ГалоўнаяПра бiблiятэкуСлавутыя імёныКласік беларускай літаратурнай бібліяграфіі Н. Б. Ватацы: да 100-годдзя з дня нараджэння Бібліяграфічная дзейнасць Н.Б. Ватацы

Бібліяграфічная дзейнасць Н.Б. Ватацы

Звыш шасці дзесяткаў гадоў прайшло з таго часу, калі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі (тады Дзяржаўную бібліятэку БССР) паступіла на работу новая супрацоўніца – Ніна Барысаўна Ватацы. Гэта маладая дзяўчына адразу звярнула на сябе ўвагу сур’ёзнасцю, працавітасцю, грунтоўнымі ведамі, любоўю да бібліятэчнай працы. Невыпадкова, што за незвычайна кароткі час яна прайшла службовыя ступені ад практыканта i памочніка бібліятэкара да галоўнага бібліёграфа аддзела беларускай літаратуры i бібліяграфіі.

А да пачатку бібліяграфічнай працы яна перажыла ўжо немалыя выпрабаванні: цяжкую хваробу, падчас якой кнігі сталі для Ніны Барысаўны лепшымі сябрамі; упартай самастойнай працай набыла сярэднюю адукацыю без наведвання старшых класаў школы. Вучобу па праграме агульнаадукацыйных курсаў яна спалучала з працай мастака ў краязнаўчым музеі. У 1927 г. Ніна Барысаўна стала студэнткай літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта БДУ. Ва універсітэце прыйшла да яе вялікая любоў да роднай літаратуры, якая напоўніла радасцю, святлом дзесяцігоддзі самаадданай творчай працы. Разам з Hінай Барысаўнай вучыліся П.Глебка, К. Крапіва, М. Лужанін, Я. Скрыган, П. Трус.

Хуткае развіццё Дзяржаўнай 6ібліятэкі, фарміраванне яе як нацыянальнага бібліяграфічнага цэнтра далі магчымасць Ніне Барысаўне актыўна ўдзельнічаць у розных 6ібліяграфічных працэсах і формах работы. Так, разам з супрацоўнікамі аддзела яна складала каталогі і картатэкі, вяла даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне. Невыпадкова здольную маладую супрацоўніцу дырэктар бібліятэкі І.Б. Сіманоўскі прыцягнуў да удзелу ў часопісе "Кніга – масам", у якім у 1932 г. быў надрукаваны яе першы артыкул, прысвечаны пытанням афармлення кніг. 3 таго часу Ніна Барысаўна сістэматычна друкуецца ў перыядычных выданнях, імкліва пашыраецца кола яе прафесіянальных інтарэсаў. Напружаная, плённая праца ў ДБ БССР была перарвана арыштам у 1936 г. мужа Ніны Барысаўны – А.І. Саўчанкі, які пісаў дысертацыю пра вядомага беларускага пісьменніка З. Бядулю. Насталі гады вымушанага выгнання. Ніна Барысаўна працавала ў краявой бібліятэцы Архангельска, мастаком у Кіраве, у педвучылішчы г. Ульянаўска. У гады вайны А.І. Саўчанка загінуў на фронце. Ніна Барысаўна загадвала бібліятэкай эвакашпіталя ў г. Мелекесе Ульянаўскай вобласці.

У 1945 г. яна прыехала ў зруйнаваны Мінск, вярнулася на работу ў ДБ БССР. Разам з былымі i новымі калегамі аднаўляла фонд бібліятэкі, даведачна-бібліяграфічны апарат.

Завяршэнне асноўных аднаўленчых работ дазволіла Ніне Барысаўне цалкам заняцца літаратурнай бібліяграфіяй. Яна з радасцю адзначыла пашырэнне радоў беларускіх пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, з’яўленне новых літаратурных імён i твораў, xyткi рост выданняў мастацкай літаратуры. У той жа час яна бачыла бібліяграфічную незабяспечанасць літаратуры i страты, якія цярпела ад такога стану работа бібліятэк, навука.

