Выданне трохтомніка "Скрыжалі памяці", дзе ўпершыню прэзентавана творчасць 46 пісьменнікаў і журналістаў Беларусі, якія загінулі ў гады вайны, мае несумненнае грамадска-культурнае значэнне. Выкарыстанне гэтай кнігі ў бібліятэках, навучальных і культурных установах Беларусі і іншых краін будзе садзейнічаць прыцягненню грамадскай увагі, у першую чаргу маладога пакалення, да чалавечых лёсаў таленавітых людзей, якія загінулі на франтах, у блакадным Ленінградзе, канцлагерах, гета, засценках СС і СД.
Матэрыял кнігі ўяўляе сабой унікальную культурна-гістарычную спадчыну, кранае самыя глыбіні душы і скіраваны да памяці, свядомасці сучаснага грамадства, якое знаходзіцца ў пошуку адказаў на пытанні гісторыі і на шляху да аб’яднання на аснове агульначалавечых каштоўнасцей.
Выданне прысвячаецца 60-годдзю Перамогі над фашызмам і 60-годдзю заканчэння Другой сусветнай вайны.
У прэзентацыі кнігі прымалі удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Беларускага рэспубліканскага фонду "Узаемаразуменне і прымірэнне", Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Інстытута літаратуры НАН Беларусі, а таксама вядомыя вучоныя, пісьменнікі, архівісты, сваякі пісьменнікаў, якія загінулі ў гады вайны, аўтары ўспамінаў, перакладаў, артыкулаў, уключаных у выданне, маладыя літаратары.