2 снежня 2004 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся адкрыццё ілюстрацыйнай выстаўкі «Беларусь на старажытных картах» і прэзентацыя кнігі “Беларусь у працах польскіх картографаў ХIV – ХХ стст.”
На вечары выступілі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі і Прадстаўнік Камісіі па справах ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь Уладзімір Рыгоравіч Шчасны. Выстаўку і кнігу прадставіў аўтар, кандыдат гістарычных навук Леў Раманавіч Казлоў, які упершыню ўвёў у навуковы абарот знойдзеныя ім у розных краінах свету старажытныя карты Беларусі. Яны яскрава адлюстроўваюць гісторыка-геаграфічныя працэсы ХIV – ХХ стст., у выніку якіх, пачынаючы з ХIV ст., з некалькіх дзесяткаў рознатыповых феадальных утварэнняў склаліся сучасныя ўсходнееўрапейскія дзяржавы, у тым ліку і Беларусь.
Арыгіналы і факсімільныя копіі прыведзеных у кнізе карт, агульным коштам больш за 500 тыс. руб., пасля закрыцця выстаўкі будуць пераданы ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Для наведвальнікаў выстаўка будзе працаваць да 15 снежня 2004 г.