З 3 кастрычніка ў музычным сектары аддзела мастацтва будзе адкрыта выстаўка "Старадаўняя музыка Беларусi".
Музычная культура Беларусі мінулых стагоддзяў - адна з самых цікавых і важных галін гісторыі айчыннай культуры. Вельмі спецыфічная і своеасаблівая, яна разам з тым з'яўляецца арганічнай і неад'емнай часткай еўрапейскай музычнай цывілізацыі.
Музычная спадчына значнай часткі кампазітараў, якія жылі і стваралі ў Беларусі, сапраўды належыць адначасова некалькім народам і справядліва з'яўляецца іх агульным набыткам. На выставе прадстаўлены творы знакамітых на ўвесь свет Міхала Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшкі, Восіпа Казлоўскага, а таксама творы менш вядомых да нашага часу, але не менш таленавітых аўтараў: Войцаха Длугарада, Напалеона Орды, Міхала Ельскага, Антона Абрамовіча і інш.
Прадстаўленыя на выставе ноты, аўдыёматэрыялы і кніжныя выданні даюць уяву пра старадаўнюю музыку Беларусі, якая, развіваючыся ў рэчышчы агульнаеўрапейскай традыцыі, увабрала ў сябе многія рысы і тэндэнцыі, што ядналі яе з культурай як Захаду, так і Усходу.
Выстаўка зацікавіць шырокае кола наведвальнікаў бібліятэкі.