ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Уладзімір Караткевіч і ежа
Рамантыка і праца: летняя практыка ў студатрадах

Багаты і бедны. Да 125-годдзя Леапольда Іванавіча Родзевіча (1895–1938)

Багаты і бедны. Да 125-годдзя Леапольда Іванавіча Родзевіча (1895–1938)
Іншыя Навіны

Праца па стварэнні інфармацыйнага рэсурсу «Фарміраванне культуры Беларусі найноўшага часу праз адлюстраванне айчынных газет 1917–1922 гг.», якая рэалізоўвалася ў 2019 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дала магчымасць выявіць усе публікацыі гэтага пісьменніка, якія выходзілі ў адзначаны перыяд у беларускіх газетах, у тым ліку і сцэнічны абразок «Багаты і бедны», які не трапіў у апошні яго зборнік «Творы» (2008), укладзены В. Яцухнам. Найбольш актыўна ў гэты час ён друкаваўся пад сваім прозвішчам і псеўданімамі Сучасны і Лявон Жыцень.

Леапольд Родзевіч – таленавіты літаратар, сябра Усебеларускага літаратурнага аб’яднання «Маладняк», палітычны дзеяч. Найбольш значны ўклад і глыбокі след пакінуў у драматургіі: яго называюць аўтарам беларускіх вадэвіляў «Пакрыўджаныя», «Блуднікі», «Збянтэжаны Саўка», «Пасланец», «Багаты і бедны», «Досвіткі», «Кавалі», «Конскі партрэт». Найбольшую вядомасць мела п’еса «Збянтэжаны Саўка», якая і цяпер ставіцца тэатральнымі калектывамі Беларусі.

Леапольд Родзевіч нарадзіўся ў фальварку Кур’янаўшчына Вілейскага павета ў збяднелай шляхецкай сям’і. Дзяцей было васьмёра, але бацькі зрабілі ўсё, каб даць ім адукацыю. Каталікі, яны мелі шмат польскіх кніг, аднак не цуралася і беларускай мовы.

У 1910 годзе Леапольд апынуўся ў Вільні, дзе яго захапіла грамадска-культурнае жыццё. Разам з братам Чэславам і сястрой Ядвігай удзельнічаў у трупе Ігната Буйніцкага. Тут жа, у Вільні, пачаў пісаць па-беларуску і публікавацца ў «Нашай ніве». Леапольду было 17 гадоў, калі ён стварыў сваю першую п’есу – «Блуднікі» (1912) пад псеўданімам Мікула Грымот, у якой пры вялікім жаданні можна заўважыць паралелі з творамі некаторых вядомых на той час аўтараў: А. Чэхава, К. Каганца, М. Крапіўніцкага, Э. Ажэшка. Уплыў іншых творцаў быў непазбежны: іх п’есы значыліся ў рэпертуары тэатра Буйніцкага.

Літаратурным настаўнікам для Родзевіча стаў Карусь Каганец, аўтар п’ес «Модны шляхцюк», «Сын Даніла», «Старажовы курган» і іншых. У ліку настаўнікаў быў і Янка Купала, які самааддана падтрымліваў таленавітую моладзь. Як тэатральны дзеяч, рэдактар газеты «Наша ніва» быў зацікаўлены ў пастаноўках новых спектакляў. У 1913 годзе ён спрабаваў атрымаць дазвол на пастаноўку п’есы «Блуднікі» на сцэне, выслаў яе на адрас Драматычнай цэнзуры Галоўнага ўпраўлення па справах друку ў Санкт-Пецярбург. Але дазвол атрымаць не ўдалася, што вельмі засмуціла маладога аўтара.

На перыяд 1912–1916 гадоў прыпадае этап актыўнага творчага росту Леаольда Родзевіча: ад захопленага драматургіяй пачаткоўца да вядомага літаратара. Забарона «Блуднікаў» не адбіла ў пісьменніка цягу да творчасці, ён шмат чытае і знаёміцца з творамі заходнееўрапейскіх драматургаў. Хутка выходзяць яго новыя п’есы – «Марцовы снег» (1914) і «Пакрыўджаныя» (1916), псіхалагічная драма, якая лічыцца адной з самых арыгінальных і цікавых у беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя.

Набліжэнне фронту Першай сусветнай вайны і акупацыя Вільні перапынілі пісьменніцкую дзейнасць: Родзевіч становіцца бежанцам, трапляе ў горад Георгіеўск, дзе нейкі час працуе ў кандытарскім кааператыве. А ў 1919–1920 гадах выходзяць новыя драматычныя творы – класічныя беларускія вадэвілі: «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт», «Пасланец»; абразкі: «У кавалёвай хаце», «Сказ аб гуслях» і іншыя. Усе яны з’явіліся водгукам на трагічныя падзеі, падчас якіх вырашаўся лёс Беларусі. Піша Родзевіч і вершы, пазней яны ўвайшлі ў зборнік «Беларусь» (1922).

