ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Новы выпуск зборніка “Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі”
Віншуем з 85-гадовым юбілеем аўтарытэтнага бібліятэказнаўцу, прафесара, кандыдата педагагічных навук Лілію Адамаўну Дзямешка

У полымі народжанае хараство

У полымі народжанае хараство
Іншыя Навіны

Сёлета спаўняецца 140 гадоў найбуйнейшаму беларускаму прадпрыемству мастацкага шкла “Нёман”, які займае лідзіруючае месца ў галіне сучаснага айчыннага шкларобства.

Шклозавод, размешчаны ў г. Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, вядзе сваю гісторыю з 1883 года, у 1908-м атрымаў назву “Нёман” (па назве ракі, каля якой пабудавана прадпрыемства). У пачатку дзейнасці на заводзе працавала менш за 30 чалавек, выпускаліся простыя рэчы,  якія вырабляліся ўручную: шклянкі, аптэкарскі посуд і лямпавае шкло. Паступова асартымент прадукцыі пашыраўся, удасканальвалася майстэрства шклавараў.  І ўжо ў 1911 годзе на заводзе ажыццяўляўся выпуск больш за 1 800 відаў вырабаў – ад шыкоўнага посуду і ваз да звычайных гаспадарчых рэчаў. Прадукцыя вызначалася высокай якасцю і мастацкім увасабленнем, што зрабіла гандлёвую марку “Нёман” прэстыжнай і вядомай далёка за межамі Беларусі.

Nioman-1.jpg

У час Першай сусветнай вайны завод быў разбураны, адноўлены ў 1921 годзе. Яго дзейнасць пачалася вырабам шклянак, лямпавага і аптэкарскага шкла, ізалятараў для чыгунак, пошты і тэлеграфа. У канцы 1930-х гадоў быў наладжаны выпуск шырокага спектра шкляной і хрустальнай прадукцыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць прадпрыемства была спынена. Пасля вызвалення горада аднаўляць завод, на месцы якога засталіся адны руіны, рабочым прадпрыемства і мясцовым жыхарам дапамагалі спецыялісты з іншых краін. І ўжо ў 1944 годзе “Нёман” пачаў вырабляць аконнае і лямпавае шкло, а з 1945-га – шклапосуд. У 1945 годзе пры заводзе было створана рамеснае вучылішча, якое рыхтавала рабочых шкляных спецыяльнасцей (з 2021 года – у складзе Лідскага дзяржаўнага прафесійнага політэхнічнага ліцэя).

Nioman-2.jpg

У пачатку 1960-х гадоў у вытворчасць шкляных вырабаў пачала ўкараняцца сучасная эстэтыка – простая, лёгкая, пры гэтым рабіць прадукцыю больш вытанчанай дапамагала і асваенне старадаўніх рэцэптаў. Майстры ўзнавілі складаны метад нанясення тонкіх карункавых узораў на шкло, які практыкаваўся ў старажытнай Венецыі. Так, у канцы 1970-х гадоў з’явіўся новы тэрмін “нёманская нітка” – прыгожыя вазы, графіны, жбаны, аздобленыя такім спосабам, можна ўбачыць у многіх дамах.

Nioman-3.jpg

Неабходнасць павелічэння выпуску сучасных вырабаў прывяла да рэканструкцыі завода, уводу новых магутнасцей, развіцця машынных тэхналогій. Былі ўзведзены прасторныя, светлыя жалезабетонныя карпусы новых цэхаў з сучасным інжынерным абсталяваннем, поўнасцю пераведзена на прыродны газ шкловарэнне.

Сёння завод выпускае больш за 5 тысяч вырабаў, розных па назначэнні, форме, колеравым і дэкаратыўным рашэнні. Мастакі шклозавода захоўваюць вопыт і традыцыі заслужаных майстроў і ў той жа час паспяхова развіваюць сучасны дызайн шкла як у вырабах для масавага выпуску, так і ў дэкаратыўных выставачных работах. Высокае майстэрства беларускіх шклавараў пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды, атрыманыя на міжнародных выстаўках і кірмашах (у Франкфурце-на-Майне, Мадрыдзе, Бруселі, Парыжы і інш.). Шклозавод “Нёман” – брэнд Беларусі з сусветным імем, які займае лідзіруючае месца ў галіне вытворчасці і збыту вырабаў са шкла і хрусталю.

Nioman-4.jpg

Больш інфармацыі можна знайсці на сайце прадпрыемства, у анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Бібліяграфічныя звесткі аб публікацыях, прысвечаных заводу, змешчаны ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”: прапануем праграму дзіцячага МЕГАсвята

1 Чэр 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Шчасце бачыць

1 Чэр 2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Мастацкія выстаўкі

Бібліятэкарам