ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2014 годаВыстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2014" Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка

Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка

З 23 студзеня па 9 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіць выстаўка “На славу нашоï преславноï Украïни”, прымеркаваная да 200-годдзя з дня нараджэння ўкраінскага паэта і мастака Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі (1814–1861).

Юбілейная экспазіцыя складаецца з трох раздзелаў: “Спадчына Тараса Шаўчэнкі”, “Шаўчэнка – мастак” і “Шаўчэнказнаўства”. Налічвае каля 200 выданняў, сярод якіх зборнікі выбраных твораў, асобныя творы, літаратура пра жыццё і творчасць пісьменніка, багаты ілюстрацыйны матэрыял.

У першым раздзеле прадстаўлена 6 тамоў дванаццацітомнага Поўнага збору сачыненняў Тараса Шаўчэнкі (Кіеў, 2001), якія змяшчаюць усю вядомую на сённяшні дзень літаратурную спадчыну: паэтычныя, драматычныя і празаічныя творы; дзённік, аўтабіяграфію, артыкулы, археалагічныя нататкі, запісы народнай творчасці, лісты, дзелавыя паперы. У выданне ўваходзяць таксама творчыя напрацоўкі і падрыхтоўчыя матэрыялы класіка ўкраінскай літаратуры да твораў, якія не былі напісаны.

Тарас Шаўчэнка цікавіўся беларускай літаратурай і фальклорам, пра жыццё прыгонных беларусаў пісаў у аповесці “Музыка”. Яго паэзія паўплывала на творчасць Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, Я. Лучыны і інш. Творчасць украінскага паэта захапляла і натхняла М. Багдановіча, Я. Купалу, Я. Коласа. Да яго твораў звярталіся З. Бядуля, К. Крапіва, П. Броўка і іншыя беларускія пісьменнікі.

Асаблівую каштоўнасць для беларускіх чытачоў уяўляе першае беларускамоўнае выданне “Кабзара”, якое выйшла ў 1939 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР пад рэдакцыяй Я. Купалы і Я. Коласа. У яго ўвайшлі пераклады Я. Купалы і Я. Коласа, П. Броўкі, А. Куляшова, П. Глебкі, К. Крапівы.

Т. Шаўчэнка быў адным з самых выдатных майстроў украінскага жывапісу і графікі, заснавальнікам крытычнага рэалізму ва ўкраінскім мастацтве. Аўтар больш за 1 000 мастацкіх работ, у асноўным, гэта пейзажы, партрэты, жанравыя малюнкі. Т. Шаўчэнку было прысвоена званне акадэміка па гравіраванні. У раздзеле “Шаўчэнка – мастак” прадстаўлены цыкл афортаў “Маляўнічая Украіна”, які паказаў гісторыю, жыццё, побыт украінскага народа і прыроду роднага краю; альбомы рэпрадукцый, выданні, прысвечаныя асобе Т. Шаўчэнкі ў выяўленчым мастацтве.

Матэрыялы па жыцці і творчасці паэта і мастака размешчаны ў раздзеле “Шаўчэнказнаўства”.

Уся творчасць вялікага Кабзара сагрэта гарачай любоўю да Радзімы. Мінула 200 гадоў з дня нараджэння слаўнага сына ўкраінскага народа, але і сёння яго слова жыве сярод нас.

Бібліятэкарам