…І вецер, і хвалі – браты па раздоллю:
Іх шпаркага бегу нічым не суняць.
О, мора, люблю я тваё сваяволле,
Люблю тваю буру і ціхую гладзь!..

Алесь Гурло


Алесь Гурло

Алесь Гурло

Алесь Гурло (сапр. Аляксандр Кандратавіч Гурло, 31 студзеня 1892 г., Капыль Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Мінская вобл.) – 4 лютага 1938 г., Мінск; псеўданім і крыптанімы: Л. Эхо; А. Г.; А. Г-ло) – беларускі пісьменнік, перакладчык, лінгвіст.

Алесь Гурло пражыў усяго толькі 46 гадоў. Нарадзіўшыся на стыку стагоддзяў, ён стаў сведкам шэрагу гістарычных падзей і сам актыўна імкнуўся “ў самы вір”. Ён шмат ездзіў і падарожнічаў, здолеў наведаць, а потым пэўны перыяд пажыць у Санкт-Пецярбургу, пабываў у Кранштадце, Рызе, Таліне, Яраслаўлі, Ніжнім Ноўгарадзе і іншых гарадах. Гэтаму садзейнічала служба на флоце, куды паэт выпадкова трапіў у 1913 г., таму ў творах Алесь Гурло часта ўзгадваў сваё матроскае мінулае.

Паэт нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і. Яго маці была непісьменная і сышла з жыцця вельмі маладой. Браты і сёстры таксама паміралі адзін за другім ад сухотаў, пазней і ён памёр ад гэтай хваробы. Бацька сярод капылян славіўся тым, што ведаў, як лячыць жывёл, і рабіў гэта бясплатна. Неабходнасць зарабляць грошы пазбавіла Алеся магчымасці атрымаць доўгую і паслядоўную адукацыю. У 9 гадоў хлопчык ужо працаваў – пасвіў статкі жывёл, на 11-годдзе яго аддалі вучыцца грамаце. Спачатку вучыўся па хатах у “дарэктара”, а потым – у Капыльскім двухкласным вучылішчы. Юнак захапляўся паэзіяй, цікавіўся творамі рускіх класікаў: А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава.

Ціхае жыццё ў невялічкім Капылі не было да спадобы палкаму хлопцу. Яшчэ раней ён шмат чуў пра рэвалюцыю 1905 г. і пазней адзначыў: “Сэрца маё імкнулася быць капляй гэтай стыхіі”. З самага пачатку сваёй творчай дзейнасці Алесь Гурло ўтольваў літаратурную смагу не толькі складаннем вершаў і невялікімі публікацыямі ў перыядычных выданнях – якіх ужо ў першыя гады было нямала. У аўтабіяграфічным нарысе “З майго жыцця” (“Полымя”, № 5–6, 1923) ён згадвае выпадак, як вырашыў у 1909 г. даслаць у “Нашу ніву” празаічны жарт “Ласун”, які стаў яго першым надрукаваным творам.

У 1909 г. ён уступіў у Капыльскую сацыял-дэмакратычную арганізацыю, якая, акрамя падпольнай агітацыйнай работы, выдавала рукапісныя часопісы, у падрыхтоўцы якіх ён прымаў удзел: “Заря” і “Голос низа” (на рускай мове), “Вольная думка” (на беларускай мове). Таксама Алесь Гурло супрацоўнічаў з кіеўскім часопісам “Вогні”.

Яго паэтычны талент быў заўважаны і прызнаны літаратурнай грамадскасцю. У 1929 г. са старонак “Савецкай Беларусі” да А. Гурло звярталіся Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, Янка Купала, Максім Гарэцкі, Якуб Колас і іншыя беларускія пісьменнікі:

“У дзень твайго 26-гадовага юбілею літаратурнай дзейнасці мы, твае таварышы па працы, пасылаем табе сваё гарачае прывітанне”.
Алесь Гурло ў 1917 г.

Алесь Гурло ў 1917 г.
(са зборніка М. Хведаровіча “Памятныя сустрэчы”)

Калі А. Гурло было 25 гадоў, ён напісаў сваю падрабязную аўтабіяграфію, якая ўяўляе сабой самастойны, варты асобнай увагі літаратурны твор. М. Хведаровіч, які ў свой час азнаёміўся з гэтым дакументам, успамінаў, што тэкст аўтабіяграфіі ніяк не быў падобны на іншыя афіцыйныя паперы такога кшталту. Алесь Гурло падрабязна распавядаў пра сваіх продкаў, шмат увагі прысвяціў апісанню дзіцячых успамінаў. У часопісе “Полымя” за 1923 г. быў змешчаны ўжо больш сціплы аўтабіяграфічны нарыс. У 1927 г. па просьбе Льва Клейнбарта Алесь Гурло напісаў яшчэ адзін аўтабіяграфічны артыкул, які цяпер захоўваецца ў рукапісным аддзеле Інстытута рускай літаратуры (“Пушкінскім Доме”). Гэта гаворыць пра тое, што Гурло натхняўся напісаннем падобных тэкстаў, яму падабалася быць не толькі назіральнікам ці ўдзельнікам гістарычных падзей і здарэнняў, але і іх летапісцам, які імкнецца захаваць мінулае. Напрыклад, ва ўспамінах “Цішка Гартны” (Літ. дадатак да газ. “Савец. Бел.”, 15 снеж. 1928, с. 6–8) ён узгадваў пра сваё сяброўства з пісьменнікам.