Першачарговай задачай Ніна Барысаўна ставіла стварэнне персанальных паказальнікаў, якія дапамаглі б вывучаць i папулярызаваць творчасць вядомых беларускіх пісьменнікаў сярод шырокіх чытацкіх колаў. Першы кароткі бібліяграфічны паказальнік "Якуб Колас", які выйшаў у 1952 г. спачатку ў Мінску, затым у Маскве, быў разлічаны на шырокую папулярызацыю творчасці паэта. У наступным годзе з’явіўся ў Мінску бібліяграфічны даведнік "Янка Купала". Да 1983 г. выйшлі з друку 22 персанальных бібліяграфічных дапаможнікi. Яны былі прысвечаны М. Багдановічу, П. Броўку, П. Глебку, Я. Коласу, Я. Купалу, А. Куляшову, К. Крапіве, М. Лынькову, П. Панчанку, П. Пестраку, М. Танку, П. Трусу, К. Чорнаму, І. Шамякіну. Значэнне гэтых дапаможнікаў у тым, што бібліёграф выявіла i сістэматызавала надрукаваныя тэксты пісьменнікаў, літаратуру аб ix, літаратуразнаўчыя i крытычныя публікацыі. Комплекс персанальных дапаможнікаў, створаных Н.Б. Ватацы, неаднародны па функцыянальна-мэтаваму прызначэнню. Так, серыя памятак чытача "Пісьменнікі БССР", у складзе якой выйшлі памяткі аб 12 пісьменніках, па жанру павінна ўяўляць сабой рэкамендацыйную бібліяграфічную інфармацыю. Гэта былі паказальнікі выданняў, у т.л. перакладаў на мовы народаў СССР i замежныя, i асноўнай літаратуры аб пісьменніках. Не ўсе выпускі былі анатаваныя. Рысы рэкамендацыйнай бібліяграфічнай інфармацыі больш праявіліся ў памятках аб Я. Коласу, П. Панчанку, П. Трусу, якія былі адрасаваны настаўнікам. Аднак, увогуле гэтыя дапаможнікі не адпавядалі заяўленаму жанру i яскрава выявілі схільнасць складальніцы да бібліяграфавання з мэтай забеспячэння патрэб спецыялістаў i навукоўцаў.

У 1957 г. Ніна Барысаўна стварыла першы агульны дапаможнік "Белорусская литература", які выйшаў у серыі рэкамендацыйных бібліяграфічных паказальнікаў Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У.І. Леніна i дзяржаўных бібліятэк саюзных рэспублік па прапагандзе нацыянальных літаратур.

У гэты перыяд Н.Б. Ватацы сумесна з Ф.А. Мерынай надрукавалі артыкул, прысвечаны дырэктару ДБ БССР, выдатнаму арганізатару бібліятэчнай i бібліяграфічнай справы ў рэспубліцы І.Б. Сіманоўскаму [1].У артыкуле "Агульнымі намаганнямі" [2] Ніна Барысаўна разгледзела актуальную для рэспублікі праблему арганізацыі каардынацыі i кааперавання пры складанні картатэк i бібліяграфічных дапаможнікаў паміж бібліятэкамі i навукова-даследчымі цэнтрамі. Яна адзначыла недастатковае развіццё галіновай навукова-дапаможнай бібліяграфіі. Змест артыкулаў сведчыць аб шырыні праблем, вырашэнне якіх цікавіла Hіну Барысаўну, i ўменні выяўляць перспектыўныя напрамкі развіцця бібліяграфічнай дзейнасці.

Н.Б. Ватацы добра ведала стан бібліяграфічнай работы, імкнулася павысіць узровень бібліяграфічнай кваліфікацыі бібліятэкараў i бібліёграфаў, раскрыць для ix бібліяграфічныя рэсурсы, паказаць прыёмы эфектыўнага выкарыстання бібліяграфічнай інфармацыі. Таму ў прадмовах да ўcix складзеных ёю бібліяграфічных дапаможнікаў раскрываюцца магчымасці ix выкарыстання ў бібліятэках. Бібліятэкарам была адрасавана яе работа "Беларуская літаратура i работа з ёю ў масавых бібліятэках" (1958 г.). Гэта быў першы ў рэспубліцы дапаможнік, які ўсебакова i глыбока асвятляў прафесіянальныя бібліятэчныя пытанні папулярызацыі нацыянальнай мастацкай літаратуры. "Каштоўным дапаможнікам" было ахарактарызавана гэта выданне ў прэсе [3]. Можна падкрэсліць, што бібліятэкары атрымалі добры матэрыял аб бібліяграфічным забеспячэнні на той час мастацкай літаратуры i літаратуразнаўства.

