ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Рабіндранат Тагор

Рабіндранат Тагор

7 мая – 150 гадоў з дня нараджэння
індыйскага пісьменніка, паэта і грамадскага дзеяча
Рабіндраната Тагора (1861–1941)

Рабіндранат Тагор – вялікі індыйскі паэт і мысліцель, чыя творчасць адыграла велізарную ролю як у мастацкім, так і ў грамадскім развіцці яго радзімы. Яго творы, поўныя жыццёвай праўды і праўдзівай паэтычнай прыгажосці, адкрылі новую бліскучую старонку ў гісторыі індыйскай культуры і назаўжды ўвайшлі ў залаты фонд сусветнай літаратуры.

Нарадзіўся Рабіндранат Тагор 7 мая 1861 года ў сталіцы Бенгаліі – Калькуце, у багатай, радавітай сям’і. Бацька будучага пісьменніка – Дзебендранат Тагор – быў чалавекам безумоўна шырокіх поглядаў і вялікай культуры.

З самага ранняга дзяцінства хлопчык захапляўся літаратурай і чытаў дзень і ноч. “Адной з вялікіх выгод маёй маладосці, – пісаў пасля будучы паэт, – была літаратурная і артыстычная атмасфера, якая панавала ў нашым доме”. У восем гадоў ён пачынае складаць вершы, вучыцца спачатку дома, затым – у прыватных школах, у тым ліку ва Усходняй семінарыі ў Калькуце, у педагагічным вучылішчы і Бенгальскай акадэміі, дзе вывучае бенгальскую гісторыю і культуру.

У 1878 г. была апублікавана эпічная паэма Тагора “История поэта” (“Kabikahine”). У тым жа годзе ён паехаў у Англію вывучаць юрыдычныя навукі, аднак праз паўтара года вярнуўся на радзіму і цалкам прысвяціў сябе літаратурнай дзейнасці.

У 1883 г. Тагор ажаніўся з Мрыналіні Дэві, ад шлюбу з якой у яго нарадзіліся два сыны і тры дачкі, выпускае свае першыя паэтычныя зборнікі “Вечерние песни” (“Sandhya Sangeet”, 1882) і “Утренние песни” (“Prabhat Sangeet”, 1883), якія паклалі пачатак яго паэтычнай кар’еры.

У 1901 г. Тагор пераехаў у Шанцінікетан, сямейны фальварак пад Калькутай, дзе разам з яшчэ пяццю настаўнікамі адкрыў школу (у 1921 г. яна пераўтварылася ў міжнародны ўніверсітэт). Тагор сумяшчаў выкладанне з літаратурнай работай, пісаў не толькі вершы, але і раманы, апавяданні, кнігі па гісторыі Індыі, падручнікі і артыкулы па пытаннях адукацыі.

Асноўныя празаічныя творы гэтага перыяду – раманы “Песчинка” (1902), “Крушение” (1905), філасофскі раман “Гора” (1907–1910 гг.). З 20 драм Тагора найбольшую вядомасць атрымалі “Жертвоприношение” (1890), “Король темного покоя” (1910), “Почта” (1912) і “Освобожденный поток” (1922).

Сусветная слава прыйшла да Р. Тагора пасля выхаду на англійскай мове зборніка рэлігійных вершаў “Гитанджали: жертвенные песнопения” (1912), за які ў 1913 годзе яму была прысуджана Нобелеўская прэмія.

Пасля Першай сусветнай вайны пісьменнік апублікаваў аповесць “Четыре главы” (1916), раманы “Дом і мір” (1915–1916), “Четыре части” (1934), зборнікі лірыкі “Снова” (1932), “Последняя октава" (1935), “Листья” (1936), “Вечерний светильник” (1938). Акрамя мастацкіх твораў, ён таксама з’яўляецца аўтарам шэрагу крытычных, публіцыстычных і філасофскіх артыкулаў і музычных кампазіцый. Велізарная яго заслуга ў справе развіцця бенгальскай літаратурнай мовы.

У 20-х гадах Тагор ажыццявіў шэраг падарожжаў у Еўропу, Кітай, Японію і Лацінскую Амерыку; у 1930 г. наведаў Савецкі Саюз – вынікам гэтай паездкі сталі “Письма о России” (1931).

Верш Рабіндраната Тагора “Душа народа” стаў нацыянальным гімнам Індыі, песня “Моя золотая Бенгалия” – гімнам Народнай Рэспублікі Бангладэш. Калькуцкі ўніверсітэт прысудзіў Тагору ганаровую ступень доктара літаратуры, ён быў таксама ганаровым доктарам Оксфардскага ўніверсітэта.

Памёр Рабіндранат Тагор у Калькуце ў 1941 г. пасля працяглай хваробы.

Бібліятэкарам