Падзея з напісаннем аўтабіяграфіі адбылася ўжо за межамі беларускай зямлі. У 1911 г. Алесь Гурло з’ехаў у Пецярбург. Ён працаваў вучнем слесара на заводзе “Вулкан”, далей трапіў на службу ў царскую армію і потым – у балтыйскі флот. Ён удзельнік Першай сусветнай вайны, унтэр-афіцэр Рускага імператарскага флоту, член экіпажа крэйсера “Богатырь” з 1914 г., пазней – член экіпажа мінаносца “Забияка”. Ва ўспамінах згадваў рэвалюцыйныя падзеі, а падчас Першай сусветнай удзельнічаў у баях у Рыжскай затоцы. Пасля ўсталявання савецкай улады дапамагаў падаўляць эсэраўскія мецяжы ў Яраслаўлі, пра што згадваў у сваіх паэтычных творах:

Я штурмам браў палац i крэпасць,
Ламаў сцяну вінтовак, пік,
I, нібы шкуматы, атрэп’е,
Нізаў я юнкераў на штык.

Сур’ёзнае раненне прымусіла сысці з флоту, і Алесь Гурло, пасля лячэння ў шпіталі, пачаў працаваць у Ніжагародскім рачным порце. Там былы мараплавец займаўся рознымі справамі, у тым ліку размеркаваннем прадуктаў. Гэта працягвалася да 1921 г., пакуль ён не атрымаў афіцыйны ліст ад урада БССР з запрашэннем аб пераездзе ў Мінск.

Пачалося актыўнае творчае жыццё. Алесь Гурло быў шчаслівы вярнуцца ў родны край, пачаў шмат пісаць і друкавацца. Л. Рублеўская сцвярджала, што ў 1920-я гг. без згадак пра паэзію Алеся Гурло не абыходзілася ні адна панарамная рэцэнзія.

“Барвенак”

“Барвенак”

У 1924 г. быў выдадзены зборнік “Барвенак”, далей з’явіўся цэлы шэраг кніг: “Зорнасць”, “Сузор’і”, “Спатканні”, “Межы” і інш.


“Спатканні” (1925)
“Сузор’і” (1926)
“Зорнасць” (1927)


“Тэхнічная тэрміналогія”

Паэт падтрымліваў цесныя стасункі са сваёй сястрой Настассяй, часта наведваў малую радзіму – Капыль. Свае вершы ён любіў пісаць у садку: яго прывабліваў духмяны пах канюшыны. На жаль, смяротная хвароба ўжо тады яго непакоіла: узнімаўся кашаль, было цяжка дыхаць і балела ў грудзях. Аднак Алесь Гурло паспяваў шмат рабіць, прычым не толькі на творчай ніве. Працаваў у Наркаме асветы БССР, у газеце “Савецкая Беларусь” (1922–1923), пазней – у Інбелкульце. Быў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы Беларускай акадэміі навук (1929–1930).

Удзельнічаў у стварэнні тэрміналагічных слоўнікаў на беларускай мове, падтрымліваў і выпускаў слоўнік “Тэхнічная тэрміналогія” (вып. 1, Мінск, 1932), у якім налічвалася больш за 6 тысяч лексічных адзінак тэхнічнай тэматыкі. Магчыма, у дадзенай адказнай справе паэту зноў дапамагаў яго былы флоцкі досвед.

Cупрацоўнікі Інбелкульта

Алесь Гурло (другі злева, сядзіць у ніжнім радзе) з супрацоўнікамі Інбелкульта.
Мінск, 1927.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Рыхтаваў слоўнік мовы мястэчка Капыль і краёвы слоўнік Капыльшчыны (матэрыялы былі страчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны). Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў “Маладняк”, “Полымя” і “Пробліск”.

