ГалоўнаяНавіныПраект "Імёны Герояў бессмяротныя"
Слава пераможцам!
6–12 мая 1944 года. 17 тыдняў да Вызвалення

Падпольны фронт

Падпольны фронт
Іншыя навіны

– Вы не забыли нас, живые? Вы помните,
как мы здесь боролись и умирали?
Мы, коммунисты, горячо любили
свою Родину, любили больше своей жизни
и засвидетельствовали это беспощадной
борьбой с фашизмом, доказали
своей смертью.
Это голос героев минского подполья.
І. Новікаў “Руины стреляют в упор”

Пасля вераломнага нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз Беларусь адна з першых прыняла на сябе ўдар нямецкіх полчышчаў. На барацьбу з гітлераўскімі прыгнятальнікамі падняўся ўвесь народ. Больш за мільён жыхароў рэспублікі ў хуткім часе апынуліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

З першых дзён акупацыі ў тыле ворага разгарнулася актыўная падпольная і партызанская барацьба. Практычна ва ўсіх дастаткова буйных населеных пунктах захопленай Беларусі пачалі дзейнічаць сфарміраваныя партыйнымі камітэтамі падпольныя арганізацыі. Усяго ў гады акупацыі ў іх радах змагаліся каля 70 тысяч беларускіх грамадзян, дзейнічалі 10 падпольных абкамаў партыі і столькі ж абкамаў камсамола.

podpolje1.jpg

podpolje2.jpg

Найбольш шырокі размах падпольная антыфашысцкая дзейнасць атрымала ў Мінску. Нягледзячы на жорсткі паліцэйскі рэжым, тэрор і велізарны гарнізон праціўніка, падпольныя групы пачалі стварацца тут з першых дзён акупацыі. Да канца 1941 г. яны былі аб’яднаны ў адзіную падпольную арганізацыю, якую ўзначаліў гарадскі партыйны камітэт. У 1942 г. у сталіцы Беларусі барацьбу супраць акупантаў вялі ўжо больш за 100 падпольных арганізацый і груп, у склад якіх уваходзіла звыш 3 200 патрыётаў. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі з прынятымі па радыё зводкамі Саўінфармбюро, усялялі веру ў перамогу, падымалі людзей на барацьбу. Была арганізавана падпольная друкарня, дзе з мая 1942 г. выпускалася газета “Звязда”, лістоўкі і іншыя падпольныя выданні. На заводах і фабрыках арганізоўваўся сабатаж, ламаліся інструменты, псаваліся абсталяванне, гатовыя вырабы, сыравіна і матэрыялы.

Пад кіраўніцтвам мінскіх падпольшчыкаў ажыццяўляліся таксама буйныя дыверсіі: на заводзе імя Мяснікова рабочыя ўзарвалі найважнейшы цэх, чыгуначнікі выводзілі са строю паравозы, падрывалі саставы, на аэрадроме знішчаліся самалёты. Былі падпалены абутковая і лямцавая фабрыкі, шэраг складоў, гаражоў з аўтамашынамі, пакгаўзаў, выкрадзена шмат зброі і частка яго перапраўлена партызанам. Асаблівая ўвага надавалася вызваленню ваеннапалонных з фашысцкіх лагераў, арганізацыі і адпраўцы ўзброеных мінчан у лес. Ратавалі таксама дзяцей, жанчын і старых у яўрэйскім гета, выводзілі іх з горада ў бяспечныя месцы і партызанскія атрады.

Усяго падпольшчыкамі было ажыццёўлена больш за 1 500 дыверсій, перапраўлена да партызан не менш за 2 200 ваеннапалонных і некалькі тысяч чалавек грамадзянскага насельніцтва. Гэта каштавала акупантам вялікіх страт і ў жывой сіле.

podpolje3.jpg podpolje4.jpg  podpolje5.jpg

У няроўнай і самаадданай барацьбе з захопнікамі значны ўрон панеслі і патрыёты: многія з іх загінулі, здзейсніўшы бяспрыкладны подзвіг, які быў адзначаны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай краіны – званнем Героя Савецкага Саюза. Сярод удастоеных гэтай узнагароды І.К. Кабушкін, І.П. Казінец, М.А. Кедышка, Я.У. Клумаў, У.С. Амельянюк і многія іншыя.

