ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Станіслаў Лем

Станіслаў Лем

Станіслаў Лем (1921–2006)
польскі пісьменнік-фантаст,
драматург, крытык, літаратуразнавец і філосаф

Станіслаў Лем нарадзіўся 12 верасня 1921 г. у горадзе Львове (у той час у Польшчы). Пасля заканчэння мужчынскай гімназіі з 1939 г. вывучаў медыцыну ў Львоўскім універсітэце (ужо ў СССР).

Падчас фашысцкай акупацыі Лем працаваў аўтамеханікам і зваршчыкам, удзельнічаючы ў групе супраціўлення нацыстам. Нягледзячы на яўрэйскае паходжанне, у ваенныя гады сям'і ўдалося пазбегнуць дэпартацыі ў гета дзякуючы падробленым дакументам. У 1945 г. Лем рэпатрыяваўся з тэрыторыі, пакінутай у складзе СССР, у Кракаў і прадоўжыў вывучэнне медыцыны ў Ягелонскім універсітэце.

У 1946 г. выйшаў ў свет першы твор пісьменніка-фантаста, напісаны яшчэ ў Львове – аповесць "Чалавек з Марса", а першы літаратурны поспех прыйшоў да Лема пасля публікацыі рамана "Астранаўты" ў 1951 г.

Творчасць Станіслава Лема падзяляецца на два перыяды: утапічны (з 1946 па 1956 г., у які ім былі напісаны рэалістычная трылогія "Нестрачаны час", навукова-фантастычны раман "Магеланава воблака" і шматлікія апавяданні) і антыўтапічны (з 1956 г., які ў сваю чаргу дзеліцца на тры этапы: літаратурна-філасофскі (1956–1971 гг.), літаратурна-эксперыментатарскі (1971–1988 гг.) і філасофска-публіцыстычны (з 1988 г.)).

З 1956 па 1971 г. Лемам былі апублікаваны раманы "Эдэм", "Рукапіс, знойдзены ў ванне", "Вяртанне з зорак", "Салярыс", "Непераможны", "Голас Госпада" і інш., аўтабіяграфічная аповесць "Высокі замак", цыклы апавяданняў "Зорныя дзённікі", "Кіберыяда", "Апавяданні пра пілота Піркса" і інш., а таксама літаратурна-філасофскія манаграфіі "Дыялогі", "Сума тэхналогіі", "Філасофія выпадку", "Фантастыка і футуралогія".

У 1973 г. першым з еўрапейцаў Лем быў абраны ганаровым членам амерыканскай асацыяцыі пісьменнікаў-фантастаў (SFWA), адкуль у 1976 г. яго выключылі па прыыне крытыкі навукова-фантастычнай літаратуры ў цэлым і амерыканскай у прыватнасці і асабліва.

З 1971 па 1982 г. Лемам былі апублікаваны "эксперыментатарскія" творы: зборнікі рэцэнзій і прадмоў "Абсалютны вакуум" і "Уяўная велічыня" да неіснуючых кніг, зборнікі апавяданняў, якія дапоўнілі ране выдадзеныя цыклы, раманы "Насмарк" і "Агляд на месцы".

У 1982 г., пасля ўвядзення ваеннага палажэння ў Польшчы, Станіслаў Лем з'ехаў на навучанне ў Заходні Берлін. З 1983 па 1988 г. ён з сям'ёй жыў у Вене (Аўстрыя), дзе напісаў два апошнія навукова-фантастычныя раманы: "Мір на Зямлі" і "Фіяска".

Пісьменнік вярнуўся ў Польшчу ў 1988 г. У 1990–2000-я гг. Лем у розных перыядычных выданнях публікаваў філасофска-публіцыстычныя артыкулы, частка з якіх пасля была выдадзена ў зборніках "Мілыя часы", "Sex Wars", "Молах", "Мой погляд на літаратуру" і інш.

Станіслаў Лем быў адзначаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі і літаратурнымі прэміямі (у т. л. вышэйшымі польскімі: Ордэнам Белага Арла (1996) і прэміяй Залаты Скіпетр (2001)). Яго ўшанавалі званнем ганаровага доктара (doctor honoris causa) Вроцлаўскі політэхнічны інстытут (1982), Апольскі ўніверсітэт (1997), Львоўскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (1998), Ягелонскі ўніверсітэт (1998), Універсітэт у Білефельдзе (2003, Германія). У 1997 г. Станіслаў Лем стаў ганаровым жыхаром Кракава.

Памёр Станіславаў Лем на 85-м годзе жыцця 27 сакавіка 2006 г. у кардыялагічнай клініцы ў Кракаве.

На надмагіллі ў адпаведнасці з яго пажаданнем выгравіраваны надпіс на лацінскай мове: "FECI QUOD POTUI, FACIANT MELIORA POTENTES" ("Я ЗРАБІЎ УСЁ, ШТО ЗМОГ; ХТО ЗМОЖА, НЯХАЙ ЗРОБІЦЬ ЛЕПШ").

Бібліятэкарам