Калектыў часопіса “Полымя”

Алесь Гурло (стаіць у верхнім радзе крайні справа)
з калектывам часопіса “Полымя”

Адметна, што калі ў 1930 г. у Маскве выйшла першая анталогія беларускай паэзіі “Сборник белорусской поэзии” на рускай мове, то сярод дзевятнаццаці яе аўтараў быў і Алесь Гурло. У тым жа годзе ён быў арыштаваны разам з вялікай групай навуковых і творчых работнікаў, якія трапілі пад першую рэпрэсіўную хвалю супраць беларускай інтэлігенцыі. 25 ліпеня 1930 г. ГПУ БССР арыштавала Гурло па справе “Саюза вызвалення Беларусі”, сфабрыкаванай Г. Рапапортам. 10 красавіка 1931 г. калегія ГПУ БССР пастанавіла выслаць Гурло ў Самару на 5 гадоў (умоўна). Ён пазбег падаўжэння тэрміну, у адрозненне ад іншых.

У 1934 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. Рэпрэсіўныя дзеянні ўлады, накіраваныя супраць яго самога і яго таварышаў, падарвалі здароўе першага беларускага “паэта-марыніста”. Нават паездка ў Крым не палепшыла яго фізічнага стану: у апошні год жыцця ён усё больш часу праводзіў у ложку, а дактары не давалі добрых прагнозаў. 4 лютага 1938 г., калі Алесю Гурло было 46 гадоў, ён памёр ад сухотаў. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску. Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 г.

Месца пахавання Алеся Гурло

Месца пахавання Алеся Гурло ў Мінску.
2022 г.
Фота Т. Лаўрык

“Вершы”
“Паэзія першай паловы XX стагоддзя: міжваенны перыяд”

Пасля смерці паэта цікавасць да яго асобы захоўваецца. У 1972 г. пад рэдакцыяй Пімена Панчанкі выйшаў зборнік А. Гурло “Вершы”, укладальнікам якога выступіў вядомы літаратуразнавец Сцяпан Александровіч. У 2017 г. у серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры” выйшаў зборнік “Паэзія першай паловы XX стагоддзя: міжваенны перыяд” (т. 15), які змяшчае вершы Алеся Гурло.


З сайта газеты “Слава працы”

З сайта масава-палітычнай газеты Капыльскага раёна “Слава працы”

Памяць пра паэта захоўвае Капыльская зямля, якой ён прысвяціў такія патрыятычныя радкі:

Люблю цябе, куток мой родны,
Майго раджэння ціхі край;
У халодны час, у час пагодны
Ты душу радуеш як май…

У Воранаўскай раённай бібліятэцы 31 студзеня 2017 г. адбыўся вечар-партрэт “Плешча мора вечнай воляй...”, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Алеся Гурло, беларускага паэта, які ў сваіх вершах апяваў працоўныя будні, родную прыроду, любоў да нашай Бацькаўшчыны. Прысутныя глыбей даведаліся пра жыццё і творчасць аўтара, пазнаёміліся з літаратурай аб ім, яго творамі, якія былі прадстаўлены на кніжнай выставе.

З сайта Воранаўскай раённай бібліятэкі

З сайта Воранаўскай раённай бібліятэкі

У Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэцы імя А. Астрэйкі ўшаноўваецца памяць ўраджэнца Капыльскага краю. Да кожнага юбілейнага года бібліятэка ладзіць кніжныя выставы аўтара. Да 125-годдзя Алеся Гурло на мясцовым радыё ў рубрыцы “Хвілінка з кнігай” спецыялісты бібліятэкі расказалі пра творчасць пісьменніка. Да 130-годдзя з дня яго нараджэння ў бібліятэцы размешчана віртуальная выстаўка “Паэтычная сцяжынка: лёс і паэзія Алеся Гурло”, а таксама кніжная экспазіцыя “Светлыя мары паэта”.

З сайта Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі

З сайта Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі

Экспазіцыя ў Капыльскай РЦБ імя А. Астрэйкі

Экспазіцыя ў Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэцы імя А. Астрэйкі.
22.11.2022 г.
Фота Ю. Амосавай

5 верасня 2021 г. на XXVIII Дні беларускага пісьменства ў Капылі адкрылася Алея пісьменнікаў – ураджэнцаў Капыльшчыны. На ёй быў прэзентаваны памятны знак у форме літары “Г”, прысвечаны аўтарам Цішку Гартнаму і Алесю Гурло.

На Алеі пісьменнікаў у Капылі
На Алеі пісьменнікаў у Капылі

На Алеі пісьменнікаў у Капылі.
05.09.2021.
Фота Т. Лаўрык

Алесю Гурло належыць свая старонка ў гісторыі літаратуры. Цішка Гартны справядліва адносіў яго да “здольных, яскрава выяўленых паэтаў і пісьменнікаў…”.

3 лютага 2022 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў навукова-практычны семінар “Ураджэнцы роднага краю”, прысвечаны ўшанаванню памяці пісьменнікаў-маладнякоўцаў на іх малой радзіме. На семінары адбылася прэзентацыя віртуальнага раздзела, прымеркаванага да 130-годдзя з дня нараджэння Алеся Гурло.