Чым далей у мінулае сыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым паўней і ярчэй раскрываецца ўклад байцоў нябачнага фронту ў агульную перамогу. Рабочыя, сяляне, інтэлігенты, камуністы, камсамольцы і беспартыйныя, дарослыя і падлеткі – яны падымаліся на барацьбу і станавіліся бясстрашнымі героямі, якімі кіравала бязмежная любоў да Радзімы.

podpolje6.jpg

Слаўную, незабыўную старонку ў гераічны летапіс падпольнай барацьбы ў акупацыйным Мінску ўпісаў адзін з арганізатараў і кіраўнікоў мінскага падполля, сакратар Мінскага падпольнага гарадскога камітэта КП(б)Б Ісай Казінец. Ён да канца выканаў свой абавязак патрыёта, беззаветна любіў Радзіму, самааддана змагаўся за яе свабоду.

Ісай Паўлавіч Казінец нарадзіўся 9 красавіка (па іншых звестках 24 студзеня) 1910 г. ва ўкраінскім горадзе Генічаск у сям’і рабочага. Бацька Ісая загінуў на Грамадзянскай вайне ў 1918 г. Праз чатыры гады сям’я пераехала ў Батумі. У 1936 г. Ісай скончыў нафтавы інстытут і быў прызваны ў армію. Пасля дэмабілізацыі ў 1938 г. ён працаваў на прамысловых прадпрыемствах Калініна (цяпер – Цвер) і Горкага (цяпер – Ніжні Ноўгарад), а праз год быў накіраваны ў Беласток на пасаду галоўнага інжынера абласной канторы нафтазбыту. Тут яго і заспела Вялікая Айчынная вайна.

Адправіўшы жонку і дзяцей у эвакуацыю, І.П. Казінец накіраваўся ў Мінск і ўжо летам ён разам з К.Д. Грыгор’евым, былым кіраўніком Галоўнафтазбыту, стварыў у сталіцы адну з першых падпольных груп – “групу нафтавікоў”. Для канспірацыі Ісай Паўлавіч узяў сабе імя загінулага сябра Вячаслава Юрыгіна, пасля чаго таварышы па падполлі пачалі называць яго “Слаўка”.

У лістападзе 1941 г. І.П. Казінец быў абраны сакратаром Мінскага падпольнага гарадскога камітэта КП(б)Б. Пад яго кіраўніцтвам падпольшчыкі ўстанавілі сувязь з 17 падпольнымі групамі, некаторымі партызанскімі атрадамі, якія дзейнічалі ў ваколіцах Мінска. Ісай Паўлавіч займаўся адпраўкай партызанам зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў, папаўненнем асабістага складу. У баявой супольнасці з партызанамі падпольшчыкі ажыццявілі больш за 100 дыверсійных акцый на Мінскім чыгуначным вузле і іншых стратэгічна важных аб’ектах акупантаў. Казінец наладзіў сувязь і з мінскім гета, у якім дзейнічала сетка антыфашысцкіх груп. Сумесна яны арганізавалі вывад яўрэяў за межы горада ў бяспечныя месцы або ў лес да партызан.

podpolje7.jpg
Пасяджэнне Мінскага падпольнага гарадскога камітэта КП(б)Б. 1942 г. Мастак А. Мазолеў

Ісай Паўлавіч быў адным з арганізатараў падпольнай друкарні, у якой быў наладжаны выпуск лістовак, друкавалася газета “Вестник Родины”, пазней – газета “Звязда”.

