Для наведвальнікаў залы мастацтваў (пам. 306) у межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі” падрыхтавана новая кніжная экспазіцыя “У казачным кругазвароце Валянціны Шобы”, прымеркаваная да 60-годдзя гродзенскай мастачкі.
Містычная і казачная атмасфера, нябесныя целы, салярныя знакі і сімвалы, міфалагічныя персанажы, антрапаморфныя істоты, беларускія арнаменты, напісаныя ад рукі літаратурныя тэксты – усё гэта напаўняе работы Валянціны Шобы, графіка, сябра Беларускага саюза мастакоў, імя якой ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і ў замежжы.
Так, у 2015 годзе сярод больш за дзве тысячы ўдзельнікаў беларуская мастачка стала ўладальніцай прэстыжнай французскай прэміі Тэйлара (“Taylor”) у Парыжы, якую штогод уручаюць мастакам, скульптарам і дызайнерам з усяго свету. Валянціна Уладзіміраўна спакойна ставіцца да папулярнасці і ўзнагарод і цалкам аддае сябе творчасці: “Мой свет – як пустэльніцтва. Зносіны з фарбамі, пэндзлямі, працамі – гэта мая малітва”, – кажа яна.
На выстаўцы “У казачным кругазвароце Валянціны Шобы” прадстаўлены рэпрадукцыі з серый “Сонца”, “Гульні з месяцам”, “Гукі”, “Тая, што чакае цябе”, “365 дзён”, “Перакрыжаванне”, “Народныя святы”. Аўтарская тэхніка мастачкі нярэдка заснавана на майстэрскім спалучэнні гуашы, акварэлі, тэмперы, пастэлі.
Валянціна Шоба – прыродны каларыст, які часам сродкамі трох колераў стварае свой асаблівы свет, які вяртае гледачоў у дзяцінства, нясе атмасферу свята і ўтульнасці, надае пачуццё прасветленасці, узвышаючы нас над звыклым і будзённым.
Мы ў Instagram.
Фотаздымкі бібліятэкара першай катэгорыі Жанны Шавель.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.