ГалоўнаяБiблiятэкарамНавукова-практычныя распрацоўкі і метадычныя матэрыялыМетадычныя рэкамендацыі па арганізацыі нестацыянарнага бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь

Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі нестацыянарных форм бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэкі ў Рэспубліцы Беларусь

1. Дадзеныя рэкамендацыі вызначаюць парадак арганізацыі нестацыянарных форм бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэкі ў Рэспубліцы Беларусь (далей – нестацыянарныя формы абслугоўвання).

2. Да нестацыянарных форм абслугоўвання адносяцца: бібліятэчныя пункты, перасоўныя бібліятэкі (бібліёбусы), выязныя чытальныя залы, кніганошаства.

Бібліятэчны пункт – адасобленае падраздзяленне бібліятэкі, якое размешчана паза месцам яе знаходжання і ажыццяўляе дзейнасць па бібліятэчным, інфармацыйным і даведачна-бібліяграфічным абслугоўванні карыстальнікаў бібліятэкі (далей – карыстальнікі) па месцы іх жыхарства, працы або вучобы.

Перасоўная бібліятэка (бібліёбус) – спецыяльна абсталяваны транспартны сродак, укамплектаваны бібліятэчным фондам, які змяняе сваё месцазнаходжанне з мэтай абслугоўвання тэрытарыяльна аддаленых ад бібліятэкі яе карыстальнікаў.

Выязная чытальная зала – мерапрыемства па арганізацыі адкрытых праглядаў бібліятэчных фондаў, перш за ўсё перыядычных выданняў, у вызначаныя дні і гадзіны па месцы працы, вучобы або адпачынку карыстальнікаў.

Кніганошаства – мерапрыемства па дастаўцы кніг з бібліятэкі або бібліятэчнага пункта па месцы жыхарства або працы карыстальніка.

3. Нестацыянарныя формы абслугоўвання, як правіла, арганізуюцца ў населеных пунктах, у якіх адсутнічаюць бібліятэкі або знаходзяцца больш чым за 3 кіламетры.

Арганізацыя нестацыянарных форм абслугоўвання ажыццяўляецца бібліятэкай на аснове рашэння кіраўніка, узгодненага з заснавальнікам, а таксама кіраўнікамі арганізацый, на базе якіх арганізуюцца нестацыянарныя формы абслугоўвання.

Дзейнасць бібліятэк па арганізацыі нестацыянарных форм абслугоўвання ажыццяўляецца згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры, лакальнымі прававымі актамі бібліятэк з улікам норм заканадаўства аб ахове працы.

Выбар нестацыянарных форм абслугоўвання залежыць ад стану матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, аддаленасці раёна (мікрараёна) горада, іншага населенага пункта ад бібліятэкі, стану транспартнай інфраструктуры.

Арганізацыя нестацыянарных форм абслугоўвання адлюстроўваецца ў гадавым плане бібліятэкі.

Фінансаванне нестацыянарных форм абслугоўвання ажыццяўляецца за кошт сродкаў, прадугледжаных на арганізацыю дзейнасці бібліятэк.

4. Бібліятэкай, адказнай за арганізацыю нестацыянарных форм абслугоўвання, распрацоўваюцца і зацвярджаюцца неабходныя дакументы: графік працы, дзённікі (журналы) уліку працы, планы, справаздачы.

5. Арганізацыю нестацыянарнага абслугоўвання ў сельскай мясцовасці ажыццяўляе аддзел абслугоўвання і інфармацыі ці іншы аддзел цэнтральнай бібліятэкі сеткі раёна ці горада, які ажыццяўляе абслугоўванне карыстальнікаў.

6. Службовыя абавязкі работніка бібліятэкі, які ажыццяўляе арганізацыю нестацыянарных форм абслугоўвання, павінны ўключаць прыём і выкананне заказаў ад карыстальнікаў, планаванне, улік і справаздачнасць, а таксама кантроль за абнаўленнем бібліятэчнага фонду, прызначанага для гэтых мэт.

7. Запіс карыстальнікаў нестацыянарных форм абслугоўвання і выдача дакументаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі карыстання і ўліковымі формамі бібліятэкі.

8. Рэжым працы нестацыянарных форм абслугоўвання зацвярджаецца кіраўніком бібліятэкі і даводзіцца да ведама калектываў работнікаў, жыхароў населенага пункта, якія абслугоўваюцца.

9. Бібліятэчны пункт арганізуецца бібліятэкай на падставе пагаднення з арганізацыяй ці па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады ў населеных пунктах, у якіх бібліятэка адсутнічае.

Бібліятэчныя пункты публічных бібліятэк рэкамендуецца размяшчаць у крокавай даступнасці ў найбольш зручных для насельніцтва месцах: паблізу транспартных развязак, крам, камерцыйных ці культурных цэнтраў.

10. Планаванне работы па арганізацыі перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) ажыццяўляецца на аснове праведзенага бібліятэкай маніторынгу дэмаграфічнага складу насельніцтва, аналізу патрэб і запытаў карыстальнікаў.

На аснове вывучэння неабходнасці, пажаданняў і максімальнага ахопу карыстальнікаў вызначаюцца маршруты выездаў, месцы стаянак і працягласць знаходжання ў кожным пункце.

