ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйМіжнародныя адукацыйныя і навуковыя праграмы, стыпендыі, грантыМіжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для спецыялістаў

Міжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для спецыялістаў

У гэтым раздзеле прапануецца інфармацыя пра замежныя і міжнародныя праграмы стыпендыяльнай падтрымкі для паслядыпломнай адукацыі, павышэння кваліфікацыі, прафесійнай стажыроўкі за мяжой, у якіх могуць удзельнічаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Міжнародныя стыпендыі Амерыканскай асацыяцыі жанчын з універсітэцкай адукацыяй (ЗША)

Амерыканская асацыяцыя жанчын з універсітэцкай адукацыяй прапануе гадавыя стыпендыі жанчынам, якія маюць вышэйшую адукацыю, для навучання і правядзення даследаванняў у ВНУ і навукова-даследчых установах ЗША.

Прыём заявак да 15 лістапада 2019 года.

Праграма мабільнасці для мэтанакіраваных межасобасных кантактаў (MOST)

Праект накіраваны на пашырэнне прафесіянальных кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і ЕС з мэтай абмену перадавым вопытам і паляпшэння ўзаемаразумення і дапускае фінансаванне паездак беларусаў у краіны ЕС у рамках міжнародных мерапрыемстваў, стажыровак, абменаў, наладжвання прафесійных сувязей. Заяўкі на ўдзел прымаюцца ад паўналетніх грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія працуюць у сферы культуры, адукацыі, навукі, тэхналогій і інш.

Прыём заявак – не менш чым за 4 месяцы да запланаванага мерапрыемства.

Праграма стыпендый “Эстафілус” (“Estophilus”)

Кандыдатам навук, аспірантам, магістрам, выпускнікам бакалаўрыята, зацікаўленым у вывучэнні мовы і культуры Эстоніі, прапануюцца стыпендыі для правядзення на працягу 2–5 месяцаў даследчай работы па тэматыцы, звязанай з Эстоніяй, або для збору матэрыялу па дадзенай тэматыцы ў адной з даследчых устаноў Эстоніі.

Прыём заявак да 1 кастрычніка 2019 года.

Праграма Х`юберта Хамфры на 2020-2021 гг.

Праграма дае беларускім спецыялістам магчымасць паехаць у ЗША на гадавую стажыроўку для правядзення навуковай работы і павышэння прафесійнага майстэрства. Конкурсныя дысцыпліны на 2020–2021 навучальны год: устойлівае развіццё, пабудова дэмакратычных інстытутаў, адукацыя, ахова здароўя.

Прыём заявак да 11 жніўня 2019 года.

Праграмы прафесійнай падрыхтоўкі МАШАВ (Ізраіль)

Ізраільскае агенцтва па развіцці міжнароднага супрацоўніцтва пры Міністэрстве замежных спраў Ізраіля запрашае прафесіяналаў на міжнародныя навучальныя курсы. Расходы на навучанне і знаходжанне ў Ізраілі аплачвае арганізатар.

Прыём заявак – на працягу года.

Стажыроўка ва Упраўленні Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) прапануе праграму стажыроўкі, накіраваную на павышэнне дасведчанасці ў галіне праў чалавека на міжнародным узроўні і фарміраванне ўяўлення пра дзейнасць ААН. Працягласць стажыроўкі – ад 2 да 6 месяцаў. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты старэйшых курсаў і выпускнікі ВНУ па спецыяльнасцях: міжнароднае права, паліталогія, гісторыя, сацыялогія. Кандыдаты павінны валодаць хаця б дзвюма з шасці афіцыйных моў ААН.

Прыём заявак да 30 красавіка і да 31 кастрычніка (штогод).

Стажыроўка ў арганізацыі “Урачы без межаў”

Арганізацыя “Урачы без межаў” праводзіць набор стажораў на платную стажыроўку ($15.00 у гадзіну) у сваім нью-ёркскім офісе летам ці восенню 2019 года. Стажоры будуць дапамагаць працы аддзелаў камунікацыі, развіцця, праграм, чалавечых рэсурсаў і выканаўчага аддзела. Стажоры атрымаюць вопыт практычнай работы, а таксама базавыя веды ў галіне міжнароднай медыцынскай гуманітарнай дапамогі і аховы.

Прыём заявак:

  • да 17 красавіка 2019 года – для стажыроўкі з 28 мая па 23 жніўня;
  • да 9 жніўня 2019 года – для стажыроўкі з 3 верасня па 20 снежня.

Стажыроўка ў Інтэрполе

Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (Інтэрпол) праводзіць набор студэнтаў на стажыроўкі, якія будуць праходзіць у Генеральным сакратарыяце арганізацыі ў Ліёне (Францыя) або ў рэгіянальных бюро. Стажоры атрымаюць магчымасць азнаёміцца з дзейнасцю Інтэрпола, даведацца пра прынцыпы міжнароднага паліцэйскага супрацоўніцтва і папрацаваць у мультыкультурным асяроддзі. Працягласць стажыровак – ад 6 да 11 месяцаў. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты або выпускнікі ВНУ па дысцыплінах, сумежных з дзейнасцю Інтэрпола.

Прыём заявак – на працягу года.

