ГалоўнаяПра бiблiятэкуСлавутыя імёныСлавуты бібліёграф XX стагоддзя А.А. Сакольчык: да 120-годдзя з дня нараджэння

Славуты бібліёграф XX стагоддзя А.А. Сакольчык: да 120-годдзя з дня нараджэння

 

Інтэрнэт-рэсурс прымеркаваны да 120-гадовага юбілею з дня нараджэння вядомага беларускага бібліёграфа Адама Антонавіча Сакольчыка. Бібліяграфічныя выданні, у стварэнні якіх ён прымаў непасрэдны ўдзел ("Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии", "Перыядычны друк Беларусі", "Бібліяграфія па гісторыі Беларусі : феадалізм і капіталізм", "Асвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады" і інш.), і сёння не губляюць сваёй значнасці і актуальнасці, з’яўляюцца настольнымі кнігамі для многіх пакаленняў бібліёграфаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, педагогаў, спецыялістаў іншых галін.

Так, паказальнік "Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии (1768–1917)" да гэтага часу з’яўляецца адным з найбольш поўных збораў бібліяграфічных звестак пра дакументы беларусазнаўчай тэматыкі, які былі выдадзены ў азначаны перыяд. Гэтае выданне і іншыя працы А.А. Сакольчыка актыўна выкарыстоўваюцца супрацоўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў якасці адной з асноўных крыніц інфармацыі ў рабоце па фарміраванні зводнага ЭІР нацыянальнай бібліяграфіі Беларусі, беларусазнаўчых паўнатэкставых калекцый і іншых рэсурсаў.

На пачатку работы над праектам складальнікі сутыкнуліся з тым, што існуючыя пра А.А. Сакольчыка звесткі з’яўляюцца вельмі сціплымі і нешматлікімі, таму (у значнай ступені дзякуючы супрацоўніцтву з яго дочкамі) паспрабавалі адкрыць невядомыя старонкі жыцця славутага бібліёграфа, зрабіць яго больш блізкім і зразумелым цяперашняму пакаленню бібліятэчных спецыялістаў.

У віртуальным праекце прадстаўлены біяграфічныя матэрыялы; бібліяграфічны спіс работ А.А. Сакольчыка, рэцэнзій на іх, кніг пад рэдакцыяй; бібліяграфічныя звесткі пра публікацыі, прысвечаныя яго жыццю і дзейнасці.

Акрамя бібліяграфічнай і біяграфічнай інфармацыі, у рэсурсе змешчаны копіі разнастайных дакументаў і матэрыялаў, якія ілюструюць насычанае падзеямі жыццё і прафесійную дзейнасць Адама Антонавіча. Сярод іх – асабістыя дакументы, узнагароды (ваенныя і прафесійныя), прадастаўленыя яго сям’ёй; дакументы з асабістай справы, якая захоўваецца ў архіве бібліятэкі; вялікая фотагалерэя (у т.л. здымкі, зробленыя падчас юбілейнага мерапрыемства, якое праходзіла ў бібліятэцы 08.04.2016 у рамках XII Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў) і іншыя матэрыялы.

Праект разлічаны на выкладчыкаў, аспірантаў, студэнтаў, бібліятэчных работнікаў, краязнаўцаў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй бібліятэчнай справы і бібліяграфіі Беларусі. Складальнікі выказваюць вялікую падзяку дочкам бібліёграфа Наталлі Адамаўне Сакольчык і Ірыне Сяргееўне Шыловіч за плённае супрацоўніцтва і дакументы, прадастаўленыя для праекта і перадачы ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Удзельнікі праекта:
Складальнік: А.Л. Бараноўскі (навукова-даследчы аддзел бібліяграфіі).
Рэдактар: І.У. Градоўкіна (навукова-даследчы аддзел бібліяграфіі).
Пераклад, карэктура і тэхнічнае выкананне: аддзел суправаджэння інтэрнэт-партала.
Алічбоўка дакументаў: аддзел фарміравання электроннай бібліятэкі.

Бібліяграфічныя запісы складзены ў адпаведнасці з ДАСТ 7.1-2003 "Бібліяграфічны запіс. Бібліяграфічнае апісанне. Агульныя патрабаванні і правілы складання" (Мінск, 2004) і рэкамендацыямі па ўжыванні асобных палажэнняў ДАСТ 7.1-2003 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Унутры падраздзелаў БЗ размешчаны ў парадку храналогіі. У выпадку неінфарматыўнай назвы дакумента яго бібліяграфічнае апісанне дапаўняецца ўдакладняючай анатацыяй. Большасць запісаў забяспечана спасылкамі на электронныя копіі дакументаў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў праекта неабходна прыводзіць спасылку на крыніцу (інтэрнэт-партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).

111