Выезды перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) ажыццяўляюцца па распрацаваных маршрутах. Маршруты будуюцца згодна з лагістычнай мэтазгоднасцю з даўжынёй шляху ў сярэднім 50 км і сярэдняй колькасцю населеных пунктаў – пяць.

Час, неабходны для абслугоўвання карыстальнікаў і выкарыстання перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса), вызначаецца спецыфікай маршруту (аддаленасць населеных пунктаў і іх колькасць; шчыльнасць насельніцтва; колькасць работнікаў, якія былі задзейнічаны ў абслугоўванні; дарожныя ўмовы і іншыя).

Працягласць стаянкі перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) залежыць ад колькасці карыстальнікаў. Сярэдняя працягласць стаянкі складае 60 хвілін.

Стаянкі і гадзіны працы перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) ўстанаўліваюцца ў найбольш зручны для карыстальнікаў час.

Стаянка перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) арганізуецца ў месцах найбольш актыўнага наведвання: паблізу прыпыначных пунктаў, каля магазінаў, устаноў адукацыі альбо іншым месцы, даступным і зручным для наведвання карыстальнікамі.

Для карыстальнікаў, якія не маюць магчымасць наведваць бібліятэку па стане здароўя, бібліятэчныя, інфармацыйныя і даведачна-бібліяграфічныя паслугі аказваюцца па месцы іх знаходжання: дома, у бальнічных арганізацыях і г.д.

Транспартны сродак, які ажыццяўляе функцыі перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса), павінен быць тэхнічна спраўным, мець дазвол на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху і тэрмін эксплуатацыі не больш за 10 гадоў з даты выпуску.

Бібліятэчны фонд перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) павінен размяшчацца на спецыяльных стэлажах, устаноўленых з нахілам, каб не дапускаць падзення кніг пры руху аўтамабіля. Вугал з гарызанталлю павінен складаць ад 10 да 20 градусаў у залежнасці ад месца размяшчэння. Пры адсутнасці дадзенага абсталявання могуць выкарыстоўвацца скрыні і каробкі, але толькі ў выпадку забеспячэння фізічнай захаванасці бібліятэчнага фонду пры транспарціроўцы.

Перасоўная бібліятэка (бібліёбус) павінна быць абсталявана наступнымі тэхнічнымі сродкамі: персанальным камп’ютарам, капіявальнай тэхнікай і прынтарам (шматфункцыянальнай прыладай), а таксама забяспечваць выхад у глабальную камп’ютарную сетку Інтэрнэт.

Па магчымасці ў транспартным сродку павінны быць арганізаваны рабочыя месцы для супрацоўніка бібліятэкі і карыстальнікаў.

Графік працы перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) і яе маршруты зацвярджаюцца кіраўніком бібліятэкі.

11. Выязная чытальная зала выкарыстоўваецца ў мэтах папулярызацыі кнігі і чытання сярод дзяцей, навучэнцаў і дарослага насельніцтва шляхам арганізацыі перасоўных кніжных выстаў, правядзення інфармацыйна-асветніцкіх і іншых мерапрыемстваў.

Выязная чытальная зала арганізуецца ў навучальных установах, установах аховы здароўя, летніх аздараўленчых лагерах, іншых арганізацыях, а таксама на адкрытых гарадскіх пляцоўках і г.д.

Выязная чытальная зала працуе ў вызначаныя гадзіны і дні тыдня, зацверджаныя кіраўніком бібліятэкі.

12. Кніганошаства арганізуецца для бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў з ліку інвалідаў, пажылых людзей, іншых катэгорый насельніцтва, якія не маюць магчымасці самастойна наведваць бібліятэку. Кніганошаства ажыццяўляецца работнікамі бібліятэкі ва ўзгодненыя з карыстальнікамі дні і час.

13. Бібліятэчны фонд нестацыянарных форм абслугоўвання фарміруецца ў адпаведнасці з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі карыстальнікаў і ўключае выданні па асноўных галінах ведаў, мастацкую літаратуру. Вытворчая літаратура падбіраецца з улікам прафесійных патрэб карыстальнікаў.

14. Карыстальнікам нестацыянарных форм абслугоўвання для задавальнення іх запытаў прадстаўляюцца паслугі бібліятэкі, у тым ліку платныя.

15. Інфармацыя аб інфармацыйных рэсурсах бібліятэкі, правілах іх выкарыстання, новых паступленнях, пераліку ўсіх відаў паслуг бібліятэкі даводзіцца да карыстальнікаў нестацыянарных форм абслугоўвання ў форме аб’яў, плакатаў, буклетаў.

16. Улік і справаздачнасць нестацыянарных форм абслугоўвання вядзецца бібліятэкай у адпаведнасці з усталяванымі формамі дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.

17. Улік працы па абслугоўванні карыстальнікаў нестацыянарных форм абслугоўвання фіксуецца ў дзённіку працы бібліятэкі, які адлюстроўвае колькасць карыстальнікаў, наведванняў, выдачы дакументаў, сацыякультурных мерапрыемстваў.

18. Паказчыкі абслугоўвання з дапамогай нестацыянарных форм абслугоўвання штомесячна падаюцца ў бібліятэку для ўключэння іх у зводную справаздачу.

Бібліятэкарам