“Праплыў я шмат жыццёвай плыні”: творчая спадчына Алеся Гурло


У аўтабіяграфічным нарысе Алесь Гурло ўспамінаў:

“Яшчэ на школьнай лаўцы ў многіх маіх таварышаў меўся нахіл пісаць; спрабаваў і я…”.

Першы друкаваны твор Алеся Гурло выйшаў у 1909 г. у газеце Наша ніва» – апавяданне «Ласун».

Раннія вершы паэт прысвячаў цяжкай долі беларускага сялянства. Пазней тэмай твораў становіцца рэвалюцыйная рэчаіснасць, пра што сведчаць яго вершы “Вялікі час” (1921), “Беларуская сялянка” (1921), “Завод” (1922), “Гімн барацьбіцкі” (1923), “Думкі рабочага” (1923), “Люблю я фабрык пераклічку” (1923) і іншыя. Вартыя ўвагі яго публіцыстычныя нарысы “Ад Лютага да Кастрычніка” і “25 кастрычніка 1917 году”, надрукаваныя ў часопісе “Маладняк” (1927) і газеце “Савецкая Беларусь” (1922), у якіх аўтар апісвае свой досвед удзелу ў рэвалюцыйных падзеях.

У 1913 г. Алесь Гурло быў прызваны на флот, дзе правёў каля шасці гадоў. Марская тэма не магла не адлюстравацца ў яго паэтычных радках. Паэт узгадваў водную стыхію ў многіх вершах, даючы ім гаваркія назвы: “Над морам”, “Мора”, “На моры”, “Русалкі”, “Шторм” і іншыя. Зычным зваротам да сяброў-матросаў з’яўляецца яго верш “Заблішчалі ў цёмнай далі маякі” (1916). Пазней, у 1925 г., Алесь Гурло часткова вяртаецца да гэтай тэмы і карыстаецца выразнымі метафарамі:

Жыццё – гэта мора, вечнае бурленне,
І таму так шчыра яго люблю я.
Калі сам загіну, змене пакаленняў
Будзе шлях далёкі асвятляць маяк…

У 1928 г. паэт наведаўся ў Крым і не мог не захапіцца яго краявідамі. Вось што ён пісаў:

“цяпер і я сяджу ў пальмавых алеях,
гляджу ў даль і слухаю прыбой,
і прагна нюхаю пах вінаградна-хмельны,
пазбыўшыся на нейкі час турбот…”

“… да пары, да часу мора гладзь спакойная,
а надыдзе момант – загудзе прыбой.
Ты заплешчаш, мора, сілаю разбойнаю,
Хто тады пасмее ў спрэчцы быць з табой?”

Нездарма даследчыкі творчасці Алеся Гурло называюць яго “паэтам-марыністам”: у сваіх тэкстах Гурло не проста піша пра мора – ён яго малюе яркімі фарбамі.

Творы А. Гурло змешчаны ў зборніках “Барвёнак” (1924), “Спатканні” (1925), “Сузор’і” (1926), “Зорнасць” (1927) і “Межы” (1927). Шмат вершаў друкавалася ў перыядычных выданнях, сярод якіх “Зоркі”, “Савецкая Беларусь”, “Малады араты”, “Беларускі піянер” і іншыя. Падтрымліваючы стасункі з рознымі калегамі па цэху, Алесь Гурло ў розныя часы быў сябрам ці непасрэдным удзельнікам розных літаратурных гурткоў і аб’яднанняў: “Пробліск”, “Маладняк”, “Полымя”. Апошнія два мелі аднайменныя ўласныя часопісы, у якіх паэт таксама актыўна публікаваўся.

Асобнага слова варты верш Алеся Гурло “Нашы птушкі”, які ўпершыню быў надрукаваны ў 1922 г. на старонках дзіцячага часопіса “Зоркі”, а пазней некалькі разоў выдаваўся як самастойны твор.

Пісьменнік і літаратуразнаўца Сцяпан Александровіч адзначаў:

“Па складу сваёй паэзіі гэта пераважна лірык, які ўмеў проста і шчыра выказваць свае пачуцці, свае адносіны да жыцця і прыроды. У вершах А. Гурло няма даніны розным модным для таго часу ўплывам і школам, у яго самабытнай песні чуецца свой непаўторны голас, які працягваў купалаўскія і коласаўскія традыцыі ў беларускай савецкай паэзіі. Празрыстая ўзнёсласць і веліч думкі, адшліфаванасць радка, задушэўная цеплыня пачуццяў, тонкае адчуванне беларускай прыроды, замілаванасць да роднага краю, нейкая асаблівая ўлюбёнасць у жыццё, працу і хараство – вось лепшыя рысы паэзіі Алеся Гурло”.

