ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Максім Адамавіч Багдановіч нарадзіўся 27 лістапада (старога стылю) 1891 г. у Мінску ў сям’і настаўніка і этнографа Адама Ягоравіча Багдановіча. Бацька паэта ў розны час быў загадчыкам гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску, выкладчыкам гісторыі культуры ў мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах у Яраслаўлі. Маці – Марыя Апанасаўна Мякота – скончыла ў Пецярбургу жаночую настаўніцкую гімназію, цікавілася літаратурай, нават спрабавала пісаць апавяданні. У 1892 г., калі Максіму было ўсяго шэсць месяцаў, сям’я пераехала ў Гродна, а ў 1896 г., пасля смерці Марыі Апанасаўны, якая хварэла на сухоты, – у Ніжні Ноўгарад.

Максім Багдановіч атрымаў грунтоўную хатнюю адукацыю. Яго бацька меў багатую бібліятэку, якая, нібы магніт, вабіла да сябе падлетка. З 1902 па 1907 г. юнак вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Гэты перыяд жыцця надзвычай важны для станаўлення яго як чалавека і паэта. Максім пачаў актыўна цікавіцца сваёй нацыянальнай мовай і культурай. Беларускую мову вывучаў па слоўніку І. Насовіча. Яго хросная маці – Вольга Епіфанаўна Сёмава – выпісвала з Беларусі газеты “Наша доля” і “Наша ніва”, якія істотна паўплывалі на фарміраванне светапогляду М. Багдановіча. Кожная сустрэча з гэтымі выданнямі была для Максіма чаканай і радаснай.

У 1907 г. адбылася значная падзея ў жыцці юнага М. Багдановіча – літаратурны дэбют на старонках газеты “Наша ніва”. Першым друкаваным творам 16-гадавога аўтара стала алегарычнае апавяданне “Музыка”.

З 1908 г. Максім жыў у Яраслаўлі. Там прадоўжыў вучобу ў гімназіі, дзе захапіўся антычнай літаратурай і вывучэннем замежных моў, цікавасць да якіх не губляў усё жыццё, авалодаў імі, каб чытаць тэксты ў арыгінале.

Гэтыя гады сталі аднымі з самых драматычных у лёсе М. Багдановіча: ад спадчыннай хваробы ў 1908 г. памёр брат Вадзім, а праз некаторы час, у 1909 г., захварэў на сухоты і сам паэт. У гэтым годзе ў “Нашай ніве” былі надрукаваны такія яго вершы, як “Над магілай”, “Лясун”, “Хрэсьбіны лесуна”, “Над возерам”, “Краю мой родны! Як выкляты Богам...” і іншыя.

Творчасць маладога паэта заўважыў і па-сапраўднаму ацаніў Я. Купала, прызналі талент і іншыя пісьменнікі. Вядомы вучоны-філолаг, акадэмік А. Шахматаў запрасіў яго паступаць у Пецярбургскі ўніверсітэт для вывучэння беларускай мовы, літаратуры і гісторыі. Горад з сырым кліматам не падыходзіў паэту з хворымі лёгкімі, таму Максім паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй у Яраслаўлі. Гэты перыяд навучання быў пазначаны выключна плённай літаратурна-крытычнай і публіцыстычнай дзейнасцю пісьменніка. Ён актыўна выступаў у рускім і ўкраінскім перыядычным друку, змяшчаў шматлікія рэцэнзіі, публіцыстычныя артыкулы, прысвечаныя пытанням гісторыі літаратуры, нацыянальным і грамадска-палітычным праблемам, пераклады і ўласныя мастацкія творы.

Адзіны прыжыццёвы зборнік М. Багдановіча “Вянок” убачыў свет у 1913 г. у віленскай друкарні Марціна Кухты. Гэта выданне стала важнай падзеяй у беларускай літаратуры і прынесла аўтару вялікі поспех, прызнанне і славу.

Восенню 1916 г. паэт прыехаў у Мінск. Кватараваў у З. Бядулі, які пазней пакінуў шмат успамінаў пра яго. Нягледзячы на хваробу, М. Багдановіч працягваў жыць беларускімі справамі, працаваў апантана і плённа. У гэты час ён напісаў вядомую паэму “Страцім-лебедзь”, распачаў працу над літаратурнай хрэстаматыяй для пачатковай школы, хацеў выдаць шэраг паэтычных зборнікаў, але здзейсніць гэтыя намеры не паспеў. У канцы 1917 г. з-за абвастрэння хваробы пакінуў Мінск і накіраваўся ў Крым. Лячэнне не дапамагло, і 25 мая 1917 г. М. Багдановіча не стала. Пахаваны знакаміты паэт у Ялце, на гарадскіх могілках.

Бібліятэкарам