ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
XIV з’езд Беларускага саюза журналістаў
Вэбінар па фарміраванні электронных калекцый і ролі рэстаўратара пры іх стварэнні

Віншуем з 70-годдзем Людмілу Васільеўну Алейчык!

Віншуем з 70-годдзем Людмілу Васільеўну Алейчык!
Іншыя Навіны

Людміла Васільеўна Алейчык – ветэран Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які прысвяціў установе амаль 50 гадоў свайго прафесійнага жыцця.

Нарадзілася яна ў вёсцы Макраны Капыльскага раёна Мінскай вобласці. У 1960 годзе пайшла ў першы клас Чырвонадуброўскай сярэдняй школы. Адразу пасля яе заканчэння ў 1971 годзе была прынята на працу на Мінскі гадзіннікавы завод.

Бібліятэчная гісторыя Людмілы ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) пачалася ў сакавіку 1973 года, калі яна прыйшла ў аддзел кнігазахавання на пасаду пылшчыцы. У гэтым жа годзе дзяўчына паступіла на завочнае аддзяленне бібліятэчнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка), атрымаўшы ў 1979 годзе кваліфікацыю бібліятэкара і бібліёграфа.

Аддзел кнігасховішча стаў для Людмілы Васільеўны па-сапраўднаму родным: тут прайшоў увесь яе працоўны шлях, а супрацоўнікі за шмат гадоў сталі другой сям’ёй. На пасадзе бібліятэкара яна працавала на аператыўным і працаёмкім участку па захоўванні і выкарыстанні бягучых паступленняў абавязковых экзэмпляраў твораў друку. Цудоўна сябе зарэкамендаваўшы, з лістапада 1978 года была пераведзена на пасаду старшага бібліятэкара.

Згодна з матэрыяламі асабістай справы, у гэты перыяд у сектары абавязковага экзэмпляра Л.В. Алейчык працавала з фондам “Ау” і “М”. Хутка і свабодна арыентуючыся ў кніжных багаццях аддзела, яна заўсёды якасна і своечасова выконвала чытацкія запыты, дакладна і аператыўна падбірала кнігі па патрабаваннях чытачоў.

Добрасумленны работнік, дасведчаны спецыяліст, яна выяўляла поўную самастойнасць у вырашэнні ўсіх вытворчых пытанняў. Прафесіяналізм і поўная самааддача Людмілы Васільеўны паслужылі падставай для яе прызначэння ў сакавіку 1987 года загадчыцай сектара па захоўванні і выкарыстанні абавязковага экзэмпляра. На працягу 27 наступных гадоў яна паспяхова ўзначальвала гэты кірунак аддзела кнігасховішча.

Aliejchyk-1.jpg
Людміла Васільеўна на заднім плане, 90-я гг.

“Добра ведае работу не толькі аддзела, а і бібліятэкі, эрудыраваная і кампетэнтная ва ўсіх пытаннях. Вельмі працаздольная, патрабавальная як да сябе, так і да падначаленых. Празорлівая пры падборы кадраў […] З’яўляецца галоўным кансультантам па рабоце ў аўтаматызаваным рэжыме. З задавальненнем працуе з моладдзю, вучыць працаваць і сумленна і беражліва ставіцца да бібліятэчных фондаў. Працаваць з Людмілай Васільеўнай і ў самую вялікую нагрузку лёгка і проста. Па характары вельмі добразычлівая, прамалінейная, сабраная, з павагай адносіцца як да людзей, так і да працы. Добры кіраўнік”, – сведчаць матэрыялы асабістай справы Л.В. Алейчык.

Aliejchyk-2.jpg
Людміла Васільеўна стаіць другая справа, верасень 2010 г.

З сакавіка 2014 года яна сышла з кіруючай пасады і да самага выхаду ў 2021 годзе на заслужаны адпачынак працавала ў структуры аддзела кнігасховішча.

Людміла Васільеўна прайшла вялікі і слаўны працоўны шлях, аддаючы ўсю сябе бібліятэцы, грамадству і кнізе. За вернасць абранай справе і прафесійныя дасягненні яе фота не раз размяшчалася на Дошцы гонару. Шматгадовая добрасумленная і плённая праца, значны ўклад Л.В. Алейчык у развіццё фондаў бібліятэкі, арганізацыю іх захаванасці і выкарыстання быў адзначаны ў 2007 годзе медалём “За працоўныя заслугі”, а ў 2013-м – Ганаровай граматай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Aliejchyk-3.jpg
Людміла Васільеўна сядзіць другая злева

Ад супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Людміле Васільеўне – пажаданні добрага здароўя і дабрабыту, шчасця, любві і ўвагі блізкіх людзей. Хай у вашым доме пануюць дастатак, паразуменне і цяпло, а кожны дзень будзе напоўнены гармоніяй і спакоем, толькі добрымі весткамі і ўсмешкамі!

Матэрыял падрыхтаваны Ірынай Кукета, галоўным бібліятэкарам навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”: прапануем праграму дзіцячага МЕГАсвята

1 Чэр 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Шчасце бачыць

1 Чэр 2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Мастацкія выстаўкі

Бібліятэкарам