Hінa Барысаўна прымала непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы бібліятэчных кадраў. 3 1946 па 1956 г. яна выкладала па сумяшчальніцтву на бібліятэчным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага.

Штогод у часопісах i газетах з’яўляліся бібліяграфічныя матэрыялы Ніны Барысаўны рознай тэматыкі, артыкулы па пытаннях гісторыі кнігі, кнігавыдавецтва, літаратуразнаўчыя публікацыі. У 50-я гады яна пачала сістэматычна даследаваць творчасць выдатнага беларускага паэта М. Багдановіча: сустракалася з многімі людзьмі, што мелі дачыненне да паэта, збірала рукапісныя, друкаваныя дакументы, фотадакументы, сярод якіх былі рэдкія i унікальныя, такія, як рукапісны зборнік "Зеленя", складзены з 22 вершаў, перакладзеных Багдановічам на рускую мову, i адзіная прыжыццёвая кніга "Вянок". Новыя матэрыялы аб паэце Ніна Барысаўна друкавала ў перыёдыцы, у найцікавейшых, таленавіта напісаных кнігах "Шлях паэта" (1975 г.) i "Песня Максіма" (1981г.). Літаратурныя адкрыцці Ніны Барысаўны ў многім залежалі ад прафесіяналізму i інтуіцыі выдатнага бібліёграфа.

Багаты бібліяграфічны вопыт, літаратурная эрудыцыя дазволілі Ніне Барысаўне скласці шэраг навукова-дапаможных паказальнікаў, што сталі новымі звеннямі ў беларускай літаратурнай 6ібліяграфіі. Два выпускі – "Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі" (1917–1960) i "Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі" (1961–1968) [4, 5] – былі прысвечаны ўліку паасобных выданняў мастацкай літаратуры, затым выйшлі паказальнікі "Беларуская савецкая драматургія" (1945–1965) i "Беларуская драматургія" (1966–1986) [6, 7]. Дапаможнік "Беларускае літаратуразнаўства i крытыка" (1945–1963) [8] адлюстраваў літаратуразнаўчыя i крытычныя выданні. Комплекс гэтых выданняў адрасаваны даследчыкам, аспірантам, студэнтам, бібліятэкарам.

