ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2012 годаВыстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2012"Чарльз Дзікенс

Чарльз Дзікенс

Чарльз Дзікенс (1812–1870) – вялікі раманіст, яркі прадстаўнік крытычнага рэалізму ХIX стагоддзя, непараўнальны і праслаўлены чытальнік сваіх твораў, стваральнік тэатра аднаго акцёра, у якім ён аўтар, рэжысёр і акцёр.

Любоў чытачоў прыйшла да Ч. Дзікенса з моманту выхаду яго першага твора і доўжылася ўсё жыццё. Ім зачытваліся ў гарадах і аддаленых вёсачках, чыталі старыя і дзеці, чыталі ўсе саслоўі, з нецярплівасцю чакаючы чарговага выпуску часопіса, які публікаваў яго творы. Увесь калейдаскоп герояў, пачынаючы з фанабэрыстага арыстакрата і канчаючы беспрытульным валацугам, міма якіх раней пісьменнікі праходзілі раўнадушна, уся “апантаная сумятня бурлівых жыццяў” знайшлі сваіх зацікаўленых чытачоў у розных кутках зямнога шара.

Да 200-годдзя англійскага пісьменніка Чарльза Дзікенса Нацыянальная бібліятэка Беларусі прапаноўвае да ўвагі чытачоў кніжную выстаўку “Непараўнальны Дзікенс”. Юбілейная экспазіцыя налічвае каля 100 выданняў, сярод якіх зборнікі выбраных твораў, асобныя творы, выяўленчыя матэрыялы, літаратура пра жыццё і творчасць пісьменніка.

З прыжыццёвых выданняў прадстаўлены “David Copperfield” (1849), “Our mutual Friend” (1864).

Лепшыя творы пісьменніка “Приключения Оливера Твиста”, “Барнеби Радж”, “Жизнь и приключения Мартина Чезлвита”, “Крошка Доррит”, “Холодный дом”, “Посмертные записки Пиквинского клуба” прадстаўленыя ў серыях “Золотая классика” і “Зарубежная классика”.

Шматлікая і разнастайная літаратура пра жыццё і творчасци пісьменніка. Кніга Хескета Пірсана “Диккенс” (1963), якая выйшла ў знакамітай серыі біяграфій “Жизнь замечательных людей”, знаёміць з партрэтам Дзікенса – пісьменніка, рэжысёра, фокусніка і вялікага артыста, які прымушае гледачоў смяяцца да ўпаду і рыдаць да страты прытомнасці.

Кніга англійскага празаіка і літаратуразнаўца Энгуса Уілсана “Мир Чарльза Диккенса” (1975) – даніна стагоддзю з дня смерці вялікага пісьменніка. Гэта кніга пісьменніка пра пісьменніка, галоўным героем якой з’яўляецца Дзікенс.

Многія вялікія пісьменнікі былі выдаўцамі і рэдактарамі. Чарльз Дзікенс – у іх ліку. Вялікі раманіст, ён жа выдавец і рэдактар, кіраўнік і душа двух знакамітых часопісаў – “Домашнее чтение” і “Круглый год”, якія выходзілі адзін за адным дваццаць гадоў. З Дзікенсам выдаўцом і рэдактарам знаёміць кніга М.У. Урнова “Неподражаемый Чарльз Диккенс – издатель и редактор” (1990).

Выстаўка прызначана выкладчыкам і настаўнікам замежнай літаратуры, студэнтам і старшакласнікам, а таксама будзе цікавая ўсім аматарам англійскай літаратуры.

Бібліятэкарам