Стыпендыі для паслядыпломнага навучання для выпускнікоў ВНУ ўсіх спецыяльнасцей (праграма Германскай службы акадэмічных абменаў)

Стыпендыі прызначаны для паслядыпломнага навучання ў ВНУ Германіі пасля атрымання першай вышэйшай адукацыі з мэтай акадэмічнай і навуковай спецыялізацыі. Працягласць праграмы – ад 10 да 24 месяцаў. У конкурсе могуць удзельнічаць выпускнікі беларускіх ВНУ, а таксама саіскальнікі, якія на момант падачы заяўкі ўжо пачалі навучанне ў Германіі на першым курсе двухгадовай магістратуры.

Прыём заявак да 15 лістапада 2019 года.

Стыпендыі для паслядыпломнага навучання для выпускнікоў ВНУ эканамічных спецыяльнасцей (праграма Германскай службы акадэмічных абменаў)

Стыпендыя дае магчымасць прайсці поўны курс паслядыпломнага навучання ў галіне эканомікі і дзелавога адміністравання ў магістратуры ўстаноў вышэйшай адукацыі Германіі з прысуджэннем ступені “Master”. Працягласць праграмы – ад 18 да 24 месяцаў. У конкурсе могуць удзельнічаць выпускнікі эканамічных спецыяльнасцей беларускіх ВНУ.

Прыём заявак да 15 лістапада 2019 года.

Стыпендыі для паслядыпломнага навучання ў галіне архітэктуры (праграма Германскай службы акадэмічных абменаў)

Стыпендыя дае магчымасць прайсці стажыроўку (да 1 года) з мэтай павышэння прафесійнага майстэрства або курс навучання (ад 10 да 24 месяцаў) для атрымання ступені “Master” у адным з універсітэтаў Германіі. У праграме могуць удзельнічаць выпускнікі беларускіх ВНУ па спецыяльнасцях “Архітэктура”, “Дызайн інтэр'ера”, “Ахова і рэстаўрацыя гісторыка-культурнай спадчыны”, “Гарадское планаванне / горадабудаўніцтва”, “Рэгіянальнае планаванне”, “Ландшафтная архітэктура”, “Ландшафтнае планаванне”.

Прыём заявак да 30 верасня 2019 года.

Стыпендыі для паслядыпломнага навучання ў галіне выканальніцкага мастацтва (праграма Германскай службы акадэмічных абменаў)

Стыпендыя дае магчымасць прайсці стажыроўку (да 1 года) з мэтай павышэння прафесійнага майстэрства або курс навучання (ад 10 да 24 месяцаў) для атрымання ступені “Master” у адным з універсітэтаў Германіі. Праграма фінансуе толькі творчыя праекты. У конкурсе могуць удзельнічаць выпускнікі ВНУ па спецыяльнасцях “Акцёрскае майстэрства”, “Тэатральная рэжысура”, “Тэатральная драматургія”, “Мюзікл”, “Перформанс”, “Танец”, “Харэаграфія”.

Прыём заявак да 31 кастрычніка 2019 года.

Стыпендыі для паслядыпломнага навучання ў галіне выяўленчага мастацтва, дызайну, візуальнай камунікацыі і кінематаграфіі (праграма Германскай службы акадэмічных абменаў)

Стыпендыя дае магчымасць прайсці стажыроўку (да 1 года) з мэтай павышэння прафесійнага майстэрства або курс навучання (ад 10 да 24 месяцаў) для атрымання ступені “Master” у адным з універсітэтаў Германіі. Праграма фінансуе толькі творчыя праекты. У конкурсе могуць удзельнічаць выпускнікі беларускіх ВНУ па спецыяльнасцях “Выяўленчае мастацтва”, “Дызайн”, “Візуальная камунікацыя”, “Кінематаграфія”.

Прыём заявак да 30 лістапада 2019 года.

Стыпендыі для паслядыпломнага навучання ў галіне музыкі (праграма Германскай службы акадэмічных абменаў)

Стыпендыя дае магчымасць прайсці стажыроўку (да 1 года) з мэтай павышэння прафесійнага майстэрства або курс навучання (ад 10 да 24 месяцаў) для атрымання ступені “Master” у адным з універсітэтаў Германіі. У праграме могуць удзельнічаць выпускнікі беларускіх ВНУ па спецыяльнасці “Музыка”.

Прыём заявак да 15 кастрычніка 2019 года.

Стыпендыі Каталіцкага фонду акадэмічных абменаў (Германія)

Каталіцкі фонд акадэмічных абменаў у рамках праграмы “Усходняя Еўропа” прапануе стыпендыі для навучання, павышэння навуковай кваліфікацыі або правядзення даследаванняў у Германіі для студэнтаў-хрысціян, выпускнікоў ВНУ і маладых вучоных з Беларусі. Стыпендыяты могуць самастойна выбраць навучальную ці навуковую ўстанову Германіі. Абмежаванняў у выбары спецыяльнасці або дысцыпліны няма. Патрабуецца добрае веданне нямецкай мовы.

Прыём заявак да 15 студзеня і 30 чэрвеня (штогод).

Стыпендыі “Chevening” Урада Вялікабрытаніі

Праграма стыпендый “Chevening” прадугледжвае атрыманне ступені магістра ў адным з універсітэтаў Вялікабрытаніі. Стыпендыі прысуджаюцца спецыялістам з лідарскімі якасцямі, якія маюць высокія прафесійныя і акадэмічныя поспехі.

Прыём заявак да 5 лістапада 2019 года.

111