  • Прыжыццёвыя публікацыі Алеся Гурло ў зборніках і перыядычных выданнях з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

    1909

    Ласун : [апавяданне] / А. Гурло // Наша ніва. – 1909. – 17 снеж. – С. 760–761. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    1910

    Ахвяра : [апавяданне] / А. Гурло // Наша ніва. – 1910. – 14 студз. – С. 48–49. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    Вясна : [апавяданне] / А. Гурло // Наша ніва. – 1910. – 11 сак. – С. 176–177. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    Цёмны наш народ… : [карэспандэнцыя]; Памяці С. Палуяна : [публіцыстыка] / А. Гурло // Наша ніва. – 1910. – 13 мая. – С. 315; 317. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    Восень : [апавяданне] / А. Гурло // Наша ніва. – 1910. – 16 вер. – С. 588. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    1911

    Тут пабудавалі млын… : [карэспандэнцыя] / А. Гурло // Наша ніва. – 1911. – 27 студз. – С. 61. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    Хрыстос уваскрос! : [апавяданне] / А. Гурло // Наша ніва. – 1911. – 7 крас. – С. 193–194. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    1912

    Ласун : [апавяданне] / А. Гурло // Беларускі каляндар “Нашай нівы” на 1912 год. – Вільня, 1912. – С. 99–100. – (Шыфр НББ: БА3761*БА3762)

    Wiecer : [верш] / A. Hurlo // Zbornik “Nasaj Niwy” № 2. – Вільня, 1912. – С. 75. – (Шыфр НББ: БА78*БА1759*БА79)

    Кірмаш капыльскі : [верш] / А. Гурло // Наша ніва. – 1912. – 16 лют. – С. 2–3. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    Ой, як добра мне з табой!... : [верш] / А. Гурло // Наша ніва. – 1912. – 31 мая. – С. 3. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    Вечар : [верш] / А. Гурло // Наша ніва. – 1912. – 16 жн. – С. 3. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    Мой шлях : [верш] / А. Гурло // Наша ніва. – 1912. – 4 кастр. – С. 3. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    1913

    Пень : [апавяданне] / А. Гурло // Беларускі каляндар “Нашай нівы” на 1913 год. – Вільня, 1913. – С. 103. – (Шыфр НББ: БА1271*БА1272*БА3764*1БА301150)

    Віхор : [верш] / А. Гурло // Наша ніва. – 1913. – 25 студз. – С. 2. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    Сяўцу; Роднаму краю; Пад шум лясоў…; Мая песня; Не пытай; Маё жыццё; Не тужы; Песня; Вясна; Летняя раніца; Раніцай; З выраю; Над рэчкай; Не пануйце ў хаце…; Пастушок; І я, на пень прысеўшы ціха…; Поўдзень пры жніве; Зімовы час; Хмары на небе; Восень; Где тыя песні, той радасці поўныя : [вершы] / А. Гурло // Маладая Беларусь [Электронны рэсурс] = Maładaja Biełaruś. Сер. 1. – Электрон. тэкст. даныя. – Мінск, 2012. – Сш. 3. – Пецярбург, 1913. – С. 105–120. – Электрон. коп. друк. выд.

    Беларускае ігрышча ў Пецярбурзе : [публіцыстыка] / А. Гурло // Наша ніва. – 1913. – 20 лют. – С. 4. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    Не гасіце агнёў : [верш] / А. Гурло // Наша ніва. – 1913. – 12 вер. – С. 3. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    1914

    Да дзіцяці : [верш] / А. Гурло // Лучынка. – 1914. – № 4. – С. 13. – (Шыфр НББ: БА42272)

    Я не раз у дрэнны час… : [верш] / А. Гурло // Наша ніва. – 1914. – 24 студз. – С. 3. – (Шыфр НББ: 15Н//20)

    1916

    Вечар : [верш] / А. Гурло // Беларускі каляндар “Нашай нівы” на 1916 год. – Вільня, 1916. – С. 77. – (Шыфр НББ: БА3698*БА3769)

    1917

    Першы спеў : [верш] / А. Гурло // Гоман. – 1917. – 8 чэрв. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//2433)

    1918

    Чайка : [верш] / А. Гурло // Дзянніца. – 1918. – 23 сак. – С. 3. – (Шыфр НББ: 15Н//311)

    1921

    Песня волі : [верш] / А. Гурло // Беларус. ведамасці. – 1921. – 20 снеж. – С. 2. – (Шыфр НББ: 15Н//151)

    1922

    Нашы птушкі : [верш] / А. Гурло // Зоркі. [Электронны рэсурс]. – 1922. – № 1. – С. 25–26. – (Лічбавая копія выканана з арыгінала з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь)

    У жыццёвай кузні; На працу; У зорную ноч : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1922. – № 1. – С. 10–11. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Завод : [верш] / А. Гурло // Савец. Бел. – 1922. – 27 кастр. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Беларускаму універсітэту : [верш] / А. Гурло // Савец. Бел. – 1922. – 29 кастр. – С. 1. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    25-га кастрычніка 1917 года (Успаміны) : [публіцыстыка] / А. Гурло // Савец. Бел. – 1922. – 7 лістап. – С. 4. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1923

