ГалоўнаяПра бiблiятэкуСлавутыя імёныСлавуты бібліёграф XX стагоддзя А.А. Сакольчык: да 120-годдзя з дня нараджэння Даты жыцця і дзейнасці

Даты жыцця і дзейнасці

1896 (19 красавіка) У вёсцы Вуглы Самахвалавіцкай воласці Мінскага ўезда Мінскай губерні (цяпер Самахвалавіцкага сельскага савета Мінскага раёна Мінскай вобласці) у сям’і сялян нарадзіўся Адам Антонавіч Сакольчык.

1911 Скончыў Самахвалавіцкае двухкласнае народнае вучылішча.

1915 (красавік) Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю па спецыяльнасці “настаўнік пачатковай школы”.

1915 (жнівень) У сувязі з ваеннымі дзеяннямі быў датэрмінова прызваны ў Расійскую імператарскую армію.

1916 (жнівень) Скончыў 2-ю Маскоўскую пяхотную школу прапаршчыкаў. Малодшы афіцэр 292-га пяхотнага запаснога палка, прапаршчык (г. Калуга).

1916–1918 Удзельнік баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны. Малодшы афіцэр 14-га грэнадзёрскага Грузінскага Яго Імператарскай Высокасці Наследніка Цэсарэвіча Аляксея палка Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі 2-га Каўказскага армейскага корпуса (урочышча Белы Ключ Тыфліскай губерні); падпаручнік 23-га грэнадзёрскага Мангліскага палка 2-й Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі 2-га Каўказскага армейскага корпуса (Каўказскі фронт).

1918 (студзень) Дэмабілізаваны з арміі.

1918 (люты – лістапад) Загадчык Беліцкаўшчынскай пачатковай школы Мінскага ўезда.

1918–1919 Студэнт Мінскага інстытута народнай адукацыі.

1919 (красавік) Прызваны ў рады Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі (РККА).

1919–1922 Удзельнік грамадзянскай вайны на тэрыторыі Украіны і Беларусі. Удзельнік савецка-польскай вайны. Камандзір узвода 393-га стралковага палка, начальнік разведвальнага аддзялення штаба 131-й стралковай брыгады 44-й Кіеўскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі імя М.А. Шчорса 12-й арміі. Прымаў удзел у баях супраць арміі Украінскай Народнай Рэспублікі пад камандаваннем С.В. Пятлюры, Добраахвотніцкай арміі генерала А.І. Дзянікіна. Ваяваў на Заходнім, Паўднёвым, Паўднёва-Заходнім франтах. Быў паранены ў левую руку. Служыў у камандным саставе Узброеных Сіл Украіны і Крыма. У раёне г. Луцка (Украіна) трапіў у палон да белапалякаў, утрымліваўся ў лагеры ваеннапалонных у польскім горадзе Тухоля (Tuchola). Вызвалены ў выніку абмену ваеннапалоннымі пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора. Зноў прызваны ў Чырвоную Армию. Памочнік начальніка інфармацыйнага аддзялення разведвальнага аддзела штаба войск Мінскага раёна (Заходні фронт).

1922–1941 Знаходзіўся ў запасе.

1921–1925 Вучоба ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на сацыяльна-гістарычным аддзяленні педагагічнага факультэта (беларуская секцыя), спецыяльнасць “настаўнік геаграфіі і гісторыі сярэдняй школы”.

1922–1924 Працаваў настаўнікам матэматыкі, гісторыі, геаграфіі, фізічнай культуры, першым дырэктарам (загадчыкам) прыходскай гарадской школы № 7 г. Мінска (пачатковая; з 1922 беларуская савецкая працоўная школа № 35 г. Мінска, няпоўная сярэдняя школа).

1924–1930 Дырэктар (загадчык) савецкай няпоўнай сярэдняй школы № 32 г. Мінска.

1930–1933 Выкладчык геаграфіі на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, на рабфаку Мінскага медыцынскага інстытута.

1932–1933 Як мяркуецца, па ініцыятыве беларускага вучонага М.Ф. Лойкі (1892–1937) задзейнічаны ў рабоце над падрыхтоўкай падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па фізічнай геаграфіі для сістэмы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, а таксама ў выкладанні гэтай дысцыпліны ў навучальных установах. Выдадзены падручнікі: “Фізічная геаграфія” (Мінск, 1932; сумесна з М.Ф. Лойкам); “Геаграфія” (у трох выпусках; Мінск, 1932–1933; сумесна з М.Ф. Лойкам, Т. Езавітам).

1933–1941 Выкладчык геаграфіі Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы Беларусі імя У.І. Леніна (г. Мінск).

1934 (студзень – снежань) Выбіраўся кандыдатам у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета.

1940 Працаваў бібліёграфам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (па сумяшчальніцтве).

1938–1941 Вучоба ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на фізіка-матэматычным факультэце (сектар завочнага навучання). Вымушаны быў перапыніць навучанне ў сувязі з пачаткам вайны, закончыў 3 курсы.

1941 (студзень – ліпень) Працаваў настаўнікам геаграфіі 9-й школы дарослых (вячэрняй) г. Мінска.

1941 (ліпень) Прызваны ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію Раслаўскім раённым ваенным камісарыятам Смаленскай вобласці.