У даведнік "Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі" ўключаны звесткі аб кнігах, якія напісаны на беларускай i рускай мовах, i кнігах аўтараў, членаў Саюза пісьменнікаў БССР, якія друкаваліся ў іншых рэспубліках i за мяжой. Не ўключаліся даныя аб савецкіх перавыданнях твораў дарэвалюцыйнай беларускай мастацкай літаратуры. Бібліяграфічная інфармацыя аб творах кожнага аўтара прадстаўлена арыгінальнымі выданнямі, перакладамі на мовы народаў СССР, на замежныя мовы. У гэтых даведніках адлюстраваны арыгінальныя выданні анталогій, альманахаў, зборнікаў i ix пераклады на мовы народаў СССР. У структуры двух выпускаў аднолькавымі з’яўляюцца такія галоўныя раздзелы, як "Кнігі пісьменнікаў Савецкай Беларусі", "Альманахі, анталогіі i збopнікі беларускай савецкай літаратуры". У першым выпуску ў асобных раздзелах былі прадстаўлены партызанскія выданнi і беларускія часопісы, у якіx друкаваліся творы мастацкай літаратуры. Аўтарскія рубрыкі ў раздзелах "Кнігі" гэтых даведнікаў даюць прынятае літаратурнае імя, у дужках поўнае імя, імя па бацьку, прозвішча, звесткі аб псеўданімах, даты жыцця. Напрыклад, Чорны Кузьма (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) 7 ліпеня 1900 г. – 22 лістапада 1944 г. Працуючы над рознымі бібліяграфічнымі дапаможнікамі, у тым ліку над тымі, якія разглядаюцца цяпер, Ніна Барысаўна раскрыла шэраг псеўданімаў, i гэта ў сваю чаргу дапамагло ёй удакладніць многія факты ў гісторыі беларускай літаратуры. Дакладнасцю ў даведніках "Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі" вызначаюцца анатацыі да зборнікаў прозы, паэзіі i драматургіі аднаго аўтара. У анатацыі да кожнай такой кнігі пералічаны ўключаныя творы, пры анатаванні паэтычных зборнікаў названы паэмы i дадзены звесткі аб часе напісання вершаў. Выключны інтарэс прадстаўляюць дапаможныя паказальнікі. Змест бiблiягpaфiчныx даведнікаў дакладна сведчыць, што дапаможныя паказальнікі Hінa Барысаўна разглядала не як другарадны элемент, а як ёмкую, шматфункцыянальную пошукавую сістэму i ставіла ix у шэраг з галоўнымі paздзeлaмi. Так, у першым i другім выпусках "Мастацкай літаратуры Савецкай Беларусі" змешчана па 10 дапаможных паказальнікаў. У першым выпуску гэта: імянны паказальнік; алфавітны паказальнік альманахаў, анталогій i зборнікаў; пaкaзaльнiк кніг, выдадзеных для дзяцей; паказальнік выданняў для сляпых; паказальнік мемуарнай літаратуры, месцаў выданняў, моў (апрача беларускай), творчых арганізацый i аб’яднанняў пісьменнікаў БССР; паказальнік выдавецкіх серый; храналагічны пaкaзaльнiк. У другім выпуску "Мастацкай літаратуры Савецкай Беларусі" маюцца такія новыя дапаможныя паказальнікі, як пaкaзaльнiк кніг, якія атрымалі дзяржаўныя прэміі; паказaльнiк кніг бeлapycкix пісьменнікаў, адзначаных дыпломамі Усесаюзных конкурсаў за высокі ўзровень мастацкага афармлення i пaлiгpaфiчнaгa выканання. Асаблівасцю дапаможных паказальнікаў другога выпуску з’яўляецца тое, што яны ахопліваюць матэрыялы першага выпуску, таму што нумарацыя ў iм працягваецца. Гэты прыём значна пaвялiчыў ёмкасць i пошукавыя магчымасці кожнага дапаможнага паказальніка. Па аб’ёму дапаможныя паказальнікі ў другім выпуску даведніка "Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі" займаюць 105 старонак. Насычанасць ix пошукавымі элементамі таксама сведчыць аб дасканаласці методыкі. Напрыклад, у імянным паказальніку не толькі мaкciмaльнa поўна адлюстраваны прозвішчы аўтараў, у т.л. аўтараў, творы якіх увайшлі ў з6opнiкi (другі раздзел), хаця змест гэтых выданняў не раскрываўся ў анатацыях. У гэтым паказальніку вызначаны кнігі, у якіх меліся біяграфічныя ці літаратурна-крытычныя артыкулы, прысвечаныя аўтарам. У гэтым жа імянным пaкaзaльнікy была закладзена інфармацыя для пошуку выданняў з партрэтамі.

Выхад даведнікаў "Мастацкая літapaтypa Савецкай Белаpycі" стаў значнай падзеяй у літаратурным і бібліягpaфічным асяроддзі. У рэспубліканскіх і ўсесаюзных чacoпіcax і газетах з’явіліся грунтоўныя рэцэнзіі, напісаныя вядомымі літаратуразнаўцамі, крытыкамі і бібліёграфамі В. Буранам, С. Варановічам, Я. Саламевічам і іншымі.

Да названых дапаможнікаў блізкі выдадзены ў 1966 г. даведнік "Беларуская савецкая драматургія" [6]. Гэты дапаможнік, як і іншыя работы Hіны Барысаўны, не меў папярэдніх узораў у беларускай літаратурнай бібліягpaфіі. Было ўлічана 552 драматургічныя творы і літаратура аб іx за 1917–1965 гг. Кароткія звесткі аб п’есах, якія друкаваліся ў газетах, але не перавыдаваліся, адзначаны ў падтэкставых заўвагах. У гэтым дaпaмoжнікy Hінa Барысаўна адступіла ад звычайнага свайго правіла займацца тoлькі бібліяграфаваннем дакументаў савецкага часу. У адносінах да пісьменнікаў, творчасць якіх пачалася ў дакастрычніцкі час, напрыклад, З. Бядулі, Ц. Гартнага, У. Галубка і іншых, яна адлюстравала драматургічныя творы за ўвесь час.

