З 7 па 15 красавіка 2005 г. у аддзеле беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі экспануецца выстаўка, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння беларускага мовазнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара Васіля Ульянавіча Протчанкі.
Прадмет навуковых пошукаў В.У. Протчанкі - удасканальванне зместу школьнага курса роднай мовы, удакладненне мэт і задач навучання, стварэнне вучэбных праграм і падручнікаў па беларускай мове, распрацоўка і ўкараненне ў педагагічную практыку найбольш эфектыўных метадаў і прыёмаў навучання.
Больш за 130 навуковых прац вучонага ўвайшлі ў скарбніцу педагагічных ідэй, метадычных парад, дыдактычных рэкамендацый.
Пяру выдатнага вучонага-метадыста належаць манаграфіі: "Навучальныя пераказы ў I-III класах школ з беларускай мовай выкладання" (1980, з Я.М. Лаўрэлем), "Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Словазлучэнне. Просты сказ" (1984), "Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы" (1987), "Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Складаны сказ" (1989), "Пераказы ў пачатковай школе" (1999, з Я.М. Лаўрэлем) і інш.
Навукова-асветніцкая дзейнасць прафесара В.Протчанкі адзначана медалём Францыска Скарыны.
Экспазіцыю складуць кнігі, артыкулы, матэрыялы аб жыцці і творчасці вучонага.