У сакавіку 1942 г. немцамі былі арыштаваны многія кіраўнікі падполля, захоплены спісы і дакументы арганізацыі. Адзін з арыштаваных выдаў І.П. Казінца. 26 сакавіка 1942 г. яго схапілі разам з астатнімі членамі падпольнага камітэта. Казінец аказаў узброенае супраціўленне. Адстрэльваючыся, ён параніў і забіў некалькі супрацоўнікаў нацысцкай разведвальнай службы, аднак выратавацца не ўдалося. У фашысцкіх засценках Ісай Паўлавіч быў падвергнуты страшным, бесчалавечным катаванням, але не сказаў ні слова. 7 мая 1942 г. ён быў павешаны ў гарадскім скверы. Стоячы пад шыбеніцай з пятлёй на шыі, герой-падпольшчык крыкнуў: “Смерць фашызму! Няхай жыве Чырвоная армія!”. У той жа дзень у Мінску публічна былі павешаны яшчэ 27 актыўных удзельнікаў падпольнай барацьбы, 251 чалавек расстраляны.

У Беларусі свята ўшаноўваюць памяць пра Героя Савецкага Саюза Ісая Паўлавіча Казінца. У гонар яго названы вуліца і плошча ў Мінску, на доме № 1 па вул. Казінца ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

podpolje8.jpg

Пісьменнік Іван Новікаў прысвяціў І. Казінцу і яго таварышам першую частку трылогіі “Минский фронт” – “Руины стреляют в упор”. Па гэтай кнізе ў 1970–1972 гг. на кінастудыі “Беларусьфільм” рэжысёрам В. Чацверыковым быў зняты шасцісерыйны фільм “Руины стреляют...”. На месцы гібелі І.П. Казінца ў Аляксандраўскім скверы Мінска ў гонар усіх падпольшчыкаў, загінуўшых у гады акупацыі Беларусі, у 1979 г. быў устаноўлены памятны знак.

podpolje9.jpg


Крыніцы

  1. В непокоренном Минске : документы и материалы о подпольной борьбе советских патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь1941 – июль1944) / Институт истории партии при ЦК КПБ, Филиал института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС ; [cоставители: Л.В. Аржаева, П.П. Липило ; редколлегия: Р.П. Платонов (председатель) и др.]. – Минск : Беларусь, 1987. – 237, [1] с., [8] л. ил.
  2. Герои подполья : о борьбе советских патриотов в тылу немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны : [сборник статей / составитель В.Е. Быстров]. – 4-е, исправленное и дополненное изд. – Москва : Политиздат, 1972. – Вып 1. – 445, [1] с., [10] л. ил.
  3. Герои подполья : о борьбе советских патриотов в тылу немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны : [сборник статей / составитель В.Е. Быстров]. – 3-е, исправленное и дополненное изд. – Москва : Политиздат, 1972. – Вып. 2. – 477, [2] с., [15] л. ил.
  4. Новиков, И.Г. Руины стреляют в упор : документальная повесть / Иван Новиков ; авторизованный перевод с белорусского Е. Мозолькова. – Минск : Мастацкая літаратура, 1985. – 365, [2] с., [8] л. ил., факсим.
  5. Казачёнок, В.С. Когда Родина в опасности : записки о Минском подполье / Владимир Казачёнок. – Минск : Государственное издательство БССР, Редакция художественной литературы, 1961. – 280, [2] с. : ил.
  6. Белорусский государственный музей истории Великой Отечественной войны
  7. Герои страны. Міжнародны патрыятычны інтэрнэт-праект.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Май 2024

Штогод 18 мая больш чым у 150 краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, які шырока святкуецца і ў нашай краіне ў рамках акцыі “Ноч музеяў”. У межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі”, якая ладзіцца ў зале мастацтваў (пам. 306), запрашаем пазнаёміцца з кніжнай выстаўкай “Па маршрутах беларускіх музеяў”, прысвечанай айчыннай музейнай справе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам