ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2010 года Праслаўленыя імёныСоф’я Слуцкая (дзявочае Алелькавіч, па мужу Радзівіл; 1585, Слуцк – 1612), рэлігійная дзяячка, асветніца, беларуская праваслаўная святая, апошняя з княжацкага роду Алелькавічаў

Соф’я Слуцкая (дзявочае Алелькавіч, па мужу Радзівіл; 1585, Слуцк – 1612), рэлігійная дзяячка, асветніца, беларуская праваслаўная святая, апошняя з княжацкага роду Алелькавічаў

Соф’я Слуцкая паходзіла са славутага старажытнага роду, пачынальнікам якога лічыцца Аляксандр (Алелька), сын Уладзіміра Кіеўскага, унук Альгерда – вялікага князя літоўскага. Бацька Соф’і, князь Юрый Юр’евіч ІІ, быў жанаты з Кацярынай з роду Кішкаў. Ад гэтага шлюбу і нарадзілася дачка Соф’я – апошні парастак роду Алелькавічаў.

Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю князёўны: немаўляці не споўнілася нават года, калі памерла маці, адразу за ёй пайшоў з жыцця і бацька. Апеку над сіратой, якая стала багатай спадчынніцай, прынялі на сябе яе сваякі Хадкевічы: жмудскі стараста Юрый, пасля яго смерці – віленскі кашталян і брэсцкі стараста Геранім. Яны запазычылі князям Радзівілам значныя грашовыя сумы і хацелі выкарыстаць сваю апеку. Хадкевічы вырашылі выплаціць даўгі пасагам малалетняй Соф’і, таму яны і сасваталі адзінаццацігадовую дзяўчынку за нясвіжскага князя Януша Радзівіла, сына віленскага ваяводы Крыштафа. Перад вяселлем абвастрыліся фінансавыя спрэчкі двух знакамітых кланаў і Хадкевічы скасавалі заручыны сваёй выхаванкі. Аднак Радзівілы былі зусім не тымі людзьмі, з якімі можна было б так абысціся. Яны рашуча заявілі, што не жадаюць адмаўляцца ад багатай прыгожай нявесты і падалі на Хадкевічаў у суд. Рашэнне суда на карысць Радзівілаў вельмі ўдарыла па гонары апекуна Соф’і. Адносіны абвастрыліся, і абодва бакі пачалі рыхтавацца да лакальнай вайны. Вестка пра супрацьстаянне двух магнацкіх родаў дайшла да караля Жыгімонта ІІІ. Ён адправіў у Вільню паслоў, якія заклікалі ваяўнічых магнатаў да міру, але голас караля не быў пачуты. Усё Вялікае княства Літоўскае з нецярпеннем чакала, чым скончыцца гэтая сварка, а жыхары Вільні тым часам сталі паспешліва пакідаць горад.

Толькі дзеячы рэлігійных канфесій здолелі знайсці агульную мову: ва ўсіх уніяцкіх і праваслаўных храмах духавенства малілася за мірнае вырашэнне цяжбы.

І Бог пачуў усе малітвы: у вызначаны час войска Радзівілаў не пайшло на штурм і паміж магнатамі быў заключаны мір. Новы дзень вяселля прызначылі на 1 кастрычніка 1600 г., на свята Пакрова Багародзіцы, якой юная нявеста нібы ўручыла свой лёс. Соф’я Слуцкая і Януш Радзівіл павянчаліся па праваслаўным абрадзе ў адным з сабораў Брэста.

Адразу пасля вяселля княгіні даводзілася падоўгу заставацца адной: малады муж удзельнічаў спачатку ў шведскай, а пазней – у маскоўскіх войнах. Уцехай і суцяшэннем тых дванаццаці год, што правяла Соф’я ў шлюбе, былі беззапаветная вера і служэнне праваслаўю. Свой родны горад яна ператварыла ў цвярдыню веры: тут, акрамя Слуцкага Троіцкага манастыра, дзейнічала 15 праваслаўных цэркваў. Маладая княгіня не толькі аказвала матэрыяльную і маральную падтрымку духавенству і слуцкім вернікам, якія аб’ядналіся ў Праабражэнскае брацтва, каб процістаяць уніі, але і сама прымала ўдзел у яго справах. Яна выдзяляла сродкі для пабудовы храмаў і бальніц для бедных, учыняла паломніцтвы ў святыя месцы. Соф’і ўдалося пры дапамозе мужа атрымаць каралеўскую грамату, якая забараняла далучэнне праваслаўных вернікаў да уніі ў княгініных уладаннях. Такім чынам Слуцк застаўся адзіным горадам Паўночна-Заходняга краю, які захаваў цэласнасць, чысціню і недатыкальнасць вучэння, што асвяціла землі рускія ў 988 г. Дзякуючы дзейнасці княгіні гэты горад паступова стаў рэлігійным і царкоўна-адміністрацыйным цэнтрам Белай Русі.

Соф’я была апошняй прадстаўніцай роду Алелькавічаў. 19 сакавіка 1612 г. яна памерла пры родах. Княгіню пахавалі ў Слуцкім Троіцкім манастыры. Хутка сярод гараджан пайшлі чуткі пра дзівосы, што адбываліся ля труны. Цудам ахвотна верылі, таму што памяталі, як слабай жанчыне ўдалося зрабіць для Слуцка тое, што не кожнаму мужчыне было па сілах. Менавіта тады Соф’ю пачалі ўшаноўваць як святую, але кананізавалі княгіню значна пазней, у 1984 г. Цяпер святыя мошчы праведнай Соф’і Слуцкай захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска. Дзень яе памяці адзначаецца 1 красавіка.

111