    Культработа налаживается : [публіцыстыка] / А. Гурло // Звезда. – 1923. – 7 ліп. – С. 4. – (Шыфр НББ: 4Н//245)

    Мая песня; Вясна ідзе; З выраю; Віхор; Клён; Да мора; Мора; Сяўцу; Аратаму; Жніво; Думка рабочага; Каваль; У жыццёвай кузні : [вершы] / А. Гурло // Выпісы з беларускай літаратуры. – Мінск, 1923. – С. 229–231. – (Шыфр НББ: БА217912*БА217913)

    Мой край : [верш] / А. Гурло // Полымя. – 1923. – № 2. – С. 59. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Надыход лета : [верш]; З майго жыцця : [публіцыстыка] / А. Гурло // Полымя. – 1923. – № 5–6. – С. 7; С. 160–162. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Наша хроника : [публіцыстыка] / А. Гурло // Звезда. – 1923. – 1 сак. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//245)

    Пры рабоце; Гімн барацьбіткі : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1923. – № 7–8. – С. 57. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Раніца; На моры; У дарозе : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1923. – № 3–4. – С. 61–62. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    1924

    На смерць Леніна; Будова; Жаданні; Маю душу поўняць чары… : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1924. – № 1. – С. 13; С. 76–77. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    К. Каліноўскі : [верш] / А. Гурло // Полымя. – 1924. – № 2. – С. 19–20. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Буралом; У жалезных званах : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1924. – № 4. – С. 56. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Горад : [верш] / А. Гурло // Радавая рунь. – 1924. – № 2. – С. 5. – (Лічбавая копія выканана з арыгінала з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь)

    1925

    Чырвоная варта : верш / А. Гурло // Савец. Беларусь. – 1925. – 22 лют. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Сялянцы : [верш] / А. Гурло // Бел. работніца і сялянка. – 1925. – № 3. – С. 14. – (Шыфр НББ: 3ОК1844)

    Сялянка-студэнтка : [верш] / А. Гурло // Бел. работніца і сялянка. – 1925. – № 5. – С. 17. – (Шыфр НББ: 3ОК1844)

    1 мая : [верш] / А. Гурло // Бел. работніца і сялянка. – 1925. – № 6. – С. 5. – (Шыфр НББ: 3ОК1844)

    Гімн піянераў : [верш] / А. Гурло // Бел. піянер. – 1925. – № 3. – С. 7. –(Шыфр НББ: 3ОК312)

    9-га студзеня : [верш] / А. Гурло // Бел. піянер. – 1925. – № 11. – С. 21. – (Шыфр НББ: 3ОК312)

    У. Ігнатоўскаму : [верш] / А. Гурло // Маладняк. – 1925. – № 6. – С. 17. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Развітанне : [верш] / А. Гурло // Маладняк. – 1925. – № 9. – С. 28–29. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Веснавое : [верш] / А. Гурло // Маладняк Калініншчыны. – 1925. – № 2. – С. 13. – (Шыфр НББ: 3ОК11866)

    Кастрычнік : [верш] / А. Гурло // Малады араты. – 1925. – № 13. – С. 5. – (Шыфр НББ: 3ОК11868)

    Мяне сёння вецер не злуе… : [верш] / А. Гурло // Полымя. – 1925. – № 1. – С. 86. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Нам шмат вякоў : [верш] / А. Гурло // Полымя. – 1925. – № 2. – С. 56. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Да гусляў; Песня малатоў : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1925. – № 3. – С. 48–49. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Ноч у гарах; Лязгінка; Каўказ : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1925. – № 5. – С. 56–58. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Асеннія чары; Песні зурновыя; Праплыў я шмат : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1925. – № 7. – С. 58–60. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Памятай…; Ну, засмейся… : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1925. – № 8. – С. 61–62. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    На родных шляхах; Калі адчуць ты песню хочаш… : [вершы] / А. Гурло // Трибуна искусства. – 1925. – № 7. – С. 3. – (Шыфр НББ: 3ОК12700)

    Сэрца стукае : [верш] / А. Гурло // Звязда. – 1925. – 1 лістап. – С. 4. – (Шыфр НББ: 4Н//245)

    Асеннія настроі : [верш] / А. Гурло // Звязда. – 1925. – 22 лістап. – С. 4. – (Шыфр НББ: 4Н//245)

    Каваль; Ткачыха; Думкі рабочага; Завод; У жыццёвай кузні; Раніца; Думкі; Люблю я фабрык пераклічку… : [вершы] / А. Гурло // Іскра. – 1925. – 20 чэрв. С. 2–3. – (Шыфр НББ: 15Н//109)

