Літоўскі воўк” (2005), за які аўтар атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Трэці раздзел – “Прыгодніцкія гісторыі”. Тут экспануюцца творы беларускіх аўтараў ХХ – пач. XXI ст. Багатая гісторыка-культурная спадчына натхняе беларускіх аўтараў на новыя творы, якія працягваюць традыцыі айчыннай прыгодніцкай літаратуры. Сярод прадстаўленых выданняў – шырока вядомыя творы Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” (1958) і “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1966); трылогія Івана Сяркова “Мы з Санькам…” (1968–1989), якая атрымала ўзнагароды Усесаюзнага і Беларускага рэспубліканскага конкурсаў дзіцячай кнігі; выданні Леаніда Дайнекі, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1989).
Выстава адрасавана ўсім аматарам прыгодніцкай літаратуры, але ў першую чаргу звернута да юнацтва, бо героі большасці прадстаўленых кніг – падлеткі.
Экспазіцыя працуе да 24 студзеня 2023 года ў кальцавой галерэі 2-га паверха.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.
Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.
Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.