ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Факультэту інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКіМ – 75 гадоў!
Міжнародная бібліятэчная філасофская школа

Зміцер Вайцюшкевіч – госць “Клуба кніжных прафесараў”

Зміцер Вайцюшкевіч – госць “Клуба кніжных прафесараў”
Іншыя Навіны

20 верасня госцем “Клуба кніжных прафесараў” быў вядомы спявак, музыка і кампазітар Зміцер Вайцюшкевіч.

“Я нарадзіўся тут, таму гэта – мая краіна. Я нарадзіўся тут – на пяць стагоддзяў пасля Францішка Скарыны”, – спявалі ўдзельнікі “Клуба кніжных прафесараў” разам з госцем.

vajtushk_01.jpg

Зміцер Вайцюшкевіч стварыў песенныя цыклы на вершы Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Камоцкага і іншых беларускіх паэтаў. Ён падрыхтаваў праграмы па вершах замежных аўтараў – Уладзіміра Маякоўскага, Рафала Ваячака, Яраміра Нагавіцы, а таксама па творах шведскіх і японскіх паэтаў, перакладзеных на беларускую мову. Гуказапісы твораў Змітра ў дэпазітарыі электронных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі захоўваюцца ад 1998 года.

У Нацыянальнай бібліятэцы можна пачытаць кнігу пра Зміцера “Беларускае слова ад спеву” (2010, 2018), а таксама напісаны ім зборнічак “Простыя словы” (2017). З іх можна вылучыць шмат уражанняў спевака, у тым ліку пра аб’ект нашай цікавасці – кнігу. Да кніг творца ставіцца як да нечага цудоўнага і адначасова сур’ёзнага: “Мяне здзівіла тое, што са словаў, з размоў як бы ні пра што і ні аб чым можа скласціся кніга. І гэта няхай не такі вялікі, як акіян ці нават Нёман, але цуд… Карацей, кніжачка – гэта сур’ёзная і адказная справа”. Зміцер падпісаў свае кнігі, а таксама пакінуў адзін з аўтографаў усім чытачам Нацыянальнай бібліятэкі.

vajtushk_05.jpg

Падчас сустрэчы юныя ўдзельнікі “Клуба кніжных прафесараў” змаглі задаць самыя смелыя пытанні і ўдакладніць, якое месца займае кніга ў жыцці творцы.

– Ці любілі вы чытаць у дзяцінстве?

У дзяцінстве мне больш падабалася бегаць з сябрамі, купацца ў Нёмане, блукаць па лесе, гуляць у вайнушкі, а кніжкі прыйшлі не адразу. У сям’і была закладзена любоў да кнігі. Мой бацька вельмі любіў чытаць і прачытаў амаль усю бібліятэку шклозавода “Нёман”. Вядома, маленькім я вельмі любіў казкі. У школе не любіў чытаць, што задавалі на ўроках, а знаходзіў свае кнігі, чытаў іх тады з задавальненнем і шукаў у іх жыццёвыя падказкі.

– Ці шмат маеце кніг дома?

Так, у мяне дзве прыватныя бібліятэкі, у якія ўваходзяць зборы твораў, кнігі беларускіх і замежных класікаў, энцыклапедыі, шмат сучасных беларускамоўных кніжак. Асобная частка бібліятэкі – кнігі па тэхнічных навуках, што засталіся ад жончынага бацькі. Цяпер усе адказы на пытанні можна знайсці ў сеціве, а раней кніга была асноўнай крыніцай інфармацыі. Таму ён збіраў кнігі і стварыў сваю тэхнічную бібліятэку.

vajtushk_06.jpg

– Ці ёсць у вашым прыватным кнігазборы кнігі з аўтографамі?

Так, мне пашанцавала, я сустракаюся і сябрую са шматлікімі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, таму маю шмат кніг з аўтографамі. Некаторых людзей ужо няма на гэтым свеце, а іх прысвячэнні засталіся са мной.

– Як вы вучыліся ў школе?