Адметнай рысай даведніка стала ўключэнне ненадрукаваных дpaмaтypгічныx твораў, якія былі пастаўлены тэатрамі і разглядаліся крытыкай ("На Купалле" М. Чарота, "Сержант Дроб" Э. Самуйлёнка, "Бітвa ў космасе" M. Гaмoлкі і іншых).

У гэтым дапаможніку Н.Б. Ватацы знайшла новыя магчымасці сінтэзу першаснай і другаснай інфармацыі. У бібліяграфічным зaпіce, акрамя апісання і анатацыі, яна дае звесткі аб пастаноўках, колькасці дзеючых асоб, пералічвае публікацыі п’есы, уключаючы публікацыі ўрыўкаў і выданняў на ратапрынце, крытычныя артыкулы, рэцэнзіі і водгукі на п’есу і спектакль, літаратуру пра драматургію аўтара ў цэлым. В. Буран назваў такі метадычны прыём "даведнікам у даведніку" [9].

Бібліягpaфічны даведнік "Беларуская драматургія" [7] з’явіўся працягам папярэдняга дапаможніка. Ён змяшчае інфармацыю аб драматургічных творах, апублікаваных, пастаўленых або прарэцэнзаваных за перыяд 1966–1986 гг. Усяго ўлічаны 931 драматургічны твор, у параўнанні з першым выпускам прадстаўлены 83 новыя аўтары. Даведнік складаецца з двух раздзелаў. У першым адлюстраваны творы асобных драматургаў, іx публікацыі і пастаноўкі, ацэнка ў друку. Другі раздзел інфармуе аб агульнай крытычнай літаратуры па пытаннях беларускай драматургіі. Н.Б. Ватацы захавала метадычныя прыёмы стварэння бібліяграфічнага зaпіcy, выкарыстаныя ёю ў першым выпуску даведніка, прысвечанага драматургічным творам. У "Беларускай драматургіі" змешчаны дапаможныя паказальнікі: імянны, прадметна-тэматычны, геаграфічны, паказальнік аднаактовых п’ес. Групоўка ў асноўных раздзелах і дапаможныя паказальнікі ствараюць умовы для шматварыянтнага пошуку драматургічных твораў. Дапаможныя паказальнікі забяспечваюць пошук па двух выпусках бібліяграфічнага даведніка.

Лагічна дапоўніў навукова-дапаможныя паказальнікі тэкстаў мастацкіх твораў даведнік "Беларускае літаратуразнаўства і крытыка" [8]. У ім улічаны асобныя выданні навуковых даследаванняў, зборнікі крытычных артыкулаў, папулярныя кнігі і брашуры, успаміны, метадычныя дапаможнікі, аўтарэфераты дысертацый і бібліяграфічныя выданні, якія выйшлі ў 1945–1963 гг., часткова ў 1964 г. Адчуваючы патрэбу цэласнага адлюстравання развіцця літаратуразнаўства і крытыкі за савецкі перыяд, Н.Б. Ватацы ва "Уводзінах" дае агляд некаторых выданняў за даваенны перыяд, змяшчае іx пералік у падрадковых заўвагах. Бібліяграфічныя запісы размеркаваны па асноўных тэматычных раздзелах: "Тэорыя літаратуры", "Літаратура і фальклор", "Гісторыя літаратуры". У апошнім раздзеле прыменена дэталёвая сістэматызацыя матэрыялу па гісторыі беларускай літаратуры. Складзены чатыры дапаможныя паказальнікі, якія максімальна насычаны пошукавымі элементамі, напрыклад, невялічкі фрагмент з імяннога паказальніка: Сабаленка Р. Аб ім: 23 (аналіз мовы), 78, 80 (аўтабіягр.), ... фота: 80, 82, 85; Хемінгуэй Э. Аб ім: 45 (у ацэнцы Я. Купалы). Параўнаем методыку гэтага імяннога паказальніка з імянным паказальнікам у бібліяграфічным дапаможніку А. Мажэйкі і Л. Самасейкі "Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі замежных славянскіх народаў" (выд. АН БССР, 1963 г.). У адрозненне ад Н.Б. Ватацы складальнікі не прымянілі прадметнай канкрэтызацыі сувязі суб’екта і тэксту, таму дапаможны паказальнік уключае толькі пералік прозвішчаў. У бібліяграфічных дапаможніках І.І. Фалькоўскай "Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову", якія выйшлі ў двух выпусках 1967 і 1978 гг., у методыцы імяннога дапаможнага паказальніка выкарыстаны вопыт Н.Б. Ватацы. У першым выпуску гэтага паказальніка яна ўдзельнічала як рэдактар. Аднак ніхто ca складальнікаў не дасягнуў той глыбіні раскрыцця імянных рубрык, якая іcнye ў дапаможніках, створаных Н.Б. Ватацы.