    Я ўспомніў : [верш] / А. Гурло // Савец. Бел. – 1925. – 18 кастр. – С. 4. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Нешта стукае; Мая Мекка : [вершы] / А. Гурло // Савец. Бел. – 1925. – 1 лістап. – С. 5. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1926

    На смерць Ясеніна : [верш] / А. Гурло // Маладняк. – 1926. – № 2. – С. 91. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Даўно я тут, даўно ня быў… : [верш] / А. Гурло // Маладняк. – 1926. – № 4. – С. 24–25. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Зазвінелі косамі; Начныя мары : [вершы] / А. Гурло // Маладняк. – 1926. – № 5. – С. 41–42. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Заблішчалі агністыя зоры…; Сонца закручвае косы… : [вершы] / А. Гурло // Маладняк. – 1926. – № 6. – С. 32–33. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Я сёння тут, а заўтра дзесьці буду…; Вось яны, родныя гоні : [вершы] / А. Гурло // Маладняк. – 1926. – № 7–8. – С. 3–4. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Далёкае паўстала прад вачыма…; У лесе : [вершы] / А. Гурло // Маладняк. – 1926. – № 9. – С. 24–25. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Хіба ў зіме прыгажосці няма; Эх, бары… : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1926. – № 1. – С. 76–77. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Ну чым вінаваты я…; Звон маіх песняў, звіні! : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1926. – № 2. – С. 58–59. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Начное; Звон маіх песняў, звіні!; Месяц, і зоры і снег : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1926. – № 3. – С. 77–79. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Веснавое; Як мілы мне; Нешта хіліць : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1926. – № 4. – С. 63–65. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Да музы; На Сожы : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1926. – № 5. – С. 37–39. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Бязмежна-радасны прастор!...; Ой, прыдзі ты, прыдзі да мяне…; Распусцілася рана вярба : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1926. – № 6. – С. 56–58. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Купальскія агні; Прыгожы стан, вачэй аздоба… : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1926. – № 7. – С. 35–36. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    На радзіме : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1926. – № 8. – С. 59–60. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Песня гасіць, мусіць : [публіцыстыка ] / пад крыпт. А.Г. // Чырв. сейбіт. – 1926. – № 3. – С. 22–23. – Рэц. на кн.: Дудар, А. І залацісцей, і сталёвей : лірыка / А. Дудар. – Менск [Мінск] : выд. ЦБ Маладняка, 1926. – 68 с. (Шыфр НББ: МФ594)

    1927

    Чым жа, чым : [верш] / А. Гурло // Маладняк. – 1927. – № 1. – С. 11. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    З жыццём позна я справіў заручыны : [верш] / А. Гурло // Маладняк. – 1927. – № 2. – С. 29. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Ідылія : [вершы] / А. Гурло // Маладняк. – 1927. – № 4. – С. 19. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Ноччу марознаю : [верш] / А. Гурло // Маладняк. – 1927. – № 5. – С. 27. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Для цябе я быў нязнаным… : [верш] / А. Гурло // Маладняк. – 1927. – № 7–8. – С. 49. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Ад Лютага да Кастрычніка : [публіцыстыка] / А. Гурло // Маладняк. – 1927. – № 10. – С. 31–37. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Восень; Абнімаецца вецер з бярозай : [вершы] / А. Гурло // Полымя. – 1927. – № 1. – С. 86–87. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    9 студзеня : [верш] / А. Гурло // Бел. вёска. – 1927. – 9 студз. – С. 1. – (Шыфр НББ: 4Н//292)

    Сцягі па рэях…; У гавані шмат караблёў…; Кончаны смех, кончаны жарты…; Бура байцу – на страх; Недзе зайгралі на збор…; Бойка ў разгары; Строй за строем. Рота з ротай…; Доўга біліся… : [вершы] / А. Гурло // Савец. Бел. – 1927. – 7 лістап. – С. 5. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1928

    Мой край : [верш] / А. Гурло // Беларускі дэкламатар. – Вільня, 1928. – С. 7. – (Шыфр НББ: БА234653)

    Вольнае слова; Не гасіце агнёў; Завод; Б.С.С.Р; У жыццёвай кузні; Загад комуны; Думкі рабочага; Надзея; Беларуская сялянка; Над рэчкай : [вершы] / А. Гурло // Дэкламатар. – Мінск, 1928. – С. 42–43; 49; 53; 95; 118; 129; 137; 184; 199; 272. – (Шыфр НББ: БА174489*БА174490)

    Да стрэчы : [верш] / А. Гурло // Літ. дадатак да газ. “Савец. Бел.” – 1928. – 13 мая. – С. 8. – (Шыфр НББ: 3ОК15580)

    Цішка Гартны : Успаміны: [публіцыстыка] / А. Гурло // Літ. дадатак да газ. “Савец. Бел.” – 1928. – 15 снеж. – С. 6–8. – (Шыфр НББ: 3ОК15580)

