ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Тэадор Драйзер

Тэадор Драйзер

27 жніўня – 140 гадоў з дня нараджэння
Тэадора Драйзера (1871–1945),
амерыканскага пісьменніка

Тэадор Драйзер – адна з ключавых постацей амерыканскай літаратуры ХХ ст. Такая важная роля вызначылася некалькімі фактарамі. Пісьменнік, які цягнуўся да эпічнага размаху, захоўваў самую непрадузятую праўду жыцця. У яго творчасці выразна выяўлены аўтабіяграфічны пачатак. Драйзер працаваў у самых розных жанрах: як раманіст, навеліст, драматург, крытык, нарысіст, мемуарыст. Значны пласт у яго спадчыне – кнігі дакументальна-публіцыстычнага характару. Ён быў непадкупна адданы праўдзе, адхіляў хлуслівыя стэрэатыпы і шаблоны.

Тэадор Херман Альберт Драйзер нарадзіўся 27 жніўня 1871 г. у горадзе Тэры Хот (штат Індыяна). Бацькі Драйзера – Джон Драйзер (Іаган Паўль Драйзер, немец, які эмігрыраваў у ЗША ў 1846 г.) і Сара Шэнеб былі суўладальнікамі воўнапрадзільні. Пасля пажару, які знішчыў запасы воўны, бацька працаваў на будоўлі, дзе яго цяжка пакалечыла. З ранніх гадоў Драйзеру даводзілася мяняць прафесіі, а дакладней, зарабляць на жыццё некваліфікаванай манатоннай працай.

Улетку 1887 г. пасля заканчэння школы Драйзер адпраўляецца ў Чыкага. Тут яго адшукала былая настаўніца і заахвоціла ў 1889 г. паступіць у Індыянскі ўніверсітэт. Правучыўся ён усяго семестр, таму што на далейшае навучанне не хапала сродкаў.

Праз год Драйзер зноў вярнуўся ў Чыкага – працаваў клеркам, шафёрам, зборшчыкам платы, пакуль не ўладкаваўся вучнем рэпарцёра ў малатыражную газету “Дэйлі Глоб”. Пасля па рэкамендацыі ён перайшоў у рэспектабельную сент-луіскую газету “Глоб дэмакрат”. Малады Драйзер працаваў у газетах і часопісах Таледа, Пітсбурга, Нью-Ёрка. Два гады адпрацаваў у музычным часопісе “Эвры Манс”, арганізаваным яго братам Полем Дрэсерам.

Першая публікацыя Тэадора Драйзера адносіцца да 1897 г. – паўфантастычнае апавяданне “Зіхатлівыя рабаўладальнікі”. За тры гады ён напісаў 42 артыкулы і некалькі паэм. У 1899 г. яго ўключылі ў даведнік “Хто ёсць хто ў Амерыцы” як рэдактара, журналіста і пісьменніка.

У 1900 г. убачыў свет першы раман Драйзера “Сястра Керы”, які адкрыў новую старонку ў гісторыі амерыканскай літаратуры. У яго аснову пісьменнік паклаў жыццё сваёй сястры, якая ўцякла ў Канаду з жанатым касірам рэстарана. Такім чынам, Драйзер паўстаў супраць літаратуры “вытанчанай традыцыі”. З 1 250 надрукаваных экзэмпляраў рамана да чытачоў дайшлі толькі 450. Тым часам “Сястра Керы” выйшла ў Англіі, стала бестселерам і была перакладзена на ўсе еўрапейскія мовы, пасля чаго была выдадзена ў Штатах паўторна. Публіка прыняла раман з захапленнем. У 1911 г. Драйзер апублікаваў другі свой раман “Джэні Герхарт”, дзе прадоўжыў матывы “Сястры Керы”.

У пачатку 1910-х гг. Драйзер прыступае да рэалізацыі адной са сваіх галоўных творчых задум – да стварэння шырокага эпічнага палатна, якое ён назваў “Трылогія жадання”. Яна складалася з трох раманаў: “Фінансіст” (1912), “Тытан” (1914) і “Стоік” (1947). Апошні не быў завершаны і ўбачыў свет ужо пасля смерці пісьменніка.

У 1920-я гады ў творчасці Драйзера праглядваюцца відавочныя змены: ён пачынае глыбей пранікаць у сацыяльную сутнасць і рухаючыя сілы амерыканскага грамадства. Сведчанне таму – публіцыстычныя зборнікі “Дванаццаць мужчын” (1919) і “Бі, барабан!” (1920).

Вяршыняй творчасці Тэадора Драйзера з’яўляецца раман “Амерыканская трагедыя” – адзін з самых удалых вопытаў стварэння “вялікага амерыканскага рамана”. Публікацыя ў 1925 г. адразу ж стала сенсацыяй, а яе аўтар – знакамітасцю.

Увосень 1927 г. Драйзер едзе ў Расію, сустракаецца з Маякоўскім, Станіслаўскім, Эйзенштэйнам. Вынікам паездкі стала кніга нарысаў “Драйзер глядзіць на Расію” (1928).

У 1929 г. выходзіць двухтомны зборнік яго навел “Галерэя жанчын”. У 1932 г. надрукавана яго кніга пра трагедыю цэлага народа – “Трагічная Амерыка”. Таксама Драйзер бярэ ўдзел у стварэнні калектыўнага рэпартажу, прысвечанага бастуючым шахцёрам (“Гавораць гарнякі Харлана”, 1932).

У 1930 г. пісьменнік быў вылучаны на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры, але большасцю галасоў прэмію прысудзілі С. Льюісу.

У 1944 г. Амерыканская акадэмія мастацтваў і літаратуры ўзнагародзіла Драйзера ганаровым залатым медалём, які прысуджаецца раз у пяць гадоў за выдатныя дасягненні ў галіне мастацтва і літаратуры.

У ліпені 1945 г., незадоўга да смерці, Драйзер заяўляе пра ўступленне ў камуністычную партыю, прычым гэты крок ён называе выражэннем “логікі жыцця”.

28 снежня 1945 г. Драйзер памёр у Лос-Анджэлесе. На пахаванні выступалі Джон Говард Лоўсан і Чарлі Чаплін. Апошнім словам Драйзера стала завяшчанне, дзе ён прызначыў, каб тая невялікая маёмасць, якая застанецца пасля смерці Элен Драйзер, пайшла на дом для негрыцянскіх сірот.

Бібліятэкарам