Сплаў бібліяграфічнага майстэрства і таленту, веды даследчыка-літаратуразнаўцы дазволілі Hінe Барысаўне не толькі забяспечыць рэгістрацыю дакументаў, але даць максімальную інфармацыйную насычанасць элементаў бібліяграфічнага запісу, прадмовы, дапаможных паказальнікаў, падрадковых заўваг. Падкрэслім, што ў адносінах да паказальнікаў тэкстаў і шэрагу персанальных дапаможнікаў Н.Б. Ватацы выкарыстоўвала азначэнне "даведнік". Адзначым, што жанр бібліяграфічнага даведніка атрымаў адносна шырокае распаўсюджванне толькі ў апошнія гады. Н.Б. Ватацы не дала разгорнутага тлумачэння гэтага тэрміну, у большасці выпадкаў выкарыстоўвала яго ў прадмовах да дапаможнікаў. Прымяненне тэрміну "даведнік" сведчыць, што выдатная інтуіцыя дазволіла Hінe Барысаўне выключна дакладна зафіксаваць унікальную якасць створаных ёю тэкстаў, якія былі сінтэзам другаснай і першаснай інфармацыі. Гэта ўжо было паказана на прыкладзе распрацоўкі дапаможных паказальнікаў.

Многія бібліяграфічныя дапаможнікі, складзеныя Н.Б. Ватацы, маюць грунтоўныя прадмовы. Фактычна Hінa Барысаўна пісала ўводныя агляды, якія раскрывалі тэндэнцыі развіцця літаратуры, літаратуразнаўства, выдзяляла найбольш каштоўныя работы, прыводзіла новыя даныя па выданню і іншыя цікавыя, невядомыя нават даследчыкам, факты. Аб значэнні тaкіx уводных аглядаў для літаратурнай бібліяграфіі пісала вядомы бібліёграф К. Муратава, адзначаючы, што яны выходзяць за "бібліяграфічныя paмкі" [10]. Адчуваецца, што даследчыкі ставіліся да прадмоў Hіны Барысаўны як да літаратуразнаўчых прац і ў рэцэнзіях часам уступалі ў палеміку ў ацэнцы пэўных з’яў і фактаў, напрыклад, Дз. Бугаёў [11].

Бібліяграфічныя даведнікі Н.Б. Ватацы ў большасці не з’яўляюцца вычарпальнымі. Да крытэрыя максімальнай паўнаты бліжэй за ўсё выдадзены ў 1977 г. паказальнік "Максім Багдановіч" [12], даведнікі драматургічных твораў [6, 7]. Ніна Барысаўна заўжды акрэслівала крытэрыі ўліку. Яна добра разумела складанасць фарміравання сістэмы навукова-дапаможнай літаратурнай бібліяграфіі, значэнне паэтапнасці ў гэтай рабоце, і, галоўнае, неабходнасці для даследаванняў выбарачных паказальнікаў з пункту гледжання літаратурнай навукі.