Добра вучыўся. Па пяцібальнай сістэме ў мяне было толькі пару троек: па беларускай і рускай мовах. (Гучны смех дзяцей.) Любімымі прадметамі былі матэматыка, геаграфія і працоўнае навучанне. На працоўным навучанні мы нават рабілі драўляныя скрыні для шклозавода “Нёман”.

– Ці прыгожы почырк быў у вас у школе?

vajtushk_02.jpg

І ў школе, і цяпер пішу як курыца лапай. (Гучны смех дзяцей.)

– На якіх музычных інструментах вы ўмееце граць?

На фартэпіяна, гітары, кларнеце, сапілках, флейце, саксафонах, барабанах, бас-гітарах … на нервах. (Гучны смех дзяцей.)

– На якія кружкі пасля ўрокаў вы хадзілі?

У аркестры духавых інструментаў я граў на ўсіх інструментах. (Гучны шум уражаных дзяцей.) Там я закахаўся ў дзяўчынку, якая грала на флейце. А яшчэ была прыгожая настаўніца па флейце, якая мне вельмі падабалася. Яшчэ я хадзіў на класічную барацьбу і стаў бронзавым прызёрам Лідскага раёна!

– Ці лёгка пісаць кніжкі?

Кніжкі пісаць вельмі складана. “Беларускае слова ад спеву” – гэта кніжка-інтэрв’ю. Я яе не пісаў, а нагаварыў, і сам з’яўляюся героем кнігі. У кнізе – інтэрв’ю, рэцэнзіі на музычныя альбомы, крытычныя і літаратурна-публіцыстычныя матэрыялы. Кніга “Простыя словы” складаецца з кароткіх гісторый, у якіх мае развагі, уражанні і ўспаміны пра культуру і вандроўкі, каханне і музыку, сяброў і дзетак, паэтаў і музыкаў.

vajtushk_14.jpg

– У якіх краінах вы былі?

Я быў у 40 краінах свету і выступаў з канцэртамі ў Польшчы, Украіне, Германіі, Вялікабрытаніі, Швецыі, Францыі, Італіі, Расіі, Славеніі, Казахстане, Эстоніі, Літве, Латвіі, Нарвегіі, ЗША… Я быў вельмі ўражаны ад Японіі. У 2005 годзе быў створаны песенны праект на вершы японскіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову. Дарэчы, ён мае назву скарынінскага сімвала – “Месяц і Сонца”. У японскай мове іерогліфы “сонца” і “месяц” азначаюць “кола часу”, “рух жыцця”, штосьці бясконцае, адвечнае, што не спыняецца ні на хвіліну. Японцы ведаюць свае песні і спяваюць іх.

– Калі б вы не сталі спеваком, то кім бы былі?

Магчыма, я б працаваў на шклозаводзе “Нёман” у гуце і дзьмуў бы прыгожыя вазы. Але мне падабаецца спяваць, і я шчаслівы, што так склаўся мой лёс.

– Вы спяваеце “Я нарадзіўся тут – на пяць стагоддзяў пасля Францішка Скарыны”. Кім для вас быў наш першадрукар?

Скарына – наш беларускі герой, які высока ўзняў беларускае слова. Сучасныя беларусы павінны браць з яго прыклад: друкаваць беларускія кніжкі і спяваць беларускія песні.

vajtushk_11.JPG

Разам са Змітром дзеткі і бацькі спявалі песні на вершы Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і Леаніда Дранько-Майсюка. Кожны ўдзельнік заняткаў атрымаў на памяць аб сустрэчы аўтограф ад знакамітага госця.

Мерапрыемства было арганізавана ў межах праекта “У госці да кніг”.

Мадэратар: Таццяна Сапега, загадчык сектара навукова-праектнай работы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства.

Дызайнер афішы: Наталля Каралёва, вядучы мастак выдавецкага аддзела.

Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Навіны

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”: прапануем праграму дзіцячага МЕГАсвята

1 Чэр 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Шчасце бачыць

1 Чэр 2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Мастацкія выстаўкі

Бібліятэкарам