MainInformation resourcesElectronic informational resourcesResources of the National Library of BelarusVirtual projects, exhibitions and collectionsLibrary virtual projectsA virtual journey with Yanka MaurA journey to Tierra del Fuego (the story “Сын воды” / "The Son of water")
A journey to Tierra del Fuego (the story “Сын воды” /

A journey to Tierra del Fuego (the story “Сын воды” / "The Son of water")

Марскія людзі

Трэці дзень злуе бура. Халодны асенні дождж пырскае бесперапынку, хоць стаіць лета – снежань месяц. Дажджавая заслона схавала ўсе горы, толькі бліжэйшыя скалы невыразна чарнеюцца. Наверсе свішча вецер, недзе далёка чуецца, як раве мора, але тут, у гэтым калідоры між стромкіх скал, яшчэ больш-менш ціха. Часам уварвецца і сюды вецер, загудзе, завые, як злоўлены звер, але вузкую стужку вады расхваляваць не можа. А потым зноў спакойна, толькі дождж булькае па вадзе ды наверсе вецер шуміць.

І трэці дзень, зашыўшыся ў шчыліну між скал, стаіць лодка Тайдо. Палова яе добра схавана пад зробленай над ёй паветкай, сюды дождж амаль не дасягае. Тут і размясцілася ўся сям’я Тайдо: жонка, дзевятнаццаці гадовы сын Манг ды двое малодшых дзяцей – дзяўчынка дзесяці год і шасцігадовы хлопчык.

Але з другога краю дождж у лодку льецца. – Вылівайце ваду! – час ад часу загадвае бацька.

І тады дзеці чарпакамі і рукамі пачынаюць выплёхваць ваду з чоўна.

І так трымаюцца трэці дзень.

Можа, вы падумаеце, што гэта якія-небудзь няўдалыя падарожнікі чакаюць у дарозе, пакуль скончыцца непагода?

Не, гэта звычайная сям’я ў звычайных умовах. Нікуды яны не спяшаюцца: яны ў сваім доме – на лодцы.

Зразумела, і яны жадаюць, каб дождж хутчэй скончыўся, але гэта не надта ім рупіць, бо дождж гэты таксама звычайнае з’явішча. І ўлетку і ўзімку – заўсёды ён восеньскі, халодны, і цягнецца, бывае, цэлымі тыднямі.

Розніца паміж летам і зімой толькі тая, што ўлетку ўсё ж такі крыху цяплей, часам бывае пятнаццаць градусаў цяпла, часцей выпадаюць сонечныя дзянькі і нават раз у год здараецца навальніца з громам і маланкаю, а ўзімку разам з дажджом часта ідзе і снег, але марозу, як гэта мы разумеем, усё роўна няма.

Там, наверсе, у гарах, мароз бывае, снег застаецца і ўлетку і ледавікі спускаюцца ўніз, але тут, на вадзе, можна сказаць, заўсёды восень.

Вось чаму нашы жыхары былі спакойныя і не лічылі сябе няшчаснымі.

Народ гэты, так званыя фуіджы, здаўна ўжо жыве такім чынам у заходняй частцы Вогненнай Зямлі і на бліжэйшых астравах ля Паўднёвай Амерыкі, або, лепш сказаць, каля Магеланавай пратокі.

Калі бываюць людзі горныя, стэпавыя, людзі лясоў і гэтак далей, дык тут мы маем людзей мора, якія нараджаюцца, гадуюцца, жывуць і паміраюць на вадзе, на моры.

Жыццё, як мы бачым, несалодкае. Чаму яны абралі сабе гэты спосаб жыцця?

Таму, што на зямлі яшчэ горш, бо сядзець на голым каменні сярод вады зусім немагчыма. І яны дапасавалі сваё жыццё да вады.

І ўвесь іх выгляд дапасаваўся да іхняга жыцця.

З прычыны таго, што ўвесь свой век яны праводзяць, скурчыўшыся на лодцы, што яны не маюць магчымасці размяць сваё цела, яно зрабілася нейкае мяккае, пухкае, круглае, нібы раздутае, а рукі і ногі тонкія і кволыя. Асабліва кідаліся ў вочы маленькія дзеці: гэта былі нібы пузыры, у якія ўторкнуты тонкія дубцы.

Колер скуры брудна-жоўты, твар шырокі, вочы вузкія, а нос роўны, прамы, нават прыгожы. Валасы чорныя, доўгія, спускаюцца ўніз, як кара, і каб іх не вырывалі спераду, то чалавек і свету не бачыў бы.

Нягледзячы на халодны клімат, яны былі голыя, але ў кожнага з шыі спускалася скура якога-небудзь марскога звера – маржа, марскога коціка. Гэтыя скуры трэба лічыць не адзеннем, а заслонай ад ветру. Імі прыкрывалі той бок, адкуль дзьмуў вецер, а другі бок заставаўся голым.

Тут жа, на лодцы, была і ўся гаспадарка сям’і: гліняныя гаршкі, плеценыя торбачкі, нажы, зброя. Прылады былі разнастайныя: і каменныя, і касцяныя, і з марскіх чарапашак, і нават заржавелая жалезная сякера. Асабліва каштоўным быў нейкі даўгі кавалак жалеза з крукам на канцы і з дзіркамі пасярэдзіне, відаць, ад нейкай будоўлі, але як сюды трапіў – невядома.Багаццем былі і два жалезныя цвікі.

Найважнейшае ж месца займала вогнішча. Пасярэдзіне лодкі, досыць шырокай, была насыпана зямля, і на ёй быў раскладзены агонь. Але ён ледзь тлеўся і не даваў ні святла, ні цеплыні.

Лес быў таксама нейкі асаблівы, нібы скурчаны ад холаду, але складаўся ён з букавых і міртавых парод, што растуць толькі ў цёплых краях. Такая ўжо тут прырода, што не разбярэш, ці халодны клімат ці цёплы.

Падводны лес

Большасць фуіджынцаў трымаецца ў паўднёвай частцы архіпелага, куды ніхто з чужых не заглядае. Нельга сказаць, каб яны так ужо баяліся выпадковага падарожніка. Тут іншая справа: дзе не бывае белых людзей з іх стрэльбамі, там звычайна збіраюцца розныя жывёлы, асабліва птушкі. А сярод іх знойдуцца і смачнейшыя за пінгвінаў.

Апрача ўсяго гэтага, выявілася, што пад імі ў вадзе расце нібы лес, а ў гэтым лесе незлічонае мноства “дзічыны”.

Першы раз заўважылі гэта ў часе адліву. Калі вада знізілася, у ёй паказалася галлё, распасцёртае ў шырыню. Гэта была не марская трава, а сапраўднае дрэва, з галінамі, таўшчынёю з руку, і з доўгім вузкім лісцем. Гэтае лісце, даўжынёю ў метр, варушылася, выгіналася, нібы змеі. Галлё так разраслося, што стварыла падводны гушчар ва ўсёй затоцы. А між тым, гэта было ўсяго толькі адно дрэва, са ствалом у паўметра таўшчыні.

Завецца яно фукус, або альга. Яно досыць распаўсюджана, але такой велічыні дасягае толькі ў гэтых месцах. Адно дрэва часам разрастаецца на дзвесце метраў ушыркі.

Калі зачапілі і прыпаднялі адну такую галіну, то на ёй знайшлі столькі рознага дабра, што ў нашых людзей аж сліна пацякла. Чаго толькі тут не было! Чарапашкі, малюскі, маленькія ракі, медузы, анемоны, розныя чарвячкі, – адным словам, усё тое, чым любілі ласавацца фуіджынцы.

– Глядзіце! Глядзіце! І крабы! – весела закрычалі дзеці.

Сапраўды, у разгалінаванні гэтага дрэва размясцілася цэлая сям’я крабаў. Стары краб злосна пазіраў і пагрозліва варушыў сваімі страшэннымі клюшнямі, але зараз жа яго ўхапілі і разбілі аб човен.

– Яшчэ адзін! – крыкнуў Кос і зняў другога. Потым знайшоўся і трэці.

Гэтыя велізарныя ракі з’яўляюцца такой смачнай стравай, што Манг пачаў есці іх сырымі.

– Зірніце толькі, што робіцца ў вадзе! – сказала Мгу.

А ў вадзе была нібы каша ад мноства рыб, асабліва маленькіх. Старыя рыбы выбралі гэты куток, каб адкладваць тут сваю ікру. Лепшага месца для гэтай справы нельга было і прыдумаць. Сюды не дасягала ніводная хваля, і рыбы спакойна пладзіліся “ў лесе”. Нездарма і птушкі аблюбавалі гэтае месца.

Гэта быў нібы зусім асобны свет. Усе тут знаходзілі сабе спажыву. Дужэйшы паядаў слабейшага, але насельніцтва ад гэтага не змяншалася. Усе знаходзілі прытулак сярод гасціннага дрэва. Каб яны не паядалі адзін аднаго, тады ім і паварушыцца не было б дзе. А нарэшце над усімі імі з’явіўся чалавек…

(Янка Маўр. Аповесць “Сын вады”. Мастак Ю.К. Зайцаў.)

Brief information about Tierra del Fuego