Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 18 лютага па 18 красавіка ў бібліятэцы (3-ці паверх, кальцавы калідор) праходзіць выстаўка выданняў, адзначаных узнагародамі LIХ Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.
Штогод, пачынаючы з 1960-га, вынікі працы беларускіх выдаўцоў традыцыйна падводзіць рэспубліканскі конкурс "Мастацтва кнігі". Яго заснавальнікам выступае Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Мэта конкурсу – развіццё мастацтва беларускай кнігі, павышэнне яе канкурэнтаздольнасці, мастацкай і паліграфічнай культуры. Гэта своеасаблівая творчая справаздача выдаўцоў, мастакоў, паліграфістаў, якія стварылі лепшыя ўзоры друкаванай прадукцыі за мінулы год.
У сёлетнім конкурсе ўдзельнічала 35 выдавецтваў са 180 выданнямі. Менш за палову з іх ўвайшло ў шорт-ліст, з якога кампетэнтнае журы выбірала пераможцаў у 16 намінацыях: галоўнай, тэматычных, спецыяльных і персанальных.
Вышэйшая ўзнагарода конкурсу ўручана ў намінацыі “Трыумф” выдаўцу Дзянісу Раманюку за кнігу “Беларусь. Храм і Краявід”. Ён удастоены ганаровага знака-сімвала “Залаты фаліянт” і ганаровага дыплома імя Францыска Скарыны. Пераможцы ўсіх астатніх намінацый былі ўзнагароджаны ганаровым знакам-сімвалам “Залаты фаліянт” і спецыяльным дыпломам.
Дыплом пераможцы ў намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны” ўручаны Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі за факсімільнае выданне “Берасцейская Біблія. 1563”.
Лепшым ілюстратарам прызнаны Уладзімір Даўгяла за ілюстрацыі да кнігі “Чарадзейны пярсцёнак”, лепшым дызайнерам – Уладзімір Лукашык за кнігі Васіля Гігевіча “Востраў”, Алеся Бадака “Развітанне з вечнасцю” і серыю кніг “Напісанае застаецца”. Лепшым фотамастаком журы назвала Андрэя Шчукіна за аўтарскую фотаздымку да кнігі “Смак беларускай кухні”.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі шчыра віншуе пераможцаў і прызёраў нацыянальнай прэміі “Мастацтва кнігі” і запрашае ўсіх жадаючых азнаёміцца з лепшымі выданнямі Беларусі 2019 года.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.