З 27 мая па 3 чэрвеня 2005 г. у аддзеле беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праводзіцца выстаўка, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Уладзіміра Георгіевіча Кудзінава.
Творчая спадчына таленавітага празаіка і перакладчыка Уладзіміра Кудзінава - найкаштоўнейшы набытак рускамоўнай літаратуры на Беларусі.
Першыя творы У. Кудзінава з'явіліся ў друку ў 1961 годзе. Асноўны кірунак творчасці пісьменніка - свет прыроды, цесна звязаны са светам чалавечых адносін.
Своеасаблівая, непаўторная проза Уладзіміра Георгіевіча аб беларускай вёсцы і яе працаўніках, аб маральных праблемах, звязаных з выхаваннем сучаснай моладзі, склала зборнікі аповесцей і апавяданняў "Разделение радости" (1968), "Предчувствие перемен" (1972), "Сполохи" (1978), "Ольховатская история" (1984), "Первоосень" (1987).
У. Кудзінаў выступаў у друку і як перакладчык. На рускую мову пераклаў раманы І. Пташнікава "Мсціжы" (1977) і "Алімпіяда (Воблакі шасцідзесятых)" (1987), асобныя творы В. Адамчыка, В. Карамазава, А. Карпюка, П. Місько, А. Савіцкага і іншых.
Экспазіцыю складаюць зборнікі, творы ў перакладзе аўтара, рэцэнзіі.