З 10 па 15 студзеня 2005 г. у аддзеле беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праходзіць выстаўка, прысвечаная 80 - годдзю беларускага паэта Васіля Васілевіча Карпечанкі.
Экспазіцыю складаюць кнігі аўтара, вершы, байкі, гумарэскі паэта, уключаныя ў калектыўныя зборнікі, матэрыялы аб жыцці і творчасці паэта.
Асноўныя матывы лірыкі Васіля Карпечанкі – любоў да роднага краю, яго хараства, багацця, знаёмых нам краявідаў. Па-свойму свежа, ярка, вобразна ўспрымае паэт усе нашы зямныя рэаліі і перадае іх чытачу з нейкай асаблівай узнесласцю, цеплынёй, спагадай і надзеяй.
Пачаткам мастацкай творчасці В. Карпечанкі лічыцца 1956 г., калі ў часопісе “Бярозка” былі апублікаваны яго вершы. У 1961 годзе выходзіць першы зборнік вершаў паэта “Сонейка ўзышло”. Зборнік склалі вершы для дзяцей.
Шматлікія вершы паэта ўваходзяць у падручнікі для вучняў малодшых класаў “Буквар”, “Роднае слова”, “Беларуская мова”.
Васіль Карпечанка вядомы таксама і як сатырык. З-пад яго пяра выйшлі байкі, гумарэскі, сатырычныя мініяцюры.