Бібліяграфічныя дапаможнікі Н.Б. Ватацы не свабодны ад недахопаў: меліся пропускі, памылкі і памылкі друку, якія скрупулёзна былі вызначаны рэцэнзентамі. Не ўсе заўвагі былі справядлівымі. Папракаючы Ніну Барысаўну ў тым, што пачатковай датай уліку ў бібліяграфічным дапаможніку "Беларускае літаратуразнаўства і крытыка" яна ўзяла 1945 год, а не даваенны час, рэцэнзент напэўна не ўяўляў сабе ролю ідэалагічнага фактару ў літаратуразнаўстве і крытыцы той эпoxі і трагічнага ходу беларускай літаратурнай навукі. Не мог ён таксама ведаць і аб асабістай трагедыі сям’і Ватацы, стаўшай ахвярай у гэтых падзеях. Можна папракнуць рэцэнзента і за няўважлівасць, таму што бібліяграфічныя матэрыялы за даваенны перыяд былі прыведзены ва ўводзінах і ў падрадковых заўвагах. Часам літаратуразнаўцам хацелася, каб Ніна Барысаўна ў адным дапаможніку адлюстравала ледзь не ўвесь гісторыка-літаратурны працэс [11], што цалкам немагчыма.

У 70–80-я гады Н.Б.Ватацы шмат друкуецца, інтэнсіўна працуе ў літаратуразнаўстве і бібліяграфіі. Выйшлі цікавыя работы "Лев Толстой и Белоруссия" (1978 г.), "А.С. Пушкин и Белоруссия" (1979 г.) (сааўтар абедзвюх Н. Лапідус). З’явіўся зборнік гісторыка-літаратурных артыкулаў "Шляхі" (1986 г.). Н.Б. Ватацы падрыхтавала раздзел аб беларускім фальклоры для паказальніка "Литература и фольклор народов СССР" (М., 1975). У 1988 г. таксама ў Маскве выйшаў рэкамендацыйны бібліяграфічны паказальнік "Белорусская литература", складзены Нінай Барысаўнай сумесна з М. Каваленкай, Р. Сіпаковай [13].

Н.Б. Ватацы рэдагавала самы буйны ў нашай краіне рэтраспектыўны універсальны паказальнік "Кніга Беларусі: 1517–1917" (1986 г.). Яна таксама складала для яго анатацыі і напісала ўступны артыкул да другой часткі "Выданні на беларускай мове. XІX – пач. XX ст.".

Да вяршынь навукова-бібліяграфічнай культуры належыць паказальнік "Максім Багдановіч" (1977 г.), у якім зарэгістраваны творы, аўтографы і крытычная літаратура аб знакамітым беларускім паэце за перыяд 1908–1976 гг. Выдатнай асаблівасцю дапаможніка з’явіўся ўлік аўтографаў, бо ніводнае акадэмічнае выданне твораў М. Багдановіча не мела яшчэ зводнага вопісу аўтографаў у розных apxівax і кнігасховішчах. Усе часткі гэтага паказальніка насычаны вялікай па аб’ёму фактаграфічнай інфармацыяй, вывадамі ўласнага даследавання жыцця, творчасці і гісторыі літаратурнай спадчыны паэта. Выпраўлены памылкі, дапушчаныя іншымі даследчыкамі пры aпіcaнні яго творчай спадчыны.

Н.Б. Ватацы працягвала рэцэнзаваць новыя бібліяграфічныя дапаможнікі, друкавала артыкулы бібліяграфічнай тэматыкі ў энцыклапедыях. У 1973 г. надрукавала сумесна з В.С. Адамовіч вялікі артыкул "Библиографическая деятельность Государственной библиотеки БССР им. В.И. Ленина и Книжной палаты БССР за 50 лет" [14].

Ацэньваючы унікальны ўклад Н.Б. Ватацы ў стварэнне сістэмы літаратурнай бібліяграфіі, у распрацоўку яе методыкі, трэба выкарыстаць гэты каштоўны вопыт у падрыхтоўцы бібліёграфаў і далейшым развіцці бібліяграфічнага забеспячэння беларускай літаратуры.

3 жніўня 1997 г. на 90-м годзе жыцця Н.Б. Ватацы памерла.

Зыгмантовіч С.В., дацэнт кафедры
бібліяграфіі і дакументазнаўства
Беларускага ўніверсітэта культуры,

Саітава В.І., дацэнт кафедры
бібліяграфіі і дакументазнаўства
Беларускага ўніверсітэта культуры

Артыкул апублікаваны ў зборніку "Здабыткі" (Мінск, 1997. Вып. 2).

Бібліятэкарам