ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2014 годаВыстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2014" Міхаіл Юр\'евіч Лермантаў

Міхаіл Юр\'евіч Лермантаў

З 17 ліпеня па 31 снежня 2014 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (3-ці паверх, кальцавы калідор) арганізавана выстаўка “Недасказаны, вялікі, дзівосны...”, прымеркаваная да 200-годдзя з дня нараджэння рускага паэта, празаіка, драматурга і мастака М.Ю. Лермантава (1814–1841).

Юбілейная экспазіцыя налічвае звыш 200 дакументаў, сярод якіх зборы твораў, зборнікі выбраных твораў, асобныя выданні лермантаўскіх раманаў, паэм, драм, біяграфічныя і літаратуразнаўчыя даследаванні жыцця і творчасці Міхаіла Юр’евіча Лермантава.

Экспазіцыя аформлена ілюстрацыямі да лермантаўскіх твораў, партрэтамі, малюнкамі паэта і яго сучаснікаў.

Цэнтральнае месца экспазіцыі займаюць кнігі ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя, у асноўным гэта розныя зборы твораў класіка рускай літаратуры. Сярод іх асаблівую цікавасць выклікае Поўны збор твораў у адным томе з дароўным надпісам у вершаванай форме. Выданне 1903 года мае каленкоравую вокладку, аформленую ў стылі мадэрн і 40 арыгінальных ілюстрацый рускага вандроўніка і мастака А.А. Чыкіна.

Прадстаўлена яшчэ адна ўнікальная кніга – "Сачыненні" М.Ю. Лермантава ў адным томе з серыі “Рублевое издание”. Творы выйшлі ў 1891 годзе ў друкарні Глазунова, якая мела прывілей на выпуск зборніка паэта, што быў перададзены ў дар Санкт-Пецярбургскай гарадской думай “окончившимъ 30 мая 1913 года ученіе въ содержимыхъ городом народныхъ училищахъ”.

У экспазіцыю таксама ўвайшлі сучасныя выданні М.Ю. Лермантава. Разам з асобнымі выданнямі рамана “Герай нашага часу”, паэм “Мцыры”, “Дэман”, п’есы “Маскарад”, вершы “Барадзіно” прадстаўлены літаратуразнаўчыя даследаванні самых значных твораў М.Ю. Лермантава.

Творчасць рускага паэта была блізкай класікам беларускай літаратуры. Першыя пераклады на беларускую мову былі зроблены ў 20-х гадах ХХ стагоддзя. Вядомы пераклады Я. Коласа, А. Зарыцкага, А. Вялюгіна. На выстаўцы прадстаўлена кніга выбранай паэзіі М.Ю. Лермантава ў перакладзе А. Куляшова, у якую ўвайшлі паэмы “Мцыры” і “Дэман”. Выданне 1969 года багата ілюстравана. За гэтыя і некаторыя іншыя пераклады А. Куляшову прысуджана прэмія імя Янкі Купалы.

Частка экспазіцыі прысвечана лермантазнаўству. Неацэннай крыніцай даведачнай інфармацыі пра паэта з’яўляецца Лермантаўская энцыклапедыя – першая на рускай мове персанальная энцыклапедыя. Таксама ў экспазіцыю ўвайшлі працы вядомых даследчыкаў жыцця і творчасці паэта: П. Віскаватага, Б. Эйхенбаума, В. Міхайлава, ігумена Нестара (У. Кумыша), М. Катлярэўскага і інш.

Экспазіцыя дае магчымасць далучыцца да прыгожага, непаўторнага і дзівоснага свету лермантаўскай паэзіі.

Бібліятэкарам