8–12 красавіка ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы адбыўся VII Міжнародны навукова-практычны семінар “Рэстаўрацыя дакумента: кансерватызм і інавацыі – 2024”.
Гэта найбуйнейшы прафесійны форум, асноўнай задачай якога з’яўляецца абмен вопытам і павышэнне кваліфікацыі рэстаўратараў і захавальнікаў музейных, бібліятэчных і архіўных фондаў з розных краін.
Сёлета Нацыянальная бібліятэка Беларусі выступіла каардынатарам удзелу ў мерапрыемстве спецыялістаў з шэрагу вядучых бібліятэк Рэспублікі Беларусь: Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна, Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.
Праграма семінара ўключала пленарныя і секцыйныя пасяджэнні, практычныя заняткі і майстар-класы, экскурсіі па галоўным будынку Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі і Музею кнігі. Працавалі выставы “Мудрасць Усходу: жывая традыцыя” і “Захоўваючы бясцэннае”.
11 красавіка ў рамках семінара пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц СНД і Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі была арганізавана работа спецыяльнай секцыі “Захоўваем бясцэннае разам: кансервацыя і рэстаўрацыя помнікаў пісьменства і старадрукаў у краінах садружнасці” з удзелам запрошаных спецыялістаў з найбуйнейшых бібліятэк і рэстаўрацыйных цэнтраў Садружнасці.
Загадчыца аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Дзіяна Муратава распавяла аб аспектах метадычнай работы па забеспячэнні захаванасці бібліятэчных дакументаў у Рэспубліцы Беларусь. Мастак-рэстаўратар 2-й катэгорыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Канцавенка прадставіла метады і этапы практычнай рэстаўрацыі 4 кніг, на якіх раней праводзіўся рамонт.
Загадчыца сектара Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі выступіла з дакладам “Рэстаўрацыя як частка бібліятэчнай дзейнасці: роля спецыялістаў і іх навучанне”. Бібліятэкар дадзенай установы Алена Галубенка падзялілася вопытам рэстаўрацыі кнігі 1659 года выдання.
Загадчыца аддзела рэдкай кнігі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна Таццяна Пешына прадставіла даклад “Аддзел рэдкай кнігі Гомельскай абласной бібліятэкі: пытанні стварэння і захавання”.
Удзел у семінары садзейнічаў больш глыбокаму вывучэнню вопыту калег з іншых краін у сферы кансервацыі рукапіснай і друкаванай спадчыны, дазволіў атрымаць практычныя навыкі рэстаўрацыі дакументаў.
Матэрыял пададзены аддзелам рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў.