ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Міхаіл Яўграфавіч Салтыкоў-Шчадрын

Міхаіл Яўграфавіч Салтыкоў-Шчадрын

27 студзеня – 185 гадоў з дня нараджэння рускага пісьменніка Міхаіла Яўграфавіча Салтыкова-Шчадрына

 

Творчасць вялікага рускага сатырыка Міхаіла Яўграфавіча Салтыкова-Шчадрына – з’ява знамянальная, народжаная асаблівымі гістарычнымі ўмовамі Расіі 50–60-х гадоў XIX стагоддзя. Пісьменнік, рэвалюцыйны дэмакрат, Шчадрын – яркі прадстаўнік сацыялістычнай плыні ў рускім рэалізме і, разам з тым, глыбокі псіхолаг па характары свайго творчага метаду.

Нарадзіўся Міхаіл Яўграфавіч Салтыкоў 27 студзеня 1826 г. у старой дваранскай сям’і ў сяле Спас-Кут Цвярской губерні. Быў шостым дзіцём калежскага саветніка Яўграфа Васільевіча Салтыкова. Маці, Вольга Міхайлаўна Салтыкова (у дзявоцтве – Забеліна), была дачкой маскоўскага купца. У дзесяцігадовым узросце ён паступіў у Маскоўскі дваранскі інстытут, а праз два гады быў пераведзены, як адзін з лепшых вучняў выхаванцам у Царскасельскі ліцэй.

У 1844 г., пасля заканчння навучання, Салтыков-Шчадрын быў залічаны на службу ў Ваеннае міністэрства. Літаратура ўжо тады займала яго значна больш, чым служба. Міхаіл Яўграфавіч становіцца супрацоўнікам перадавых часопісаў таго часу – “Отечественных записок” і “Современника”. Тут ён займаецца напісаннем рэцэнзій на дзіцячыя і вучэбныя выданні. У 1847–1848 гг. у часопісе “Отечественные записки” выходзяць яго першыя аповесці “Супярэчнасці” і “Заблытаная справа”. Вострыя назіранні над рэчаіснасцю таго часу, змешчаныя ў гэтых творах, прыцягнулі ўвагу ўлад. Пісьменнік быў звольнены са службы і адкамандзіраваны ў горад Вятку. Там ён правёў цэлых восем гадоў.

Толькі ў 1856 г.скончыўся тэрмін яго ссылкі. У тым жа годзе ён ажаніўся з дачкой губернатара Лізаветай Болцінай і вярнуўся ў Пецярбург. Ён зноў паступіў на службу ў Міністэрства ўнутраных спраў. Адначасова пісьменнік пачаў публікацыю “Губернскіх нарысаў”, якія выйшлі ў друк у часопісе “Современник” у 1856–1857 гг. пад псеўданімам “Надворны саветнік М. Шчадрын”.

З гэтага часу пра яго загаварыла ўся Расія. Нарысы выклікалі цэлы паток водгукаў у розных выданнях. Але даражэй за ўсё для Салтыкова былі артыкулы Чарнышэўскага і Дабралюбава.

Пасля “Губернскіх нарысаў” ён выпускае новы цыкл – “Нявінныя апавяданні”, а таксама п’есу “Смерць Пазухіна”. Апошняй кропляй, якая перапоўніла цярпенне ўлад, стаў цыкл сатырычных замалёвак “Пампадуры і пампадуршы” (1863–1874), у якім сатырык з’едліва высмейвае тых, хто імкнуўся схаваць сваю пустэчу за прыгожымі словамі.

Салтыкова пераводзяць начальнікам казённай палаты ў Разань, праз паўгода перамяшчаюць у Тулу, а менш чым праз год – у Пензу. Але тым не менш ён не пераставаў пасылаць у Пецярбург сатырычныя нарысы, якія рэгулярна з’яўляліся ў часопісе “Отечественные записки”. Нарэшце, у 1868 г. Салтыкоў быў канчаткова звольнены ў адстаўку ў чыне сапраўднага стацкага саветніка.

У снежні 1874 г. памірае маці пісьменніка, ён атрымлівае спадчыну, што дазваляе ўладкавацца жыць у Пецярбургу. Там ён становіцца адным з галоўных супрацоўнікаў часопіса “Отечественные записки”. Пасля смерці Някрасава ў 1877 г. ён займае пост адказнага рэдактара гэтага выдання. На старонках часопіса друкуе ўсе свае новыя творы.

На працягу наступных дваццаці гадоў Салтыков-Шчадрын стварае свайго роду сатырычную энцыклапедыю рускага жыцця. Нараўне з цыкламі нарысаў “Лісты аб правінцыі”, “Здані часу”, “Лісты да цётачкі” і “Дзённік правінцыяла ў Пецярбургу”, у яе ўваходзяць і творы буйной формы, перш за ўсё – “Гісторыя аднаго горада”. У гэтыя гады паступова складаецца і задума рамана “Паны Галаўлёвы”. Каб усыпіць пільнасць цэнзараў, пісьменнік таксама працуе над цыклам казак.

Апошнія дзесяцігоддзі жыцця Салтыкова-Шчадрына праходзяць у пастаяннай барацьбе з цяжкай хваробай – сухотамі. Ён памер 28 красавіка 1889 г. ва ўзросце 63 гадоў.

Сатыра Шчадрына заўсёды была на баку тых, хто змагаўся за трыумф справядлівасці і праўды. Пісьменнік верыў у перамогу несмяротных ідэй гуманізму і дэмакратыі.

Бібліятэкарам