Лёс увесь час яго выпрабоўвае. Гэта заўважаецца ў поглядах. Пасля ўсталявання савецкай улады ў Мінску ён вяртаецца на родную Вілейшчыну, дзе некаторы час працуе настаўнікам. А як толькі заключаецца Рыжскі мір і родныя мясціны застаюцца Саветам – пераязджае ў Вільню. Гэта сведчыць пра непрыязнае стаўленне да бальшавікоў. У гэты час Родзевіч вырастае ў палітычнага дзеяча, уключаецца ў грамадска-палітычнае жыццё, выступае супраць польскага ўціску. Такім чынам, ён не прымае ні савецкай, ні польскай улады. Леапольд становіцца вядомым беларускім літаратарам, вакол якога гуртуюцца пісьменнікі Заходняй Беларусі. Ён супрацоўнічае з газетамі «Беларускія ведамасці», «Вольны сцяг», рэдагуе «Беларускі звон» і «Нашу будучыню». У гэтых перыядычных выданнях выходзіла шмат яго твораў – як пад сапраўдным прозвішчам, так і пад шматлікімі псеўданімамі. Тут, у Вільні, і выходзіць яго паэтычны зборнік «Беларусь».

У 1923 годзе Родзевіч зноў у Мінску. Магчыма, пад уплывам брата Чэслава, які працаваў там у Інстытуце беларускай культуры, ён мяняе свае погляды на бальшавіцкую ўладу і становіцца прафесійным падпольшчыкам. Леапольд – сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, яго накіроўваюць на вучобу ў Маскву, у Камуністычны ўніверсітэт нацыянальных меншасцяў Захаду, дзе хлопец пачынае грунтоўна вывучаць марксізм і захапляцца ім.

У 1924 годзе Родзевіча накіроўваюць у Заходнюю Беларусь, дзе па канспірацыйных прычынах ён жыве ў ізаляцыі ад мясцовай інтэлігенцыі. Усё гэта дрэнна спалучаецца з літаратурнай творчасцю, таму ён ужо менш піша, але выходзяць яго зборнікі апавяданняў «Рэвалюцыйным шляхам» (1928) і «Вогнішча барацьбы» (1930).

Як і большасць прадстаўнікоў свядомай інтэлігенцыі Беларусі, Леапольд Родзевіч быў арыштаваны ў 1933 годзе і высланы за межы рэспублікі. Апынуўся ў Саратаве, дзе працаваў лесніком. У 1938 годзе – зноў арыштаваны. Дата смерці невядомая, як і месца пахавання пісьменніка, а таму апошнім годам жыцця адзначаецца 1938-ты.

Найбольшай увагі ў творчасці Родзевіча заслугоўваюць яго драматычныя творы, якія маюць адну цікавую асаблівасць: амаль усе – аднаактовыя абразкі. З аднаго боку, такая адметнасць патрабуе грунтоўнага падыходу – твор павінен быць закончаным і несці ідэйны сэнс, нягледзячы на кароткі адрэзак развіцця падзей. З іншага боку, гэта давала пісьменніку магчымасць падрыхтаваць большую колькасць сцэнічных твораў для пастановак, не трэба было падбіраць шмат артыстаў.

rodzievic.jpg

Яшчэ адна рыса, якая адрознівала п’есы Леапольда Родзевіча: у якасці герояў выступалі пакрыўджаныя, абяздоленыя, творы часта заканчваліся трагічна. Пісьменнік спрабаваў змрочнымі фарбамі перадаць нялёгкі лёс беларускага сялянства Заходняй Беларусі. Магчыма, гэта і тлумачыць адмову Драматычнай цэнзуры ў пастаноўцы першай п’есы «Блуднікі». Пры жыцці Родзевіча выйшлі наступныя зборнікі п’ес: «Пакрыўджаныя» (1921), «Сцэнічныя творы» (1921), «Досвіткі» (1922), «Сцэнічныя творы» (1925).

***

Са сцэнічным абразком «Багаты і бедны» можна азнаёміцца тут.

«На хвалі часу, у плыні жыцця» – праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць».

Аўтар публікацыі: Таццяна Лаўрык.

Крыніца: часопіс «Маладосць»

Навіны

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”: прапануем праграму дзіцячага МЕГАсвята

1 Чэр 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Шчасце бачыць

1 Чэр 2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Мастацкія выстаўкі

Бібліятэкарам