1924 г. № 1. С. 107.

“У злучнасьці баларускіх пісьменьнікаў “Маладняк” распачалася бойкая праца. Штотыдзень адбываюцца агульныя сходы, на якіх ідзе чытаньне і крытыка твораў сяброў злучнасьці. Прыступлена для зьбіраньня матэр’ялаў на зборнік, які “Маладняк” намераны выдрукаваць у бліжэйшы час”.

1924 г. № 4. С. 182–183.

“На сходзе сяброў Усебеларускага Аб’яднання поэтаў “Маладняк”, які адбыўся 17.11.1924 года, пастаноўлена адзначыць гадавіну аб’яднаньня праз організацыю ў клюбах і Гостэатры вечароў з мэтай популярызацыі аб’яднаньня. К юбілею выпускаецца хрыстаматыя, якая будзе складацца выключна з твораў сяброў “Маладняку”. Юбілей адбудзецца ў сьнежні м-цы г.г.

Сябром аб’яднаньня “Маладняк” М. Гусаком – напісана трагедыя з жыцця Заходняй Бларусі пад назвай “На раздарожжы”.

Поэта Бабарэка піша нарысы з жыцьця студэнтаў под назвай “Студэнцкія запіскі”, ім напісана аповесць “Агрызкі жыцця”. Маладняк зьвяртае асаблівую ўвагу на самаадукацыю сваіх сяброў у галіне літаратуры і літаратурных напрамкаў”.

1925 г. № 2. С. 206–207.

Па дырэктывах “Маладняка” і Інбелкульту ў лютым месяцы г.г. поэты Анатолі Вольны і Язэп Пушча выяжджалі ў г.г. Полацак, Магілёў і Віцебск з мэтаю азнакамленьня з магчымасьцямі організацыі філіі і наладжаньнем вечарын беларускай поэзіі.

9 лютага г.г. адбыўся сход менскай організацыі “Маладняк”. Чыталі свае творы Міхась Зарэцкі – “Дзіўная” і Кузьма Чорны – “Бяздоньне”.

15 лютага адбыўся першы організацыйны сход Магілёўскай філіі “Маладняк”. Філія ў сваім складзе налічвае 17 асоб, з якіх 4 жанчыны.

18 лютага адбыўся сход “Маладняка”, на якім былі разгледжаны пытанні організацыйнага характару.

На сходзе былы прэзыдыум “Маладняка” рэорганізаваны ў часовае цэнтральные Бюро, у склад якого ўвайшлі Вольны, Бабарэка, Зарэцкі, Александровіч і Чарнушэвіч, пры кандыдатах Пушчы і Гурло.

Цэнтральнаму Бюро даручана ў бліжэйшы час склікаць Усебеларускі зьезд “Маладняка”, на якім ужо і будуць апрацаваны сталыя організацыйныя формы.

ЦБ “Маладняка” атрымала запрашэнне ад ЦБ “Гарту” на ўсеукраінскі зьезд пролетарскіх пісьменьнікаў.

У Бабруйску заложана філія “Маладняка”. Заснавалася новая студыя “Маладняка” у Беларускім Педагогічным Тэхнікуме (Менск). На чале студыі – М. Зарэцкі.

У Полацку з’організавалася філія “Маладняка” з 5 асоб. Пры філіі існуе студыя ў большасці з вучнёўскай моладзі, якая налічвае 30 чалавек.

1925 г. № 3. С. 167.

“З 21 по 23 сакавіка г.г. у будынку ІБК адбываўся першы пленум Усебеларускага аб’яднаньня поэтаў і пісьменьнікаў “Маладняк”. У пленуме прымалі ўдзел: Центральн. Бюро “Маладняка” і прадстаўнікі ад філій “Маладняка” – Маскоўскай, Віцебскай, Магілёўскай, Полацкай, Барысаўскай, Бабруйскай і Менскай, – агулам да 30 чалавек. Пленумам заслуханы шэраг дакладаў і вынесены па іх рэзолюцыі. Усе матэрыялы пленуму выданы асобным “Бюлетэнем”.

У Клімавічах заложана філія “Маладняка”.

У Гомлі заложана філія “Маладняка”.

У нядзелю 26 красавіка ў клюбе імя “Карла Лібкнехта” для комсамольцаў-гарбароў адбыўся вечар “Маладняка”.

ЦБ “Маладняка” пастанавіла выдаваць маладнякоўскую бібліятэчку паасобнымі невялічкімі кніжачкамі, якія-б каштавалі 10-15 капеек. У першую чаргу вызначана выдрукаваць 20 кніжачак на сродкі ЦБ “Маладняка”.

Вяздецца падрыхтоўка да сліканьня зьезду “Маладняка”, на які будуць запрошаны прадстаўнікі літаратурных аб’яднаньняў Украіны, РСФСР і Закаўкаскай Фэдэрацыі. Зьезд адбудзецца у пачатку чэрвеня”.

1925 г. № 5. С. 214.

“Організацыя беларускіх пісьменьнікаў “Маладняк” пасылае сваіх сябраў у Веліскі, Себескі і Невельскі паветы Віцебшчыны для азнаямленьня беларускага жыхарства з дасягненьнямі беларускай культуры.

Беларускія поэты-маладнякоўцы – М. Чарот, А. Вольны і У. Дубоўка у ліпні месяцы наведалі Мазыршчыну, дзе зрабілі даклады аб беларускай літаратуры і прачыталі свае творы. З боку слухачоў маладнякоўцы мелі вялікі посьпех.

Аддзел Друку ЛКСМБ, замест Ан. Вольнага назначыў рэдактарам “Маладняка” маладнякоўца Труса”.

1926 г. № 2. С. 186.

“Надоечы ў Маскве адбыўся дыспут на тэму “Маладняк і шляхі развіцця беларускае культуры”. Даклад выклікаў вялікае зацікаўленне закранутым пытаннем з боку студэнцтва, якое прыняло ў ім гарачы ўдзел. На дыспут сабралася да 800 чал. беларускага студэнцтва.

Пры Інбелкульте організаваны маладнякоўскі клюб. Загадчыкам клюбу выдзелены маладняковец Я. Бобрык”.

1927 г. № 1. С. 212.

“ЦБ “Маладняка” праводзіць перавучот сваіх членаў па ўсёй тэрыторыі БССР. У студзені месяцы г.г. адбыўся агульны сход т-ва пісьменнікаў, драматургаў і композытараў, на якім была заслухана справаздача часовага праўлення а сваёй дзейнасьці. Цяпер т-ва налічвае по Беларусі 34 асобы. Сход абраў новае праўленьне ў складзе т.т. З.Жылуновіча, Ф. Ждановіча, Я. Дыла, Е. Міровіча і Макса Купэра”.

1927 г. № 5. С. 203.

“У Менску заснавалася новае пісьменьніцкае аб’яднаньне “Пробліск”. Заснавальнікамі яго з’яўляюцца: Алесь Гурло, Н. Чарнушэвіч, Янка Бобрык, Т. Кляшторны, І. Плаўнік, Я. Туміловіч і М. Хведаровіч”.

1928 г. № 2. С. 228.

“У сярэдзіне лютага г.г. адбылася Ўсебеларуская конфэрэнцыя літаратурнага аб’яднаньня пролетарскіх пісьменьнікаў “Маладняк”.

На конфэрэнцыі было вырашана пытанне аб уваходзе “Маладняка” ва ўсесаюзнае аб’яднаньне пролетарскіх пісьменьнікаў. Конфэрэнцыя таксама пастанавіла, што “Маладняк” павінен заняць першае месца ў пролетарскай літаратуры. У склад Цэнтральнага Бюро “Маладняка” абраны: т.т. Лынькоў, Ліманоўскі, Мазуркевіч, В. Каваль, Галавач і інш.: кандыдатамі т.т. Бобрык і Барашка.

У склад рэдакцыі ўвайшлі т.т. Ліманоўскі, Галавач, Звонак, Маркаўка і Каваль.

У сучасны момант літаратурнае аб’яднаньне пролетарскіх пісьменьнікаў “Маладняк” налічвае: Менская філія – 30 чал., Аршанская – 6, Бабруйская – 3, Віцебская – 7, Магілёўская – 5, Полацкая – 1, Гомельская – 1”.

1928 г. № 3. С. 239–239.

“На працягу сакавіка м-ца Менская філія “Маладняк” наладзіла чатыры літаратурныя вечары. Вечары былі наладжаны у клюбе імя Леніна для чыгуначнікаў ст. Менск МББ ч.; у клюбе заводу “Пролетары”, у клюбе К.Маркса (вечар творчасці Т. Шэўчэнкі) і ў рабочым клюбе Нова-Барысаву – для новабарысаўскай рабочай моладзі.

Усе вечары прайшлі з вялікім поспехам.

У хуткім часе “Маладняк” наладжвае вялікі літаратурны вечар у клюбе КІМу (Менск) для комсамольскай моладзі.

У Маскве, на Ўсесаюзным зьезьдзе пролетарскіх пісьменьнікаў ад “Маладняка” прысутнічала дэлегацыя з сямі асоб: Я. Ліманоўскі, Лынькоў, Мазеркевіч, Вечар, В.Каваль, Р. Мурашка і Н. Маркава. Гэтымі днямі адбылося утварэнне часоваго бюро асацыяцыі “Маладняк”, якое будзе яднаць яўрэйскую, польскую і літоўскую літаратурныя сэкцыі (на абшырах БССР).

Пры Менскай філіі “Маладняка” з’організавалася група сцэнарыстых-маладнякоўцаў, якія паставілі перад сабой мэту ў першую чаргу выўчэньне тэорыі і тэхнікі кіно-мастацтва.

ЦБ “Маладняка” ўхваліла зрабіць выезды ў Гомель, Горкі, Віцебск і Ленінград для наладжваньня літаратурных вечароў аб беларуска літаратуры.

5 сакавіка г.г. адбылася нарада беларускіх пісьменьнікаў па пытаньні ўтварэньня рэпэртуару для беларускіх тэатраў . На нарадзе прысутнічалі Нар. Кам. Асьветы т. Баліцкі, Нам. Наркому Вансоўскі, Якуб Колас, М. Чарот, Галубок, Александровіч, Бядуля, Сташэўскі, Чорны, Дудар, Ліманоўскі, Вольны, Ляжневіч, Крапіва і інш. беларускія пісьменьнікі”.

1928 г. № 6. С. 200.

“ЦБ “Маладняка” ў канцы кастрычніка м-ца мае намер слікаць усебеларускі зьезд “Маладняка” разам з сэкцыямі (польскай, яўрэйскай і літоўскай), дзе будуць вырашаны організацыйныя і латаратурна-творчыя пытаньні”.

1928 г. № 7. С. 206–207.

“На працягу сакавіка-жніўня месяцаў Менскай філіяй “Маладняка” наладжана было 15 літаратурных вечарын.

Вечарыны ў пераважнасьці наладжваліся ў рабочых клюбах. Абслужана звыш 4.000 слухачоў.

На апошнім пасяджэньні ЦБ “Малданяка” па пытаньні аб удзеле ў сьвяткаванні 10-лецьця БССР, ухвалена зьвярнуць увагу ўсіх сяброў “Малданяка” на тое, каб яны адбілі ў сваёй творчасці героічны шлях БССР за 10 гадоў”.

1928 г. № 8. С. 172.

“Бюро Менскай Філіі “Маладняка” падвяло вынікі аб складзе сяброў Менскай філіі “Маладняка” ў лічбах. Усяго ў Менскай філіі лічыцца 38 сяброў.

Па соцыяльнаму складу з рабочых – 4, сялян – 28, служачых – 3, іншых – 3.

Па нацыянальнасьці: беларусаў – 36, яўрэяў – 2.

Па партыйнай прыналежнасці: сяброў і кандыдатаў КП(б)Б – 6, комсамольцаў – 13, беспартыйных – 19.

Па творчасці: поэтаў – 21, прозаікаў – 12, крытыкаў – 4, перекладчыкаў з чужаземных моў – 1. З іх маюць зборнікі – 19, з прынятымі ў БДВ зборнікамі да друку – 3, ня маюць зборнікаў – 16.

Па маладнякоўскаму стажу: з 1925г. – 12, з 1926 г. – 16, з 1928 г. – 10”.

1928 г. № 9. С. 223–224.

“У працягу лістапада м-ца менская філія “Маладняка” мае правесьці шэраг літаратурных вечароў.

На гэтых вечарох адбудуцца даклады аб творчасьці “Маладняка” і чытка твораў маладнякоўцаў.

Гэтымі днямі пры Галоўмастацтве адбылася спецыяльная камісія по размеркаваньні стыпендый беларускім і яўрэйскім пісьменьнікам-студэнтам розных навучальных устаноў.

У першую катэгорыю залічаны 5 пісьменьнікаў, з якіх М. Зарэцкаму, А. Александровічу і К. Атраховічу (Крапіва) вызначана по 100 р. штомесячна. Алесю Дудару і Язэпу Пышчы по 80 руб. штомесячна.

У другую катэгорыю залічаны 12 пісьменьнікаў, з якіх Барашку – 50 руб., Глебку і Вітэнзону – па 45 руб., Серадзе (Дарожнаму), Кляшторнаму, Кавалю, Лужаніну, Трусу, Хурсіку, Маракову, Ліўшыцу і Фаміну по 40 руб.

У трэцяй катэгорыі залічаны 5 пісьменьнікаў, з якіх Вішнеўскай, Казлоўскаму, Камянецкаму і Бобрыку па 25 руб. і Салагубу – 15 руб.

28 лістапада спаўняецца 5-я гадавіна існаваньня “Маладняка”. Юбілею будзе прысвечана адно ўрачыстае пасяджэнне зьезду “БелАППА’а” ( Беларуская Асоцыяцыя Пролетарскіх Пісьменьнікаў).

На гэтым урачыстым пасяджэньні будзе заслухан даклад аб творчасьці “Маладняка” за 5 год. Апрача гэтага, 5-годзьдзю прысьвечваецца юбілейны нумар часопісі “Маладняка”(№11).

Па акругах і Менску будуць праведзены літаратурныя вечары, прысьвечаныя юбілею”.

Библиотекарям