1941–1945 Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У рэзерве 18-га запаснога сапёрнага батальёна. Начальнік кантрольна-прапускнога пункта 110-га асобнага дарожна-эксплуатацыйнага батальёна 41-й арміі. Загадчык справаздачай аддзела забеспячэння гаручым штаба 41-й арміі. Загадчык справаводства ветэрынарнага аддзела штаба 2-га Украінскага фронту. Начальнік улікова-аперацыйнага аддзела палявога армейскага ветэрынарнага склада № 433, старшы лейтэнант адміністрацыйнай службы. Ваяваў на Калінінскім і 2-м Украінскім франтах. Прымаў удзел у вызваленні Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі. Дзень Перамогі сустрэў у Чэхаславакіі.

1945 (май) Прадстаўляўся ваенным камандаваннем да ордэна “Красная Звезда” (за добрасумленную і выдатную службу). Узнагароджаны медалём “За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.”.

1945 (май – лістапад) Пасля вайны прадоўжыў службу ў Савецкай Арміі ў г. Скаліцы (Чэхаславакія); у Адэскай ваеннай акрузе.

1945 (чэрвень) Узнагароджаны медалём “За боевые заслуги”.

1945 (лістапад) Звольнены ў запас у званні старшага лейтэнанта. Вярнуўся ў г. Мінск.

1945–1952 Знаходзіўся на афіцэрскім уліку ў Сталінскім (цяпер Партызанскі) раённым ваенным камісарыяце г. Мінска.

1945–1946 Працаваў метадыстам Упраўлення працоўных рэзерваў пры Савеце Міністраў Беларускай ССР.

1946–1948 Загадчык Кніжнай палаты БССР пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна.

1948 (лістапад) Ажаніўся з Зояй Уладзіміраўнай Дзьяканавай (1912–1996; бібліятэкар, метадыст Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна). Дзеці: Ірына Сяргееўна (нарадз. 1940), дачка ад першага шлюбу жонкі, урач-педыятр; Наталля Адамаўна (нарадз. 1948), хімік-тэхнолаг. Унукі: Юлія (нарадз. 1972), доктар медыцынскіх навук, прафесар.

1948–1961 Загадчык кабінета (пазней аддзела) беларускай літаратуры і бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна.

1958 У часопісе “Советская библиография” (вып. 49) быў надрукаваны артыкул “Кабинет белорусской литературы и библиографии”. Рэдагаваў бібліяграфічныя памяткі “Паўлюк Трус” і “Пімен Панчанка” (Мінск, 1958; складальнік Н.Б. Ватацы). Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Беларускай ССР.

1959 Выйшаў з друку бібліяграфічны даведнік “Міхась Лынькоў: да 60-годдзя з дня нараджэння” (Мінск, 1959; складальнік Н.Б. Ватацы; рэдактар А.А. Сакольчык). 1960 Выйшаў з друку бібліяграфічны паказальнік “Периодическая печать Белоруссии. 1817–1916 гг.” (Мінск, 1960).

1961 Выйшаў з друку рэкамендацыйны паказальнік “Карысныя выкапні Беларускай ССР і іх скарыстанне” (Мінск, 1961).

1961–1964 Галоўны бібліёграф аддзела беларускай літаратуры і бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна.

1962 (снежань) Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры.

1964 Выйшаў з друку паказальнік “Русская дореволюционная книга о Белоруссии (1802–1916 гг.)” (Мінск, 1964).

1964 (снежань) Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры.

1965 (студзень) Выйшаў на заслужаны адпачынак.

1965–1976 Па асабістай ініцыятыве працаваў над бібліяграфічнымі паказальнікамі: “Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: феадалізм і капіталізм” (Мінск, 1969; сумесна з М.Г. Крэканэ, Ю.І. Бібіла); “Асвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады = Просвещение в Белорусской ССР за 50 лет Советской власти” (Мінск, 1973; сумесна з Ю.І. Бібіла); “Праграмы навучальных устаноў : машынапісны дадатак да кнігі «Асвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады»” (Мінск, 1973); “Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии (1768–1917 гг.)” (Мінск, 1976).

1969 Выйшаў з друку бібліяграфічны паказальнік “Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: феадалізм і капіталізм” (Мінск, 1969; сумесна з М.Г. Крэканэ, Ю.І. Бібіла).

1972 Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры.

1973 Выйшлі з друку бібліяграфічныя паказальнікі “Асвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады = Просвещение в Белорусской ССР за 50 лет Советской власти» (Мінск, 1973; сумесна з Ю.І. Бібіла); “Праграмы навучальных устаноў: машынапісны дадатак да кнігі «Асвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады»” (Мінск, 1973).

1975 (красавік) Узнагароджаны юбілейным медалём “30 лет победы в Великой Отечественной войне”.

1976 Выйшаў з друку бібліяграфічны паказальнік “Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии (1768–1917 гг.)” (Минск, 1976).

1978 (студзень) Узнагароджаны юбілейным медалём “60 лет Вооруженных Сил СССР”.

1982 Узнагароджаны Ганаровай граматай дырэкцыі, партбюро і мясцовага камітэта Дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна.

1983 (8 студзеня) Памёр у Мінску. У адпаведнасці з завяшчаннем пахаваны на могілках пасёлка Самахвалавічы Мінскага раёна Мінскай вобласці.

Бібліятэкарам