ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Вальтэр Скот

Вальтэр Скот

15 жніўня – 240 гадоў з дня нараджэння англійскага пісьменніка
Вальтэра Скота (1771–1832)

Літаратурная спадчына Вальтэра Скота вялізная. Незвычайнае багацце творчага ўяўлення, разнастайнасць і шырыня матэрыялу твораў, бясконцая колькасць гістарычных фактаў, якія леглі ў іх аснову, – усё гэта заўсёды выклікала і выклікае пачуццё здзіўлення перад шчодрым талентам пісьменніка.

Нарадзіўся Вальтэр Скот 15 жніўня 1771 г. у Эдынбургу ў сям’і заможнага шатландскага юрыста, нашчадка старадаўняга дваранскага роду. Ужо ў раннім узросце будучы пісьменнік вылучаўся жывым розумам і фенаменальнай памяццю. У гэты час Вальтэр жыў у Сандзіноў, на ферме дзеда, дзе пранікся духам шатландскай гісторыі, паэзіяй народных балад і легенд.

Здаўшы ў 1792 г. у Эдынбургскім універсітэце іспыты на званне адваката, В. Скот становіцца юрыстам. Аднак юрыдычная кар’ера яго мала цікавіла. Малады чалавек у гэты час захапляецца літаратурай і шатландскім фальклорам. У канцы 1790-х гг. ён публікуе зробленыя ім пераклады паэмы Бюргера “Ленора”, гістарычнай драмы Гётэ “Гец фон Берліхінген”. Першы арыгінальны твор Скота “Іванава ноч” апублікаваны ў 1797 г. Шатландскія песні і балады, сабраныя пісьменнікам, выдадзены ў зборніку “Песні Шатландскай мяжы” (1802–1803).

У перыяд 1805–1813 гг. выходзяць рамантычныя паэмы Скота “Песня апошняга менестрэля” (1805), “Марміён” (1808), “Дзева возера” (1810), “Рокбі” (1813), “Уладар астравоў” (1815) і іншыя. Гэтыя творы прынеслі яму славу знакамітага паэта.

У 1814 г. В. Скот выпадкова натрапіў на ўрыўкі рукапісу, пачатага ім яшчэ ў 1805 г. Гэта была першая спроба празаічнага твора. Пісьменнік вярнуўся да рукапісу і на працягу трох тыдняў скончыў свой першы гістарычны раман – “Уэверлі”. Кнігу ён выдаў ананімна, часткова – баючыся сапсаваць сваю трывалую рэпутацыю вядомага паэта, часткова – імкнучыся выклікаць да рамана павышаную цікавасць.

“Уэверлі” паклаў пачатак доўгай чарадзе гістарычных раманаў, якія выходзілі не менш як адзін на год. Усяго з 1814 па 1832 г. Вальтэрам Скотам напісана звыш дваццаці пяці гістарычных раманаў з мінулага Англіі, Шатландыі, Францыі і іншых краін: “Гай Мэнерынг,або Астролаг” (1815), “Антыквар” (1816), “Пурытане” (1816), “Роб Рой” (1817), “Эдынбургская турма” (1818), “Манастыр” (1820), “Кенілварт” (1821), “Пірат” (1821), “Певерыл Пік” (1823), “Квенцін Дорвард” (1823), “Вудстак” (1826), “Ганна Гейерштэйн” (1829) і інш.

Слава Скота расла з кожным годам, ён станавіўся прызнаным нацыянальным пісьменнікам. Памяркоўныя палітычныя погляды, а таксама сувязі з блізкімі да каралеўскага двара кругамі спрыялі добразычлівай увазе да яго каралеўскай сям’і. Жадаючы падкрэсліць яго выдатныя літаратурныя заслугі, прынц-рэгент дамогся для яго тытула баранета.

У 1827 г. выйшла 9 тамоў напісанай Вальтэрам Скотам біяграфіі Напалеона Банапарта. У сувязі з працай над гэтым творам пісьменнік здзейсніў паездку ў Англию і Францыю, дзе яго прымалі з вялікімі ўшанаваннямі. Вярнуўшыся на радзіму, ён выдае кнігу “Дзядулевы казкі”, займаецца выданнем збору сваіх сачыненняў (да 1929 г. выйшла 8 тамоў).

У пачатку 1830 г. здароўе пісьменніка рэзка пагоршылася. Пакінуўшы службу ў судзе і перайшоўшы на пенсію, ён атрымаў магчымасць увесь год праводзіць у сваім маёнтку ў Абатсфордзе. У 1831 г., прыслухаўшыся да парады лекараў, В. Скот ажыццявіў вялікае марское вандраванне. На зваротным шляху, у Лондане, яго хапіў моцны ўдар. У безнадзейным стане яго пераправілі ў Абатсфорд, дзе ён памёр 21 верасня 1832 г. Пахаваны пісьменнік у руінах Драйбургскага абацтва.

Бібліятэкарам