ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Дзіцячы пакой запрашае на творчыя заняткі
Альпенская шляхта

Каласкі ад Коласа

Каласкі ад Коласа
Іншыя навіны

Скарбонка памяці паэта папоўнілася новымі аўтографамі і архіўнымі дакументамі. Гэта былі падарункі, з якімі прыходзілі госці на 55-годдзе музея Якуба Коласа.


Унучка сябра пісьменніка па Нясвіжскай семінарыі, якая жыве ў Грузіі, напрыклад, прывезла кніжку з аўтографам Коласа. Зборнікі архіўных дакументаў з Расіі таксама могуць быць цікавымі для даследчыкаў творчасці пісьменніка, якія перыядычна збіраюцца на “Каласавіны” пад кіраўніцтвам акадэміка Міхася Мушынскага. Але падарункаў было шмат: дзень нараджэння музея – цудоўны момант для папаўнення фонду, які налічвае 34 тысячы прадметаў. І гэта момант для сустрэч, якімі славіўся дом Коласа яшчэ пры жыцці яго гаспадара: тут збіралася творчая інтэлігенцыя, ладзіліся вечарыны. Усіх прымалі з душой.

Са сцюдзёнай вуліцы заходзіш у дом – і адразу цяпло ахінае. У чацвер вечарам віталі ў доме Коласа з музыкай і каласкамі. Маленькі сімвалічны букецік каласочкаў з сіняй стужачкай. Пазначылі: гэта свае, святочныя людзі. Сапраўды, на 55-ты дзень нараджэння Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа прыходзілі тыя, хто меў дачыненне да арганізацыі музея (у першую чаргу гэта прадстаўнікі сям’і пісьменніка), хто працаваў у ім і хто працуе сёння і дапамагае музею як сябар.

У гэтым доме Якуб Колас жыў з 1944 па 1956 год. Тут ён памёр 13 жніўня 1956 года. А ўжо 16 жніўня выйшла пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР аб стварэнні музея ў доме, дзе жыў Якуб Колас. Гэта стала магчыма ў першую чаргу дзякуючы рашэнню сыноў пісьменніка – Данілы і Міхася Міцкевічаў. Менавіта Даніла Міцкевіч знайшоў гэты дом для бацькі пасля вызвалення Мінска і заняў яго з дазволу кіраўніцтва Акадэміі навук БССР. Сам Колас прыехаў у сталіцу ўпершыню пасля вызвалення 6 снежня 1944 года, але канчаткова пераехаў з Масквы ў маі 1945 года пасля смерці жонкі Марыі Дзмітрыеўны.

Даніла Канстанцінавіч быў вельмі актыўным рупліўцам захавання памяці пра свайго бацьку і заснавальнікам музея, а Міхась Канстанцінавіч дагэтуль жыве зусім побач і актыўна прымае ўдзел ва ўсіх музейных імпрэзах і наогул тых, якія ладзяцца ў гонар пісьменніка.

Сёння музей Коласа сучасны, напоўнены тэхнікай, якая дапамагае зразумець сутнасць творчасці народнага паэта. Тут нават гукі ствараюцца такія, каб была асаблівая атмасфера, нібыта ходзіш па жывым будынку, які дыхае. Ходзіш і ўяўляеш, што вось жа Пясняр, побач. Насамрэч часткова такое адчуванне ўтвараецца з-за таго, што ў доме захаваны інтэр’ер, рэчы гаспадара. Усё, чым ён карыстаўся, – ложак яго, стол, крэслы, нават посуд (нібыта чакаюць гасцей).

Гасцей насамрэч чакаюць ва ўсіх філіялах музея Якуба Коласа: у Акінчыцах, Альбуці, Ластку, Смольні. І калі праехаць па тых мясцінах, дзе паэт нарадзіўся і сталеў, а потым завітаць у дом Коласа ў Мінску, то можна атрымаць больш поўнае ўяўленне пра чалавека і асобу, у якой у жыцці было столькі клопату пра іншых, дзеля каго ён пісаў, сядзеў у турмах, мысліў і рабіў канкрэтныя справы, каб дапамагчы людзям, калі меў такую магчымасць. Ён заўсёды быў рад, калі прыходзілі да яго.

Прыходзяць і цяпер. На дзень нараджэння музея сабралася вялікая грамада – прадстаўнікі Міністэрства культуры, навукоўцы, пісьменнікі, мастакі, музейныя работнікі, музыканты, прадстаўнікі яго малой радзімы, людзі, якія працуюць на зямлі. А ўсіх аб’яднаў творца, які пісаў пра нешта такое, што агульнае для ўсіх, што робіць нас усіх народам.

Аўтар публікацыі: Ларыса Цімошык.

Крыніца: газета “Звязда”

Чытайце таксама:

Навіны

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам