19 лютага 2004 г. а 16-й гадзіне ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца ўрачысты вечар "Экалогія роднай мовы", падрыхтаваны да Міжнароднага дня роднай мовы.
У розных краінах свету людзі сёння размаўляюць на 6000 мовах. За апошнія тры стагоддзі тэмпы згасання ці знікнення моў узрастаюць. 2 лістапада 2001 г. Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА прыняла Усеагульную дэкларацыю аб культурнай разнастайнасці. Гэты міжнародны дакумент мабілізуе людзей на абарону моў не ў меншай ступені, чым помнікі матэрыяльнай культуры і прыроднай спадчыны. З роднай мовай звязаны нацыянальная гісторыя, культура, традыцыі і сучаснасць. Яна з'яўляецца сродкам зберажэння і перадачы культурных і духоўных каштоўнасцей. Менавіта таму Міжнародны дзень роднай мовы паўсюдна штогод адзначаюць пад эгідай ЮНЕСКА.
Ва ўрачыстым вечары прымуць удзел вучоныя, супрацоўнікі дыпламатычных місій, прадстаўнікі Нацыянальнага Камітэта ЮНЕСКА ў Беларусі, Украінскага інфармацыйна-культурнага цэнтра, Беларускага фонда культуры, Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, выкладчыкі і студэнты вышэйшых навучальных устаноў.
Вечар завершаць канцэрт, адкрыццё выстаўкі літаратуры з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, на якой будзе прадстаўлена тэматычная падборка кніг па тэме "Беларуская мова: шляхі развіцця, перспектывы" (мова і нацыя, культура мовы, дзяржаўныя акты па абароне роднай мовы), у тым ліку эксклюзіўная калекцыя падручнікаў беларускай мовы, а таксама выстаўкі беларускай перыёдыкі.