    [Рэц. на кн.: Дудар, А. Марсельеза : апавяданні / Ал. Дудар. – Менск [Мінск] : выд. ЦБ “Маладняка”, 1927. – 81 с.] / пад крыпт. А.Г. // Маладняк. – 1928. – № 5. – С. 98–99. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    1929

    Пень : [апавяданне] / А. Гурло // Беларускі каляндар на 1929 год. – Вільня, 1928. – С. 19. – (Шыфр НББ: 1БА302000*1БА302001)

    Случчыне : [верш] / А. Гурло // Савец. Бел. – 1929. – 13 студз. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Аўтабіяграфічнае : [верш] / А. Гурло // Савец. Бел. – 1929. – 29 снеж. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Аўтобіаграфія / А. Гурло // Чырвоная змена. – 1929. – 31 снеж. – С. 4. (Шыфр НББ: 4Н//738)

    1930

    Асенні досвітак : [верш] / А. Гурло // Чырв. Бел. – 1930. – № 1. – С. 7. – (Шыфр НББ: 3ОК242)

    1933

    Жыву і хочацца больш жыць… : [верш] / А. Гурло // Полымя рэвалюцыі. – 1933. – № 2–3. – С. 92. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Мне не пазнаць таго кута… : [верш] / А. Гурло // Полымя рэвалюцыі. – 1933. – № 8–9. – С. 46. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Барыкады : [верш] / А. Гурло // Полымя рэвалюцыі. – 1933. – № 11. – С. 43–44. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Вітанне табе!; Не хачу адставаць; На парозе другой пяцігодкі : [вершы] / А. Гурло // Чырв. Бел.– 1933. – № 1. – С. 9. – (Шыфр НББ: 3ОК242)

    1934

    Зіма : [верш] / А. Гурло // Іскры Ільіча. – 1934. – № 12. – С. 5. – (Шыфр НББ: 3ОК312)

    1936

    Даўно мінула; Зіма ў Крыму; Маўзалей; Летні парад; Паспяванне пладоў : [вершы] / А. Гурло // Полымя рэвалюцыі. – 1936. – № 11. – С. 95–99. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    1937

    Мой дар краіне; Я слаўлю : [вершы] / А. Гурло // Полымя рэвалюцыі. – 1937. – № 1. – С. 71–72. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    А.С. Пушкіну : [верш] / А. Гурло // Полымя рэвалюцыі. – 1937. – № 2. – С. 111. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Асенні дзень; Наша касьба; Беларусі Савецкай : [вершы] / А. Гурло // Полымя рэвалюцыі. – 1937. – № 3. – С. 140–142. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Нядоўга цешыўся я морам : [верш] / А. Гурло // Полымя рэвалюцыі. – 1937. – № 4. – С. 86. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Ленінград : [верш] / А. Гурло // Полымя рэвалюцыі. – 1937. – № 9–10. – С. 114–115. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Мой голас : [верш] / А. Гурло // ЛіМ. – 1937. – 27 кастр. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//334)

    Наркому Варашылаву : [верш] / А. Гурло // ЛіМ. – 1937. – 26 лістап. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//334)

    1938

    Заснежыў снежань : [верш] / А. Гурло // Полымя рэвалюцыі. – 1938. – № 1. – С. 111. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Першы снег; На лыжах : [вершы] / А. Гурло // Полымя рэвалюцыі. – 1938. – № 2. – С. 155–156. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Уверх



Паэт, рэвалюцыянер, рамантык: літаратура пра Алеся Гурло


У раздзеле змешчаны бібліяграфічны спіс выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які дапаможа даследчыкам больш грунтоўна пазнаёміцца з трагічным лёсам і творчасцю паэта, публіцыста Алеся Гурло.

Асаблівую цікавасць прадстаўляюць артыкулы яго сяброў-паплечнікаў – М. Гарэцкага, З. Жылуновіча, М. Хведаровіча, а таксама даследчыкаў яго творчасці – У. Міхнюка, А. Марціновіча, С. Александровіча.

З дазволу сучасных аўтараў некаторыя публікацыі алічбаваны і даступны чытачам у поўным аб’ёме, у прыватнасці, артыкулы В. Жыбуля і Т. Лаўрык.


Фотагалерэя

Раздзел адлюстроўвае жыццё і творчы шлях пісьменніка Алеся Гурло. Фотагалерэю складаюць фатаграфіі празаіка і яго родных, групавыя фотаздымкі з пісьменнікамі і калегамі, а таксама выявы дакументаў, машынапісных матэрыялаў, лістоў, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Даследчыкам даецца магчымасць спампоўваць дакументы з мэтай іх далейшага выкарыстання са спасылкай на захавальнікаў фондаў.

Больш падрабязна з усімі матэрыяламі можна азнаёміцца, звярнуўшыся непасрэдна ў адзначаныя арганізацыі.


Бібліятэкарам