З 3 па 15 студзеня 2005 г. у аддзеле беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праходзіць выстаўка, прысвечаная юбілею беларускай пісьменніцы і актыўнага грамадскага дзеяча Вольгі Міхайлаўны Іпатавай.
Экспазіцыю складаюць асобныя выданні і зборнікі лірыкі і прозы, кнігі аўтара ў перакладах, кнігі аб жыцці і творчасці пісьменніцы, падборка матэрыялаў з перыядычнага друку.
Сёння цяжка ўявіць сабе беларускую літаратуру без яркай, самабытнай творчасці Вольгі Іпатавай, ганаровага акадэміка Міжнароднай акадэміі навук "Еўразія", кавалера ордэна "Знак Пашаны" і медаля Ф.Скарыны, лаўрэата літаратурных прэмій і прэміі імя Барыса Кіта, аўтара твораў, вядомых шырокаму колу чытачоў. Васіль Быкаў назваў яе "прыроджаным празаікам", але сваю літаратурную дзейнасць пісьменніца пачала з вершаў, якія яна публікавала яшчэ ў школьныя гады. Як паэт Вольга Іпатава сцвердзіла сябе ў зборніках лірыкі "Раніца" (1969), "Ліпеньскія навальніцы" (1973), "Парасткі" (1976), "Крыло" (на рускай мове, 1976). Спрабавала яна свае сілы і ў паэзіі для дзяцей ("Снягурка", 1974; "Казка пра Паўліна", 1983).
Але найбольшы ўклад у скарбонку беларускай літаратуры Вольга Іпатава ўнесла як празаік гістарычнага жанру, стварыў выдатную галерэю вобразаў знакамітых дзеячаў нашай Бацькаўшчыны. Яна аўтар цыкла апавяданняў "Гул далёкіх стагоддяў" (змешчаны ў кнізе "Перакат", 1984), аповесцяў "Прадыслава" (1971), "Агонь у жылах крэменю", "Чорная княгіня", "За морам Хвалынскім" (усе 1989), трылогіі "Залатая жрыца Ашвінаў", "Вяшчун Гедзіміна", "Альгердава дзіда" (выдадзены ў кнізе "Альгердава дзіда", 2002).
Проза В.Іпатавай на сучасныя тэмы, насычаная яркімі вобразамі, кожны з якіх застаецца ў памяці, склала зборнікі "Вецер над стромай" (1977), "Дваццаць хвілін з Немезідай" (1981), "Перакат" (1984). Пісьменніца таксама вядома і далёка за межамі нашай краіны -- яе кнігі, паасобныя апавяданні, аповесці, вершы перакладзены на многія мовы свету.