Сярод значных падзей ў культурным жыцці Беларусі - святкаванне юбілею народнага мастака СССР, акадэміка НАН Беларусі Міхаіла Савіцкага. Сёлета майстру спаўняецца 80 год.
У сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі разгорнута кніжна-ілюстратыўная выстаўка, прысвечаная гэтай даце. З максімальнай паўнатой на ёй прадстаўлены матэрыялы аб творчым шляху аднаго з буйнейшых мастакоў Айчыны. Майстар на працягу ўсёй сваёй творчасці кожнай сваёй карцінай няспынна вядзе гаворку аб духоўнасці.
Пэўная частка выставы прысвечана знакамітым цыклам мастака "Лічбы на сэрцы" і "Чорная быль". Першы з іх прысвечаны адной з самых страшэнных з'яў у жыцці чалавецтва - вайне. Удзельнікам, ахвярай і пераможцам у ёй быў і Міхаіл Савіцкі. Другі цыкл - "Чорная быль" - рэквіем памяці ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.
Шматлікія матэрыялы выставы - кнігі, альбомы, часопісы, рэпрадукцыі, паштоўкі - усебакова асвятляюць творчы шлях мастака, творчасць якога - гэта вера ў перамогу дабра, розуму, жыцця.