ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Літаратурны вечар з гісторыяй
Снягурка

Настаўнік. Воін. Пісьменнік

Настаўнік. Воін. Пісьменнік
Іншыя Навіны

З 17 снежня па 19 студзеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка “Настаўнік. Воін. Пісьменнік”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Аляксея Мікалаевіча Кулакоўскага (1913–1986).


Для творчасці заслужанага дзеяча культуры Беларусі (1974), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986) А. Кулакоўскага характэрна неадрыўная сувязь з жыццём, канкрэтнымі падзеямі, мясцінамі, фактамі – невыпадкова І. Шамякін ахарактарызаваў яго як бытапісца. Самымі значнымі ў творчай біяграфіі пісьменніка сталі раманы дылогіі “Расстаёмся ненадоўга”, “Сустрэча на ростанях”, у якіх раскрыўся эпічны талент пісьменніка, а таксама аповесць “Нявестка”, якая стала самым мастацка дасканалым творам аўтара. Па матывах аповесці А. Макаёнак напісаў сцэнарый да мастацкага фільма “Шчасце трэба берагчы”, які быў пастаўлены ў 1958 г.

Галоўнай тэмай творчасці А. Кулакоўскага ў пасляваенныя дзесяцігоддзі стала тэма вайны, удзельнікам якой быў сам аўтар. Пісьменнік стаў адным з першых, хто раскрыў яе будзённасць і непаказны гераізм радавых салдат. Дылогія “Расстаёмся ненадоўга” і “Сустрэча на ростанях”, раман “Сцежкі зведаныя і нязведаныя”, аповесці “Белы сокал”, “Да ўсходу сонца”, “Маршрут да Клічава”, “Твой шлях перад табою”, “Хлебарэз”, шматлікія апавяданні сталі творчым укладам пісьменніка ў мастацкі летапіс Вялікай Айчыннай вайны, як і літаратурны запіс успамінаў аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1942) В. Казлова “Людзі асобага складу”.

Побач з ваеннай тэматыкай увагу пісьменніка прыцягвала рэальнае жыццё сучаснікаў, аб якім ён проста і шчыра расказаў у аповесцях “Дабрасельцы”, зборніках “Новыя сустрэчы”, “Хораша ўзыходзіць сонца”, “Незабыўнае рэха” і інш.

Пісаў А. Кулакоўскі і для дзяцей, якім адрасаваў апавяданні і аповесці.

Сучаснаму чытачу творы пісьменніка цікавы жыццёвай праўдай, павагай і любоўю да простага чалавека, увагай да яго ўнутранага стану, які ён умела раскрываў, ствараючы выразныя псіхалагічныя партрэты сваіх герояў.

На выстаўцы прадстаўлены Збор твораў, “Выбраныя творы”, зборнікі і асобныя выданні аповесцей і апавяданняў, першыя публікацыі аўтара ў перыядычных выданнях, асобныя нумары часопіса “Маладосць”, галоўным рэдактарам якога ён быў у 1953–1958 гг., калектыўныя зборнікі, у якія ўвайшлі творы пісьменніка. Некаторыя з іх былі выдадзены ў Празе, Лодзі, Сафіі.

На паліцы – беларускамоўныя выданні раманаў Р. Файзі “Яго вялікасць Чалавек” і Ш. Рашыдава “Мацней за буру” (у суаўтарстве з П. Кавалёвым), якія знаёмяць з А. Кулакоўскім як перакладчыкам.

Шырокае адлюстраванне ў экспазіцыі знайшлі матэрыялы пра творчасць Аляксея Мікалаевіча, кожны яго новы твор прыцягваў увагу крытыкаў, літаратуразнаўцаў, таварышаў па пяру: І. Шамякіна, І. Мележа, М. Лынькова, А. Адамовіча, В. Жураўлёва, П. Дзюбайлу і інш. Творчасць пісьменніка ў свой час стала прадметам дысертацыйнага даследавання С. Гусака, вынікам якога стаў крытыка-біяграфічны нарыс “Аляксей Кулакоўскі” (1967). Побач з артыкуламі, водгукамі, літаратуразнаўчымі матэрыяламі на выстаўцы экспануюцца ўспаміны пра А. Кулакоўскага.

Выстаўка ілюстравана фотаздымкамі і налічвае звыш за 100 дакументаў.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 16.

Спіс літаратуры

Навіны

Беларуская натарыяльная палата і Нацыянальная бібліятэка Беларусі: захоўваем гісторыю разам

5 Чэр 2024

5 чэрвеня ў зале адукацыйных тэхналогій у рамках падпісанага раней пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы інфармацыйнай дзейнасці паміж Беларускай натарыяльнай палатай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі адбылася ўрачыстая перадача ў фонды "алмаза ведаў" унікальнага выдання, прысвечанага этапам станаўлення інстытута натарыята на беларускіх землях.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Кніжная спадчына Дома Мамонічаў

3 Чэр 2024

З 3 чэрвеня ў музеі кнігі арганізавана выстава, прымеркаваная да 450-годдзя з пачатку дзейнасці друкарні Мамонічаў – аднаго з самых адметных беларускіх выдавецкіх цэнтраў ХVІ – пачатку ХVІІ ст.

Кніжныя выстаўкі

У бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Знайдзі скарбы”

3 Чэр 2024

3 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся фінал культурна-асветніцкай акцыі “Знайдзі скарбы”, ініцыяванай прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

3–9 чэрвеня 1944 года. 13 тыдняў да Вызвалення

4 Чэр 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Беларусь няскораная

3 Чэр 2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам