20 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пачаў работу Беларуска-Казахстанскі дзелавы форум.
Мэтай форуму з’яўляецца актывізацыя двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва праз выбар напрамкаў яго развіцця, наладжванне дзелавых кантактаў і пошук партнёраў па рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў.
Пленарнае пасяджэнне форуму адкрылі прэм’ер-міністры Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Казахстан Сяргей Сідорскі і Карым Масімаў. З дакладамі выступілі міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў і першы віцэ-міністр індустрыі і новых тэхналогій Рэспублікі Казахстан Альберт Pау. Пасля пленарнага пасяджэння прэм’ер-міністры дзвюх краін правялі прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.
Мерапрыемства прадоўжылася работай у трох галіновых секцыях і правядзеннем прэзентацыі інвестыцыйных праектаў. Удзельнікі форуму наведалі выстаўку-дэгустацыю прадукцыі беларускай харчовай прамысловасці, таксама іх увазе былі прапанаваны стэнды прадпрыемстваў іншых галін.
Закончылася работа першага дня форуму экскурсіяй па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у ходзе якой госці азнаёміліся з яе работай, архітэктурна-канструкцыйнымі асаблівасцямі будынка, тэхнічным аснашчэннем, інфармацыйнымі рэсурсамі, мастацкім афармленнем інтэр’ераў.
Праграма другога дня Беларуска-Казахстанскага дзелавога форуму прадугледжвае наведванне беларускіх прадпрыемстваў і СЭЗ “Мінск”.